Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргі пастара


Галіна Абакунчык, Менск Менскі гарадзкі суд адмовіў у задавальненьні скаргі пастара пратэстанцкай царквы Яна Прадвесьніка Антонія Бокуна. Пастар прасіў прызнаць незаконным рашэньне Цэнтральнага суду Менску, які аштрафаваў яго за не санкцыянаванае ўладамі набажэнства. Антоні Бокун мае намер зьвярнуцца ў Вярхоўны Суд.

Набажэнства на Тройцу, 27 траўня, Антоні Бокун праводзіў ва ўласным доме. Пасьля яго завяршэньня супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, а суд аштрафаваў сьвятара на 620 тысяч рублёў.

Менскі гарадзкі суд гэтае рашэньне пакінуў бязь зьменаў.

Спадар Бокун кажа, што і не спадзяваўся на іншае, але змаганьне будзе працягваць, і вось чаму:

“Калі няма такіх абскарджаньняў, то такое складваецца ўражаньне, што ўсё нармалёва і ўсё спакойна. А гэта ўсё-такі нейкія дакумэнтальныя сьведчаньні, што ня ўсё добра ў рэлігійным заканадаўстве. Не хацелася б даводзіць сытуацыю, як у царкве “Новае жыцьцё”.

Нагадаю, што вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, скарыстаўшы ўсе юрыдычныя нормы дзеля адстойваньня сваіх правоў, трымалі 23-дзённы страйк. Яны пратэставалі супраць рашэньня ўладаў, якія пастанавілі забраць будынак іх царквы.

Сёньняшняе судовае рашэньне камэнтуе сакратар царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

“На жаль, нашыя суды не зьяўляюцца незалежнымі ўстановамі. І ўсе судовыя працэсы, якія тычыліся пратэстанцкіх супольнасьцяў, яны заканчваліся не на карысьць вернікаў. Трэба было, каб суд, паводле закону, адмяніў усе пастановы адносна пастара Бокуна”.

Рашэньнем суду Цэнтральнага раёну Менску за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства Антоні Бокун адбыў трое сутак арышту.

Гэты прысуд пастар абскарджвае ў Вярхоўным Судзе ў аўторак, 26 чэрвеня.

Вернікі царквы “Новае жыцьцё”, а таксама іншых рэлігійных супольнасьцяў сабралі каля 25 тысяч подпісаў грамадзянаў да кіраўніцтва краіны. Яны патрабуюць адмяніць нормы законаў, якія парушаюць правы вернікаў.

Гл. таксама:

Пастар Антоні Бокун — на волі

Пратэстанцкага пастара А.Бокуна пакаралі трыма суткамі арышту

Затрыманы пастар Антось Бокун
XS
SM
MD
LG