Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: пра здароўе старых лепей думаць загадзя


Аляксей Знаткевіч, Прага Краінам Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу, у тым ліку Беларусі, у найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі пагражае сур''ёзны эканамічны крызіс, бо іх насельніцтва адначасова хутка зьмяншаецца і старэе. Такая выснова ўтрымліваецца ў справаздачы Ўсясьветнага банку.

Самі па сабе дэмаграфічныя зьмены ў краінах Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу ў апошнія гады мала чым адрозьніваюцца ад сытуацыі ў большасьці іншых індустрыяльных краінаў – нараджальнасьць падае, у той час як сярэдняя працягласьць жыцьця расьце.

Да прыкладу, паводле прагнозаў Усясьветнага банку, сярэдні ўзрост у Беларусі ў 2025 годзе будзе каля 43 гадоў, цяпер ён меншы за 37 гадоў. Працэнт насельніцтва, старэйшага за 65 гадоў, мае вырасьці зь менш чым 14 да больш чым 17. А агульная колькасьць насельніцтва Беларусі ў 2025 годзе, паводле прагнозу, скароціцца на 1 мільён 394 тысячы чалавек у параўнаньні з 2000 годам.

Падобныя дэмаграфічныя тэндэнцыі існуюць і ў шмат якіх краінах Заходняй Эўропы. Розьніца, аднак, у тым, што змагацца з гэтымі дэмаграфічнымі праблемамі краінам былога Савецкага Саюзу давядзецца, маючы значна меншыя рэсурсы, кажа адзін з аўтараў справаздачы, эканаміст Усясьветнага банку Гордан Бэчэрман:

“Калі сказаць проста, яны маюць значна менш грошай, каб кінуць на гэтую праблему, чым краіны Заходняй Эўропы. А па-другое, мы гаворым пра сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня і аховы здароўя, якія ўжо не ў такім добрым стане. То бок гэтая праблема кладзецца на сыстэмы, якія і цяпер ня вельмі добра працуюць”.

Паводле Бэчэрмана, каб пазьбегчы крызісу, урады краінаў, пра якія ідзе мова ў справаздачы, павінны забясьпечыць сур''ёзны эканамічны рост у найбліжэйшыя два дзесяцігодзьдзі. На думку эканаміста, ключавым момантам тут будзе рост прадукцыйнасьці працы, для чаго патрэбны эканамічныя рэформы і стварэньне лепшых умоваў для бізнэсу і інвэстыцыяў.

Гордан Бэчэрман таксама кажа пра неабходнасьць стварыць нашмат больш устойлівыя сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня і аховы здароўя. Пры гэтым, паводле яго, найбольш важна аддаць увагу здароўю цяперашняй моладзі і людзей сярэдняга ўзросту.

“Калі сёньняшнія 30-ці- і 40-гадовыя пастарэюць, важна, каб яны мелі адносна добрае здароўе. Нашыя досьледы паказалі, што доўгатэрміновыя выдаткі на лячэньне старых людзей нашмат, нашмат большыя, калі гэтыя людзі ўваходзяць у старасьць ужо з кепскім здароўем. На жаль, у шмат якіх краінах былога Савецкага Саюзу назіраецца пагаршэньне агульнага ўзроўню здароўя насельніцтва сярэдняга ўзросту”.
XS
SM
MD
LG