Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі сустрэліся з амбасадарамі Эўразьвязу


Уладзімер Глод, Менск Сёньня сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька ды Анатоль Ляўковіч сустрэліся з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, што акрэдытаваныя ў Менску. Размова адбылася ў амбасадзе Францыі ў Беларусі.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на зручнасьць такіх кантактаў, якія ў падобным фармаце звычайна адбываюцца раз на два-тры месяцы:

“Эўрапейскі зьвяз — гэта цэльны палітычны суб’ект. І ў гэтым сэнсе нашы сустрэчы, якія, дарэчы, ужо сталі традыцыяй, ёсьць неабходнай формай кантактаў з нашым найвялікшым геапалітычным суседам. Мы гаворым не з адной асобнай краінай, а з Эўразьвязам як цэласьцю, і даносім сынхронную інфармацыю да ўсіх сталіцаў дзякуючы толькі адной такой сустрэчы”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гаворыць: кожны з чатырох сустаршыняў распавёў дыпляматам пра той кірунак дзейнасьці Палітрады, які ён асабіста курыруе:

“Але разам усе гаварылі пра адно і тое ж — пра стратэгію, пазытыўную альтэрнатыву ды плян дзеяньняў. І мяркуючы па тым, як рэагавалі дыпляматы, відаць, што ім гэта цікава і карысна.

Існуе ўзаемная цікавасьць да такіх сустрэчаў. Нам вельмі важна мець празрыстыя стасункі з Эўразьвязам. І каб эўрапейцы таксама зь першых вуснаў атрымоўвалі інфармацыю”.

Сяргей Калякін, які ў Палітрадзе адказвае за рэгіянальныя кааліцыі, кажа, што дыпляматаў цікавіць сытуацыя ня толькі ў сталіцы, але і на пэрыфэрыі:

“Яны паедуць у Пінск. І сёньня яны пыталіся: ці ёсьць там нашы структуры? Ці можна там зь імі сустракацца? Інтарэс аб’яднаных дэмсілаў да гэтых сустрэчаў яшчэ і ў тым, што мы можам данесьці да іх сапраўдную інфармацыю, якая потым выкарыстоўваецца імі падчас дыялёгу зь беларускімі ўладамі.

На жаль, паміж апазыцыяй і ўладамі такога дыялёгу няма, але апасродкавана ён можа адбывацца пасьля нашых сустрэчаў, пасьля той інфармацыі, якую мы даем. Пра што гаварылі сёньня? Пра акцыі, пра выбары, пра палітвязьняў”.

А.Ляўковіч: “Мы дамовіліся: байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў немагчымы”

Анатоль Ляўковіч распавёў амбасадарам пра галоўныя прынцыпы новай выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, якія зацьвердзілі на канфэрэнцыі ў Вільні:

“Першае, пра што мы дамовіліся: байкот у нашых умовах немагчымы. Другое: мы павінны правесьці гэтую выбарчую кампанію як палітычную — гэта значыць, давесьці пазытыўную альтэрнатыву да грамадзтва, павялічыць колькасьць прыхільнікаў пераменаў, умацаваць структуры. І што мы паспрабуем у некаторых акругах правесьці сваіх прыхільнікаў у Палату прадстаўнікоў”.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які ўдзельнічаў у сустрэчы, адзначае, што яму такія размовы вельмі патрэбныя:

“Я, як дыплямат, павінен ведаць усё, што адбываецца ў краіне. І нам гэта вельмі цікава, каб можна было даваць ацэнкі ды рабіць высновы. Асабісты кантакт зь людзьмі, якія маюць пэўны статус, гэта вельмі важна. Я зьбіраюся працаваць так і надалей”.

Квасьнеўскі: “Я хацеў бы, каб Эўразьвяз спрыяў дыялёгу ў Беларусі” 13.06.2007 Ці заплаціць Захад за вызваленьне вязьняў у Беларусі? 05.06.2007
XS
SM
MD
LG