Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбыла місія Міжнароднай арганізацыі працы


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня, напярэдадні ўвядзеньня санкцыяў Эўразьвязу, у Менск прыбыла місія Міжнароднай арганізацыі працы. Яе ачольвае выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы Кары Тапіёла. Падчас рабочага візыту дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі ўраду і сацыяльнымі партнэрамі.

Міжнародная арганізацыя працы зрабіла выснову пра тое, што ў Беларусі парушаюцца правы незалежных прафсаюзаў. Гэта будзе мець вынікам санкцыі Эўразьвязу, якія пачнуць дзейнічаць ад 21 чэрвеня.

Пры такім разьвіцьці сытуацыі беларускі ўрад запрасіў у Менск місію Міжнароднай арганізацыі працы і паабяцаў працягнуць супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнэрамі ў краіне.

Падчас візыту місіі, які будзе доўжыцца да 23 чэрвеня, плянуецца абмеркаваньне падрыхтаванага ўрадам законапраекту “Аб прафсаюзах”.

МАП заклікае беларускі ўрад правесьці кансультацыі з усімі сацыяльнымі партнэрамі, каб у праект і практыку права ўнесьці дэмакратычныя зьмены.

Заўтра, калі пачнуць дзейнічаць санкцыі Эўразьвязу, місія возьме ўдзел у паседжаньні адмысловай Рады для ўдасканаленьня заканадаўства ў працоўнай і сацыяльнай сфэрах.

Алена Колас: “Урад даўно працуе над выкананьнем гэтых рэкамэндацыяў”.
Старшыня гэтай рады, першы намесьнік міністра працы Алена Колас, сказала, што журналістаў на гэтае паседжаньне ня пусьцяць. А ці пойдзе беларускі бок насустрач рэкамэндацыям МАП?

“Што значыць — пойдзем? Даўно працуе ўрад над выкананьнем гэтых рэкамэндацыяў. І на Міжнароднай канфэрэнцыі працы камітэт па нормах пацьвердзіў прагрэс у выкананьні шэрагу рэкамэндацыяў. Што значыць — пойдзем ці ня пойдзем? Мы ідзем, мы выконваем іх”, — заявіла спадарыня Колас.

Прэсавы сакратар Міністэрства працы Галіна Трафіменка сказала:

“Ніякага камэнтару для прэсы мы сёньня яшчэ даць ня можам. Мы ж ня ведаем, зь якім настроем, як пройдуць перамовы. Таму, можа быць, заўтра. Можа быць”.

Місія мяркуе сустрэцца зь міністрамі працы і замежных справаў. Паводле прадстаўніка Міжнароднай арганізацыі працы, пытаньне санкцыяў вырашана Эўразьвязам і яно ня ёсьць нагодай для сустрэчы.
Аляксандар Ярашук: “Толькі ў выпадку, калі насамрэч будуць выконвацца рэкамэндацыі, можна разьлічваць на нашу ініцыятыву вяртаньня прэфэрэнцыяў.”.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук таксама сустрэнецца зь місіяй МАП.

Спадар Ярашук не выключае, што беларускія ўлады і надалей будуць займацца маніпуляцыямі:

“Створаны прэцэдэнт, і нашаму ўраду трэба вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтай сытуацыі. Хай ім галава баліць. Яны стварылі сытуацыю, няхай і вырашаюць. Мы гатовыя на канструктыўнае ўзаемадзеяньне.

Мы заўтра распаўсюдзім нашу заяву з нагоды прыняцьця рашэньня Эўразьвязам. Толькі ў тым выпадку, калі насамрэч будуць выконвацца рэкамэндацыі, можна разьлічваць і на нашу ініцыятыву вяртаньня гэтых прэфэрэнцыяў. Вось толькі ў гэтым выпадку”.

Ад 21 чэрвеня Эўразьвяз скасоўвае гандлёвыя льготы для тавараў, якія экспартуюцца зь Беларусі. У зьвязку з гэтым імпарт зь Беларусі будзе абкладацца стандартнымі эўрапейскімі мытамі. Яны на 3 працэнты вышэйшыя за прывілеяваныя тарыфы, якімі Беларусь карысталася дагэтуль.

Раней Эўразьвяз адмяняў гандлёвыя прэфэрэнцыі для Бірмы ў 1999 годзе.


• Беларусь выключаць з Генэральнай сыстэмы гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу, 18.06.2007 • Эўразьвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў, 16.06.2007 • Беларусь – другі выпадак пазбаўленьня прэфэрэнцый пасьля Бірмы, 16.06.2007 • М.Залескі: ад адмены прэфэрэнцыяў мы страцім паўмільярда даляраў, 16.06.2007 • А.Мілінкевіч: "Прэфэрэнцыі даюцца краінам, у якіх захоўваюцца пэўныя стандарты", 16.06.2007 • Сэрж Гаяр: “Ніхто ня верыць у нейкі раптоўны прагрэс у Беларусі”, 16.06.2007
XS
SM
MD
LG