Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Донары Беларусі распачынаюць папераджальны страйк


Галіна Абакунчык, Менск Донары Беларусі распачынаюць тыднёвы папераджальны страйк. Яны пратэстуюць супраць адмены ільготаў для тых, хто рэгулярна здае сваю кроў. З прапановай аб скасаваньні льготаў выступіла адміністрацыя прэзыдэнта краіны. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу зацьвердзілі яе амаль аднагалосна. На адным з пунктаў пераліваньня крыві ў Менску пабывала карэспандэнтка Свабоды.

Дарожная станцыя пераліваньня крыві – ня самая вялікая ў горадзе. І некаторыя наведнікі-донары сваёй чаргі чакаюць на вуліцы.

Карэспандэнтка: “Мы стаім каля станцыі пераліваньня крыві, і я пытаюся: ці даводзілася вам ужо некалі здаваць кроў?”

Юнак: “Так. Я здаваў кроў для аднаго дзіцяці, якому патрэбна была гэтая кроў. А так, знарок, я здаю таму, што трэба гэта рабіць”.

Юначка: “Калі ёсьць магчымасьць дапамагчы людзям, то, я лічу, трэба гэта рабіць. Бо некаторым людзям патрэбная донарская кроў. Дзеці зараз часта і моцна хварэюць. І таму я лічу, што гэта правільна”.

Карэспандэнтка: “А як вы ставіцеся да таго, што льготы для донараў адмяняюць?”

Юнак: “На мой погляд, наадварот трэба усялякімі спосабамі дапамагаць, даваць нейкія новыя ільготы, узмацняць сацыяльную палітыку, але ніяк не адмяняць”.

Спадарыня: “Пажадана, каб пакінулі. Бо людзей жа трэба нечым заахвочваць. Акрамя таго, што гэта наш абавязак. Бо з кожным можа здарыцца нейкая бяда. Можна якія-небудзь ільготы скасаваць іншыя, але донарам пакінуць абавязкова”.

Што тычыцца падтрымкі донарскага страйку, то ўсе мае суразмоўцы ўпершыню пачулі пра яго ад мяне. А паколькі кроў яны здаюць зрэдзьчасу, то нічым ня змогуць дапамагчы магілёўскім калегам.

Пытаньне збору крыві на станцыі вырашаюць, у асноўным, за кошт студэнтаў. Сёньня такіх было 28 чалавек, па завяршэньні сэсіі стане яшчэ менш, а патрэбна каля сотні. Каб палепшыць сытуацыю, неабходны прынцыпова іншы падыход, кажа галоўны ўрач дарожнай станцыі пераліваньня крыві, ганаровы донар Зьбігнеў Пабяржын:

“Калі перастаць самому сабе хлусіць, то адзіны стымул – гэта плата. Плацяць – донары ёсьць, ня плацяць – няма. Да прыкладу, донарства ў Ізраілі – 400-500 даляраў яны плацяць. А тое, што мы плацім – 60 тысяч – гэта ж не вырашае ніякіх эканамічных праблемаў чалавека. Проста трэба мяняць падыходы”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод у Беларусі рыхтуецца каля 130 тон крыві. Гэта ў некалькі разоў менш, чым патрабуюць эўрапейскія стандарты. Адмена ільготаў становішча донарства і донараў у краіне толькі пагоршыць. На знак пратэсту супраць гэтага і абвешчаны сёньняшні страйк. Толькі ў Магілёве кроў ня прыйдуць здаваць каля тысячы донараў, кажа адзін з арганізатараў акцыі Ігар Каваленка:

“Каб чыноўнікі, усе міністэрствы, усе дэпутаты, якія прымалі гэты ганебны закон, каб яны пабачылі, што донары – гэта ня кучка зьбянтэжаных людзей, а магутная сіла – для гэтага трэба, канешне, каб да нас далучыліся іншыя донары.”

Паводле спадара Каваленкі, паводле вынікаў першага тыдня будзе падрыхтаваны бестэрміновы страйк донараў. Напярэдадні Ігар Каваленка на знак пратэсту супраць адмены ільготаў публічна адмовіўся ад узнагароды “Ганаровы донар Беларусі”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, кожны трэці жыхар краіны хоць аднойчы ў жыцьці меў патрэбу ў донарскай крыві. На сёньня ў Беларусі больш за 40 тысяч чалавек маюць званьне “Ганаровы донар”. Усіх іх дзяржава пазбаўляе зьніжак на лекі, зубапратэзаваньне, санаторныя пуцёўкі, пэнсійных даплат”.

• На знак пратэсту супраць адмены льготаў донар вяртае "Ганаровы знак", 14.06.2007 • 20 чэрвеня — папераджальны страйк донараў, 14.06.2007 •
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG