Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне ААН: “Разумныя людзі ў беларускай уладзе павінны разумець, што гэта не перамога”


Віталь Цыганкоў, Менск Рада ААН у правох чалавека выключыла Беларусь ды Кубу з “чорнага сьпісу краін”, якія патрабуюць сталага назіраньня. Як можа гэтае рашэньне паўплываць на дзеяньні ўладаў і сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? Ці можна казаць, што зьнешнепалітычная стратэгія Менску, накіраваная на фармаваньне сяброўскіх адносінаў з краінамі недалучэньня, дае свой плён? Гэтыя ды іншыя тэмы у перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць палітоляг, экспэрт у міжнародных дачыненьнях Андрэй Фёдараў і міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў.

Цыганкоў: “Рада ААН у правох чалавека выключыла Беларусь ды Кубу з “чорнага сьпісу краін”, якія патрабуюць сталага назіраньня. Рада не працягнула мандат спэцдакладчыка па Беларусі. Ці можа гэтае рашэньне неяк паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі? Ці зьнікне гэтая тэма з парадку дня ААН?”

Саньнікаў: “Па-першае, варта адзначыць, што гэтае рашэньне – ня вынік паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, ня вынік працы беларускіх уладаў у гэтай сфэры. Гэта найперш вынік кампрамісу, вынік інтрыг, можна сказаць. Бо, каб захаваць у “чорным сьпісе” іншыя краіны, вымушаныя былі пайсьці на кампраміс па Кубе і Беларусі.

А тое, што гэта пытаньне правоў чалавека ў Беларусі ня зьнікне, -- гэта відавочна. Бо ня толькі гэтая рада займаецца праблемай правоў, а шматлікія іншыя органы, ды й сама Генэральная Асамблея ААН. А найбольш уплывовыя структуры – гэта тыя, якія створаныя паводле розных канвэнцыяў, пактаў, міжнародных дамоўленасьцяў. У гэтых структурах праца працягваецца, і кантроль, і ацэнка сытуацыі ў Беларусі будзе давацца”.

Цыганкоў: “Як адрэагуе беларуская ўлада на гэтае рашэньне?”

Фёдараў: “Тут можна не сумнявацца – зь вялікай радасьцю. Ужо зьявіўся камэнтар сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Жэнэве Сяргея Алейніка, які падкрэсьлівае, што гэтае рашэньне нарэшце справядліва адлюстроўвае тое, што адбываецца ў краіне і будзе спрыяць вырашэньню праблемаў без палітычнага кантэксту.

Я якраз думаю наадварот -- спрыяць гэта рашэньне ніяк ня будзе. Іншая справа, нельга сказаць, што яно неяк моцна нэгатыўна паўплывае на становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Як не вельмі станоўча ўплывалі тыя жорсткія рэзалюцыі, што прымала ААН апошнія гады, дык і гэта рашэньне мала паўплывае. Пра тыя рэзалюцыі насельніцтва Беларусі вельмі мала магло ведаць, -- праўда, зараз няма сумневу, што ўся прапагандысцкая моц будзе кінутая на тое, каб давесьці да ведама грамадзян: “ААН прызнала, што з правамі чалавека ў нас усё ў парадку”.

“Далёка ня ўсе краіны Руху недалучэньня стаяць на баку Беларусі”

Цыганкоў: “ААН уключае амаль усе існуючыя ў сьвеце краіны, і зразумела, што знайсьці кансэнсус там нялёгка. Напрыклад , лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што варта "больш увагі надаваць не ААН, а агульнай пазыцыі ў гэтым пытаньні Еўразьвязу і ЗША".

Саньнікаў: “Сапраўды, больш важная пазыцыя патэнцыйных партнэраў Беларусі – тых краінаў, якія могуць дапамагчы ў дэмакратычным, эканамічным разьвіцьці Беларусі. Мы ведаем, што ёсьць даволі вялікая незадаволенасьць працай ААН у галіне правоў чалавека з боку дэмакратычных краінаў. Тое самае можна сказаць пра АБСЭ. Гэта пытаньне эфэктыўнасьці працы гэтых арганізацыяў”.

Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што зьнешнепалітычная стратэгія беларускага кіраўніцтва, накіраваная на фармаваньне сяброўскіх адносінаў з краінамі недалучэньня, з краінамі Поўдня, дае свой плён хаця б у такім сэнсе?”

Фёдараў: “Гэты прыклад паказвае, што пэўны плён гэта палітыка дае. Іншая справа, што не заўсёды гэта спрацоўвае. Як мы памятаем, на Генэральнай Асамблеі ААН была прынятая Рэзалюцыя з асуджэньнем Беларусі менавіта за парушэньні правоў чалавека. Не гледзячы на тое, што большасьць чальцоў ААН уваходзяць у Рух недалучэньня, высьветлілася, што большасьць зь іх не гатовыя пагадзіцца з тым, што адбываецца ў Беларусі”.

Цыганкоў: “Можна яшчэ ўзгадаць, як пры выбарах у Раду тая ж большасьць прагаласавала за Босьнію”

Фёдараў: “Так. І гэта таксама, так што далёка ня ўсе краіны Руху недалучэньня стаяць на баку Беларусі. Што тычыцца, таго, хто больш уплывовы (ААН ці Эўразьвяз), дык тут няма нават тэмы для дыскусіі. Мы ўсе ведаем, што Эўразьвяз нядаўна пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяў. Я думаю, што калі б беларускаму кіраўніцтву далі выбар – ці сёньняшняя сытуацыя (без спэцдакладчыка ААН і без прэфэрэнцыяў) альбо наадварот (захаваньне “чорнага сьпісу” ААН і захаваньне прэфэрэнцыяў), кіраўніцтва напэўна выбрала б другі варыянт”.

“Калі ва ўладзе ёсьць разумныя людзі, яны павінны зразумець, што гэта не перамога”

Цыганкоў: “А ці магчымы наступны, трохі нечаканы эфэкт гэтага рашэньня ААН? Калі на беларускія ўлады ўжо гэтак жорстка ня ціснуць, калі “дамоклаў меч” не вісіць, калі ім ня трэба штодня “адбівацца” -- можа, яны стануць паводзіць сабе ў галіне правоў чалавека больш мякка і спакойна?”

Саньнікаў: “Тут не зусім у тым справа, што быў “дамоклаў меч”. Бо ў ААН -- гэта “рэкамэндацыйныя” рашэньні, дэклярацыі. А вось я сапраўды лічу, што выключэньне Беларусі з “чорнага сьпісу” стварыла беларускім уладам ці не больш праблемаў, бо гэтым была прыцягнутая ўвага да Беларусі”.

І зараз, калі будуць працягвацца рэпрэсіі, зьяўляцца палітзьняволеныя, -- гэта выклікае яшчэ больш жорсткую рэакцыю і міжнародных арганізацыяй і асобных краінаў”.

Цыганкоў: “Цяпер, калі Беларусь выключылі з “чорных сьпісаў” , ёй давядзецца даказваць, што яна заслужыла гэта, і паводзіць сабе так, каб у тыя сьпісы больш не вярнуцца”.

Саньнікаў: “Сапраўды, калі ва ўладзе ёсьць разумныя людзі, яны павінны зразумець, што гэта не перамога, а падстава для сур’ёзнага аналізу і руху ў кірунку да выкананьня правоў чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG