Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаюць дзейнічаць санкцыі Эўразьвязу


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ўступае ў сілу рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам. Яно было прынятае яшчэ летась у сьнежні паводле ініцыятывы Міжнароднай арганізацыі працы ў сувязі з парушэньнямі правоў беларускіх працоўных. Як адаб’ецца гэтае рашэньне на эканоміцы краіны?

15 чэрвеня Брусэль пацьвердзіў леташняе рашэньне. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, Беларусь не зьмяніла стаўленьня да правоў прафсаюзаў у пытаньні свабоды аб’яднаньняў. Між тым, як зазначана ў дакумэнце Эўракамісіі, гэта неад’емная частка гандлёвай палітыкі Эўразьвязу. Скасаваньне прэфэрэнцыяў, як лічаць у Брусэлі, закране 10 працэнтаў беларускага экспарту. Ільготная палітыка Эўразьвязу распаўсюджвалася, напрыклад, на такія беларускія тавары як мінэральныя ўгнаеньні, лес, тэкстыль, адзеньне. З гэтага вынікае, што санкцыі закрануць, у прыватнасьці, лёгкую прамысловасьць.

У канцэрне “Беллегпрам” пра гэта ведаюць й прагназуюць эканамічныя страты. Памочнік кіраўніка канцэрну Натальля Дырман:

“Будуць, вядома. Але ня вялізныя – не 50, ня 30, ня 40 працэнтаў. На тое, што мы экспартуем у Эўразьвяз, і будуць паднятыя мыты. Пераважна ў Эўразьвяз ідзе прадукцыя швейнай прамысловасьці, тканіна. У нас вялікіх страт ня будзе”.
”Пакуль пастаўкі ў Заходнюю Эўропу маюць характар прэстыжу, а не аб’ёмнай працы”
Магілёўскае прадпрыемства “Магатэкс”, якое выпускае тканіну, карысталася прэфэрэнцыямі Эўразьвязу. Сярод спажыўцоў яго прадукцыі – такія краіны як Польшча, Літва, Італія, Чэхія. Аднак “Магатэкс” пастаўляе на эўрапейскі рынак усяго каля трох працэнтаў свайго экспарту. Таму, як паведаміў намесьнік камэрцыйнага дырэктара Аляксандр Шамрай, вялікай бяды ад санкцыяў Эўразьвязу яны не чакаюць:

“У нас няма разьвітага гандлю з Заходняй Эўропай, каб гэта так тычылася. У нас асноўны гандаль – Расея, Украіна. Нешта будзе, але ўсё гэта можна замяніць, дывэрсіфікаваць. Пакуль пастаўкі ў Заходнюю Эўропу маюць характар прэстыжу, а не аб’ёмнай працы”.

Паводле інфармацыі Эўракамісіі, мыта для беларускіх тавараў павялічыцца на 3 працэнты. Якія страты ў цэлым панясе беларуская эканоміка, прагнозы экспэртаў розьняцца. Напрыклад, эканаміст недзяржаўнага Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Алена Ракава, мяркуе:
“Калі б гэта не было так балюча, то беларускія ўлады не рабілі б столькі шуму вакол гэтага пытаньня.”
“Я магу сказаць, што страхі пра вялікія страты Беларусі моцна перабольшаныя. Я зьяўляюся прыхільнікам тых разьлікаў, што Беларусь страціць максымум 30 мільёнаў даляраў. То бок, гэта небясьпечна хутчэй не з эканамічнага, а палітычнага пункту гледжаньня як прэцэдэнт. Сёньня выключылі з адной сыстэмы – заўтра могуць быць прынятыя і іншыя рашэньні”.

А вось як ацэньвае наступствы для Беларусі ад рашэньня Эўразьвязу кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

“Прынцыпова гаворка ідзе, можа, пра 100 мільёнаў даляраў, калі мы гаворым пра прамыя кошты. Усё будзе залежаць ад таго, ці будуць захаваныя давальніцкія схемы з сыравінай і перапрацоўкай. Калі сёньня, то гэта так. Але вось назаўтра, праз два гады, мы можам страціць цэлыя галіны, цэлыя прадпрыемствы. Калі б гэта не было так балюча, то беларускія ўлады не рабілі б столькі шуму й крыку вакол гэтага пытаньня”. • Беларусь выключаць з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў , 18.06.2007 • А.Мілінкевіч: «Прэфэрэнцыі даюцца краінам, у якіх захоўваюцца пэўныя стандарты» , 16.06.2007
XS
SM
MD
LG