Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мне хочацца прачытаць Вам верш, які я прысьвяціў Васілю Быкаву"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 20 чэрвеня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Добрай раніцы, даражэнькія. Сёньня Дзень нараджэньня Васіля Быкава. Я сумесна з Вамі і шаную, і адзначаю гэты дзень. Гэта па-першае. Па-другое, у мяне ёсьць пытаньне ў перадачу “Беларуская Атлянтыда” да Вячаслава Ракіцкага”. Вось аднойчы я слухаў лекцыю Зянона Станіслававіча і прафэсара Хадыкі на тэму, як стваралася імпэрыя Бізантыйская. Чаму я пра гэта ўспомніў? Таму што была і Рымская імпэрыя, і Бізантыйская, потым была Расейская, потым Аўстра-Венгерская. Нямецкая і гэтак далей. Вось скончылася эра Савецкай, а цяпер у зьнікае праблема Эўрапейскай. Эўразьвяз гучыць быццам бы Савецкі Зьвяз. Дык вось ці ня будзе гэта Брусэльскай імпэрыяй? А чаму мяне гэта хвалюе? Таму што мая Радзіма маленькая. Яна са сваёй культурай павінна быць вечнай. Вось што на гэтую тэму ў “Атлянтыдзе” зь Вячаславам Ракіцкім скажа Зянон Станіслававіч? Дзякуй Вам за ўвагу. Добрага здароўя”

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Мне хочацца прачытаць вам верш, які я прысьвяціў Васілю Быкаву. Напісаў у той час, як пачуў па прымачу, што чалавека ўжо няма. Шмат дзе чытаў гэты верш, шмат хто прасіў, але нідзе яго не надрукавалі. Паслухайце, калі ласка.

Завяў у полі Васілёк, Панік сваёй галоўкай нізка, Над ім схіліўся Каласок, Што ведаў Васілька з калыскі. – Куды сабраўся, сябра мой? А той ня можа адказаць. – А што адбудзецца са мной, Калі мяне пакінеш, браце? Паціху сябра распавёў На выдыху апошняй сілы: – Напэўна, лёс мяне падвёў, Паставіў на краю магілы. Ты, мне здаецца, гаварыў Стаць сымбалем маёй Радзімы, Яе як маці я любіў, Якая мне давала сілы. Пашые хтосьці фартушок На шыю, можа, васілёчкі, Ці то маленькі пастушок Нас запляце ў свае вяночкі, А, можа, вышыты абрус, Якім у сьвята стол накрыць, Калі на тое будзе густ, Па краю васільком прашыюць. Я зьбіраў блакіт нябёс, Азёраў, рэчак сінявокіх, У жыце на палетках рос, Ня быў ніколі адзінокі! Прабач, мой сябра, Каласок, Нас разлучыцца лёс прымусіў. Скажу апошні свой часок Я не пакіну Беларусі.

Дзякуй вялікі”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры вечар! На пытаньне тыдня. Я думаю, што прафсаюзы лукашыстаў нікому не патрэбныя. Сыстэма ў цяперашні час пабудавана так, што будзе абслугоўваць уладу. Працоўнага, які ня згодны з уладай, выкінуць за борт карабля. Тое, што маеш рацыю, не магчыма даказаць. Прафсаюзы і суды яго не абароняць. Я памятаю свой час, калі я быў лідэрам прафсаюзнага аб’яднаньня. Гэта 60-80-я гады. Я быў вымушаны езьдзіць у Маскву, каб плян давалі аб’ектыўны. І супрацоўнікі атрымлівалі штомесяц 40% службовага акладу. Гэта былі грошы. Дырэктара Мінгазпром СССР не пускалі ў Маскву па рашэньню дадзенага пытаньня. Я быў вымушаны дабрацца аж да Дзяржпляну СССР таварыша Байбакова, старшыні. Вышэйшыя прафсаюзьнікі шукалі шлях, каб зьняць з працы. Але калектыў аб’яднаньня не дазволіў гэта ім зрабіць. На дадзены момант прафсаюзьнікі ніякіх пытаньняў не вырашаюць практычна. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць, што Эўропа вінаватая, бо не глядзіць за нашай краінай Беларусьсю. Яны пускаюць нас на звалку, каб Расея нас зьядала. Толькі яны вінаватыя. Я слухаю, і нейкія жаль, крыўда, што яны не клапоцяцца пра нашу краіну. Мы не Беларусь, як Вы ведаеце, шаноўныя. Дзякую за ўвагу”
XS
SM
MD
LG