Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардыналы заклікаюць не грашыць за рулём


Ігар Карней, Менск Службы Дзяржавы Ватыкан выдалі адпаведнік Правілаў дарожнага руху — брашуру пад назвай “Пасланьне аб бясьпецы на дарогах”. На чатырох дзясятках аркушаў — дзесяць запаведзяў аўтамабіліста. Кардыналы заклікаюць каталікоў не сядаць за руль у стане алькагольнага ап’яненьня, захоўваць стрыманасьць, пазьбягаць грубых жэстаў і не грашыць у машыне. Сьвятары раяць выпраўляцца ў дарогу з малітвай. Як да ватыканскай ініцыятывы ставяцца адказныя за дарожны рух у Беларусі?

Зьяўленьне нефармальных правілаў дарожнага руху менавіта ў Ватыкане не выпадковае.

Ватыканскія кардыналы кажуць, што жыхары Рыму, на тэрыторыі якога месьціцца папская рэзыдэнцыя, надзвычай эмацыйныя і падчас нават дробных дарожных здарэньняў скандаляць ды абражаюць адзін аднаго.

Зрэшты, гэта характэрна і для іншых мэгаполісаў, перапоўненых транспартам.

Аляксандар Амяльчэня: “Гэта хутчэй папулярызацыя тых нормаў, якіх мусяць прытрымлівацца ўсе, хто кіруе машынамі”.
Ксёндз Аляксандар Амяльчэня з Сакратарыяту Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ўдакладняе: гэта найперш заклік да кіроўцаў і пешаходаў трымацца маральна-этычных нормаў.

Іх, як і біблейскіх запаветаў, дзесяць, кажа ксёндз:

“Як вы разумееце, гэта ніякая ня догма. І гэта не Ватыкан выпусьціў, а нейкая рада або камісія, што такімі справамі займаецца. Што значыць — Ватыкан? Гэта дзяржава, унівэрсальная назва. Ватыкан мае свае арганізацыі, установы, і гэтым трэба кіравацца. І, мяркую, гэта не такі дакумэнт, які падпісаў папа рымскі.

І гэта ня дзесяць прыказаньняў, якія строга абавязваюць у касьцёле — то бок абсалютная норма. Гэта хутчэй папулярызацыя, або, можа, упарадкаваньне тых нормаў, маральных і этычных, якіх мусяць прытрымлівацца ўсе, хто кіруе машынамі, аўтамабілямі. Відаць, такім чынам гэта разглядаць трэба”.

У чымсьці апярэдзіла Ватыкан Расея. У Краснадарскім краі на пачатку году зьявіліся свае праваслаўныя правілы дарожнага руху, у стварэньні якіх бралі ўдзел сьвятар і прыхаджане аднаго з храмаў.

Паводле богаўгодных нормаў, у машыне нельга брыдкасловіць, паліць, а дарогу належыць пачынаць з малітвы. Пры гэтым сьвятары праводзяць прафіляктычныя гутаркі на самых небясьпечных участках дарогаў.

Фёдар Баліцкі: “ДАІ зьвярталася да царквы з просьбай падчас правядзеньня богаслужэньняў аддаць увагу бясьпецы дарожнага руху”.
Фёдар Бяліцкі, старшы інспэктар упраўленьня ДАІ МУС Беларусі кажа, што праваслаўная царква выказвае заклапочанасьць статыстыкай сьмяротнасьці і траўмаваньня на беларускіх дарогах.

Аднак нестандартныя мэтады прафіляктыкі дарожнай бясьпекі пакуль досыць кволыя, кажа інспэктар Бяліцкі:

“ДАІ зьвярталася да царквы з просьбай падчас правядзеньня богаслужэньняў таксама аддаць увагу бясьпецы дарожнага руху для вернікаў, якія рэгулярна наведваюць царкву. І ў некаторых храмах падчас службы згадваюць пра тое, як паводзіць сябе на дарогах і ня трапіць у непрыемную сытуацыю, у дарожна-транспартнае здарэньне.

Дарэчы, была выпушчаная сумесна друкаваная прадукцыя, дзе ў тым ліку зьмешчана “малітва кіроўцы”. Наконт чагосьці яшчэ на сёньня сказаць пакуль складана”.

У лютым 2007-га пастанавілі працаваць сумесна ДАІ і Берасьцейская япархія. Ад таго часу ў ранішніх і вечаровых службах сьвятары даводзяць прафіляктычную інфармацыю па лініі ДАІ. Яны нагадваюць прыхаджанам пра неабходнасьць выконваць дарожныя правілы, падкрэсьліваючы: кожны пэрсанальна адказвае за сваю бясьпеку і абараняе сваіх блізкіх.

Але, адрозна ад Ватыкану, да сыстэматызацыі нормаў маральна-этычных паводзінаў на дарозе праваслаўныя вернікі пакуль што не прыйшлі.

Ватыкан — самая малая сувэрэнная дзяржава на Зямлі з адпаведным аўтапаркам. На яе тэрыторыі зарэгістравана тысяча аўтамабіляў і дзейнічае абмежаваньне хуткасьці — 30 кілямэтраў на гадзіну. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што апошняя аварыя на тэрыторыі Ватыкану здарылася ў канцы 2005 году без наступстваў для яе ўдзельнікаў.
• Ватыкан выпусьціў 10 прыказаньняў для кіроўцаў , 20.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG