Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 20 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by гутараць пра магілёўскіх донараў, якія абвясьцілі папераджальны страйк супраць адмены льготаў.

“Чаго ганяць паветра, закон ужо падпісаны... раней трэба было страйкаваць і абурацца, чаго пісаць прэзыдэнту, пісалі б сваім дэпутатам, якія ладненька прагаласавалі “за” й зацьвердзілі закон”.

“Кроў няхай цяпер добраахвотна-прымусова акадэмія МУС здае”.

“Наўрад ці дапаможа... Цяпер донараў будуць гнаіць па БТ...”

“Ды якая розьніца... усё адно – як нашыя ўлады вырашылі, так і будзе. У нас ніякія страйкі не дапамогуць, пакуль будзем імкнуцца хаця б дзейнічаць, а так усё ціха і мірна, як што – дык адразу ў хатку”.

Чытачы сайту Нашай нівы абмяркоўваюць навіну пра тое, што сайт радыё Рацыя перайшоў на наркамаўку.

“Глупства. Маглі б даць кожнаму супрацоўніку кніжку “Клясычны правапіс-2005”.

“Вельмі прыемна, што сярод прыхільнікаў беларушчыны ёсьць і рацыянальныя людзі, якія сябруюць зь лёгікай, а ня толькі рамантычныя дон-кіхоты-лунацікі”.

“Ніхто, нідзе і ніколі не давёў навукова, што выбар "камуністычны/некамуністычны правапіс беларускай мовы" мае які-кольвечы ўплыў на паводзіны цяперашняга беларускага спажыўца. Таму любое рашэньне ў гэтай справе – чыстая палітыка, якая да пашырэньня рынку ("знайсьці новых чытачоў") ня мае ніякага дачыненьня”.

Аляксандар Брэчэк у сваім блогу на сайце telegraf.by разважаем пра барацьбу з карупцыяй у Беларусі: “...карупцыйныя справы ў Беларусі – гэта тя столькі насамрэч барацьба з карупцыяй, колькі інструмэнт палітычнай барацьбы за ўладу гаспадарчых і намэнклятурных клянаў з мэтай зьнішчэньня канкурэнтаў. А таксама вельмі зручны і своечасовы спосаб “выпусканьня пары” – маўклівай незадаволенасьці электарату. Асабліва ў крытычныя моманты эканамічных і палітычных крызысаў. Я пэўны, што з чаканым ускладненьнем зьнешне- і ўнутрыпалітычнай абстаноўкі ў краіне, карупцыйных працэсаў у Беларусі будзе рабіцца ўсё болей, і будуць яны гучнейшымі і больш выкрывальніцкімі. Хоць насамрэч нічога прынцыпова ня зьменіцца, бо калі карупцыяй заняцца па-сапраўднаму, дык можна зайсьці занадта далёка. Гэтак далёка й высока, што гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя наступствы ўжо для самой улады”.

Блогер Algizzz у сваім дзёньніку зьмяшчае навіну пра тое, што ў Беларусі выяўлены канал адмываньня грошай праз плястыкавыя карткі. Затрыманы грамадзянін Расеі, які апавёў, што езьдзіў у Беларусі здымаць грошы з картак, заведзеных на грамадзянаў Украіны. За гэта яму заплацілі 100 даляраў. У валізцы, якую ў затрыманага канфіскавалі, было 400 тысячаў даляраў. “Госпадзе, ну чаму! – піша Algizzz. – Ну дай мне такі ж самы шанец, калі ласка! Я не падвяду! Я ня буду разгульваць з валізкай, як гэты, відаць зусім згаладнелы грамадзянін Расеі. Не! Я знайду гэтай валізцы больш каштоўны спосаб ужытку!”

“Я да канца лёгіку не зразумеў, – камэнтуе адзін з чытачоў блогу. – І да чаго тут карткі? Яны што ж, па 200 баксаў даставалі? І ў чым крымінал? Напэўна, за псаваньне банкаматаў цяпер закрыюць”.

“У нас банкаматаў, якія даляры выдаюць, штукі тры на ўвесь Менск. Улічваючы тое, што з адной карткі яны выдаюць ня болей за 200 баксаў на дзень, гэты чалавек павінен быў тусіць па Менску пяць з паловаю гадоў”.

У ЖЖ-суполцы lulu_gov_by зьявіўся новы палітычны каляж пад назвай “Эўрапейскі марш”. Аляксандар Лукашэнка вядзе за сабой калёну пад лёзунгам “Разам з Эўропай – за свабоду ад газавага дыктату”.
XS
SM
MD
LG