Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць уцекачоў, якія імкнуцца ў Беларусь, зьмяншаецца


Іна Студзінская, Менск Сёньня – Усясьветны дзень уцекача. Ён быў абвешчаны ў 2000 годзе паводле рашэньня Генэральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да праблемы ўцекачоў. Колькі ў Беларусі ўцекачоў і зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца?

На сёньняшні дзень у Беларусі афіцыйны статус уцекача атрымалі 798 чалавек з трынаццаці краінаў сьвету.

Найбольш мігрантаў з Аўганістану (прыкладна 75%), на другім месцы ўцекачы з Грузіі (10%), 5% — з Этыёпіі, 4% — з Таджыкістану, 3% — з Азэрбайджану. Астатнія 2—3% прыпадаюць на ўцекачоў з Ірану, Індыі, Лібэрыі, Руанды.

Ня кожны мігрант — уцякач

Мігрантаў у сьвеце шмат — амаль 200 мільёнаў, але сапраўдных уцекачоў сярод іх менш за 10%, тлумачыць супрацоўнік упраўленьня вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН Юры Маргун:

“Мігранты розных катэгорыяў — эканамічныя, экалягічныя, гэта людзі, якія імкнуцца ўладкаваць лепш жыцьцё. Ім, магчыма, таксама патрэбная падтрымка міжнароднай супольнасьці, але не абарона. А ўцекачы — гэта тыя людзі, якія ратуюцца ад перасьледу, якім неабходная абарона”.

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН разам зь беларускімі ўладамі ўкараняе мадэль міжнароднай сыстэмы абароны ўцекачоў.

Ю.Маргун: “Адна з найбольш вострых праблемаў – жытло”

Рэспубліка Беларусь далучылася да Міжнароднай канвэнцыі аб статусе уцекачоў у 2001 годзе. Прынялі законы, якія гарантуюць правы ўцекачоў на адукацыю, на мэдычнае абслугоўваньне.

Але праблемы застаюцца, кажа Юры Маргун:

“Адна з найбольш вострых — праблема жытла. Канечне, рэальнае напаўненьне абароны ўцекачоў вызначаецца эканамічнай магутнасьцю дзяржавы. Зразумела, што Беларусь, знаходзячыся ў няпростай эканамічнай сытуацыі, ня можа дапамагчы ўцекачам так, як гэта можа зрабіць больш заможная дзяржава”.

Сёлета прызнаныя ўцекачамі 2 чалавекі з 25

Пры канцы 1990-х гадоў у Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС зьвярталіся сотні чалавек з просьбай даць ім статус уцекача.

З кожным годам зьвяртаецца ўсё менш, кажа загадчыца аддзелу ў справах уцекачоў Тацяна Тумашык:

“На 1 чэрвеня разгледжана 25 хадайніцтваў, два чалавекі прызнаныя ўцекачамі (адзін з Аўганістану, адзін з Грузіі), 23 чалавекам адмоўлена”.

Беларускія аўганцы ў асноўным гандлююць на рынках

Інтарэсы шматлікага аўганскага зямляцтва ў Беларусі абараняе міжнародная грамадзкая арганізацыя аўганскіх уцекачоў і яе старшыня Рахман Сафі Сэйфул:

“Асноўныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца аўганскія уцекачы, — прапіска і жытло. Прапіску атрымаць для ўсёй сям’і (а сем’і ў аўганцаў вялікія) вельмі цяжка, патрэбныя грошы. Ну, а жылую плошчу атрымаць тым больш цяжка”.

Што да сродкаў існаваньня, Рахман Сафі Сэйфул кажа:

“Некаторыя атрымліваюць сацыяльную дапамогу ад упраўленьня вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў, таварыства Чырвонага Крыжа дапамагае. Некаторыя, тыя, хто мае права працаваць, самі зарабляюць, у асноўным гандлююць на рынках”.

Колькасьць пунктаў часовага пражываньня ўзрасьце да чатырох

Працэдура рэгістрацыі ўцекачоў у Беларусі пачала дзейнічаць ад 1999 году.

У Беларусі з дапамогай Эўразьвязу, міжнародных структураў створаныя два пункты часовага пражываньня асобаў, якія шукаюць прытулку, пакуль доўжыцца працэдура вызначэньня статусу ўцекача: у Віцебску і ў аэрапорце Менск-2. Яшчэ два пункты будуюцца — у Гомелі й пад Берасьцем.

Паводле Офісу высокага камісара ААН ў пытаньні ўцекачоў, на канец 2006 году ў сьвеце было больш за 11 тысяч уцекачоў зь Беларусі. Зь іх 9 371 чалавек мелі статус уцекача, а справы яшчэ 1 691 чалавека былі на разглядзе ўладаў краінаў, куды гэтыя людзі выехалі зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG