Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санітарам Менску не падабаюцца камэрцыйныя кіёскі?


Ігар Карней, Менск Санітарная служба Менску прапануе забараніць працу камэрцыйных кіёскаў. Галоўны санітарны лекар гораду Фёдар Германовіч заявіў, што непрыбраныя тэрыторыі вакол кіёскаў псуюць выгляд гораду. Цяпер у Менску працуе блізу 700 шапікаў.

Прапанова Фёдара Германовіча забараніць працу камэрцыйных шапікаў прагучала на апэратыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме 18 чэрвеня.

Сёньня намесьнік кіраўніка Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Віктар Чаўноў тлумачыў выказваньні свайго начальніка:

“Ды ніякая гэта не ініцыятыва. Звычайная руцінная праца, ужо надакучыла тлумачыць. Наша паўсядзённая праца, а хтосьці нейкую хвалю ўзьняў... Звычайная праверка шапіка ці крамы заканчваецца чым? Калі ёсьць недахопы, значыць, зачыняем на сандзень ці да таго моманту, пакуль недахопы ня будуць зьліквідаваныя. Выявілі – закрываюцца, адкрываюцца. Гэта звычайная праца санслужбаў. У прыцэл санітараў таксама трапляе стан ўпарадкаванасьці тэрыторыі. То бок, навядзеньне парадку, як звычайна, вакол кіёску. І кожны выпадак разглядаецца асобна. Штодзень мы адкрываем ці закрываем якіясьці аб’екты -- то цырульню, то краму, але ніколі не было такога ажыятажу”.

Дылема: зручнасьць ці эстэтыка?

На адной з вуліцаў Менску ў камэрцыйным шапіку спадарыня набывае мінэралку. Пераказваю ёй прапанову кіраўніка Санітарнай службы Менску. Спадарыня камэнтуе так: чарговым разам ахвяруюць зручнасьцю дзеля эстэтыкі:

“Вядома ж, зручна. Асабліва, калі з працы едзеш, па дарозе нейкую дробязь набыць, тую ж шакалядку ці бутэлечку піва. Я ўвогуле зьдзіўляюся: чаму ў нашай краіне ўсё імкнуцца рабіць як бы не для людзей? Можа ўрэшце і будзе ўсё прыгожа, санітарна, але -- нязручна. А хацелася б, каб было ўсё ж для чалавека больш, а не для прыгажосьці”.

Гаспадар аднаго з шапікаў у цэнтры гораду прадстаўляецца Вадзімам. Ён кажа, што апошнія некалькі гадоў ён чакае ліквідацыі свайго бізнэсу. Да гісторыі з санітарным станам прылеглых тэрыторыя, кажа Вадзім, уладальнікаў кіёскаў вінавацілі ў папулярызацыі піва, бо яны гандлююць гэтым напоем.

“Ды папулісцкая абсалютная мера. Проста як мне падаецца, гэта спроба зьняць з сябе ўсялякую адказнасьць. Калі нешта дзесьці здарыцца (нехта абапіўся піва і даў камусьці па мордзе), то чыноўнікі пасьпяшаюцца сказаць: усё, што маглі, мы зрабілі. То бок, праблемы зьліквідавалі пад корань. Але ўлады самі правакуюць канфлікты, яны на гэтай глебе пастаянна ўзьнікаюць. У рознай ступені ўдаецца іх прыцішваць, але канфлікты правакуюцца проста самімі гэтымі забаронамі”.

“Будзем гандляваць з-пад прылаўкаў”

Бальшыня шапікаў – прыватныя. Калі іх зьліквідаваць, некалькі сотняў людзей застануцца бяз працы. Адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка спадзяецца, што прадпрымальнікі змогуць абараніць свае інтарэсы ў канфлікце:

“Увогуле прадпрымальніцтва на сёньняшні дзень знаходзіцца зусім у падвешаным стане. Але я хачу сказаць вось што: нягледзячы ні на якія ўказы, дэкрэты, пастановы, мы выжывем і будзем жывей за ўсіх жывых. Гэта калі па сутнасьці. Калі мы нават непатрэбныя гэтай дзяржаве, то самае галоўнае, што мы патрэбны людзям. Гэта самае важнае, таму і мы будзем. Сыдзем цень, калі запатрабуецца, дзесьці з-пад прылаўка гандляваць будзем, кудысьці па хатах разьбяжымся. Але мы выжывем. А ў дурнях застанецца сама дзяржава, якая ня хоча разумець элемэнтарных рэчаў: з намі трэба сябраваць, “мілаваць” і “песьціць”. Толькі ня так, як Лукашэнка “любіць” апазыцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG