Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Нас публічна называюць “грантасосамі”!


Міхал Стэльмак, Менск Урад ухваліў шэраг праектаў і праграмаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Якая карысьць ад такой дапамогі і ці ўсю яе прымае беларускі бок?

Савет Міністраў прыняў адмысловую пастанову наконт праектаў ды праграмаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Паводле афіцыйных зьвестак, у яе, у прыватнасьці, патрапілі “Садзейнічаньне рэалізацыі Кіёцкага пратаколу ў Рэспубліцы Беларусь”, “Здаровая сям’я”, “Рэгіянальная праграма дзеяньняў ТАСІС на 2006 год”.

Як паведаміў “Свабодзе” каардынатар ТАСІС-офісу аддзяленьня прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіслаў Міхневіч, лёс міжнародных праектаў вырашаецца ва ўрадзе вельмі марудна:

“Грувасткая сыстэма рэгістрацыі і ўхваленьня праектаў. Улады ня ўкладваюцца ў адведзеныя тэрміны. Гэта не зусім правільны падыход, каб прэм’ер-міністар падпісваў пастанову ўраду пра рэгістрацыю і ўхваленьне праекту на 5 тысяч даляраў?”

Дзяржава, як вынікае з урадавай пастановы, будзе жорстка кантраляваць рэалізацыю ухваленых праектаў. У ліку кантралёраў міжнароднай дапамогі – міністэрствы надзвычайных сытуацыяў, працы й сацыяльнай абароны, адукацыі, Менскі і Віцебскі аблвыканкамы.
”У.Міхневіч: У Беларусі грувасткая сыстэма рэгістрацыі і ўхваленьня праектаў”
А вось Беларускаму Хэльсынскаму камітэту такі кантроль не спатрэбіцца. Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя, якая зьбіралася рэалізаваць пры дапамозе БХК праект у рамках ТАСІС, не атрымала на гэта згоду дзяржавы.

“Мы зрабілі праект, які быў прыняты ТАСІСам і адпавядаў праграме дапамогі былым вайскоўцам і іхнай рэабілітацыі, – апавядае старшыня БХК Тацяна Процька. – Асабліва тых людзей, якія былі ў тых асобых кропках. Ён быў так зроблены, што адпавядаў пэўнай дзяржаўнай праграме дапамогі грамадзянам Беларусі. Калі яго далі на зацьвярджэньне дзяржаўным установам, Міністэрства абароны сказала, што яму такі праект не патрэбны. На жаль, у нас ёсьць арганізацыі, якія маюць у вачох дзяржавы нейкую такую рэпутацыю, што зь імі працаваць нельга”.

“Ці называлі вас у нейкіх кабінэтах “грантасосамі”?

“Грантасосамі” называюць публічна. Была па тэлебачаньні перадача, дзе распавядалася сытуацыя з БХК і дзе было сказана, што мы не жадаем плаціць падаткі з гэтых грантаў. Я падавала ў суд за зьнявагу гонару і годнасьці. Але суд нават ня ўзяў справу для разгляду”.

Лёс ініцыятывы БХК напаткаў каля паўтара дзясятка іншых праектаў ТАСІС, дзе меркавалася супрацоўніцтва замежных і беларускіх удзельнікаў. У іх ліку, напрыклад, чатыры праекты памежнага супрацоўніцтва.
Т.Процька: У Беларусі ёсьць арганізацыі, зь якімі, паводле дзяржавы, працаваць нельга”
“Яны ўсе скіраваныя на паляпшэньне якасьці жыцьця памежных рэгіёнаў, – расказвае Уладзіслаў Міхневіч. – Ва ўсіх сфэрах жыцьця: у сфэры навакольнага асяродзьдзя, усталяваньня кантактаў. Вельмі актуальная цяпер праблема – барацьба з адкідамі, іх утылізацыя. Далей – разьвіцьцё турызму, воднага й роварнага”.

Ці ёсьць карысьць ад такой міжнароднай дапамогі? Беларускі дзіцячы хоспіс браў удзел у рэалізацыі праекту ў рамках ТАСІС, які завяршыўся летась. Намесьнік старшыні гэтай грамадзкай дабрачыннай арганізацыі Ірына Худзякова кажа:

“Дзякуючы нашаму праекту, я лічу, у Беларусі, у Менску створаны першы хоспіс для дарослых. Нядрэнна, калі ў краіну укладваюцца інвэстыцыі, хай сабе і ў такім выглядзе. Гэта ж інвэстыцыі на разьвіцьцё нашай аховы здароўя. Я лічу, што гэта вельмі істотная падтрымка асабліва для грамадзкіх арганізацыяў і для краіны ў цэлым”.

• Канфіскаваная маёмасьць БХК , 6.12.2006 • Дэпутаты Эўрапарлямэнту патрабуюць спыніць праграму ТАСІС, 24.04.2006
XS
SM
MD
LG