Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Сідорскі прызнаў правал у замежным гандлі


Алесь Дашчынскі, Менск Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў сёньня на паседжаньні ўраду аб правале ў замежным гандлі ў студзені — траўні гэтага году. Таксама ён адзначыў, што занепакоены назапашваньнем гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў.

Паводле прэм’ер-міністра Беларусі, рост імпарту ў першыя пяць месяцаў гэтага году перавысіў паказчык росту экспарту ў два разы.

“Мы дапусьцілі правал гэтага паказчыка, які ў многім абясцэньвае іншыя нашыя дасягненьні”, — заявіў Сяргей Сідорскі. Паводле кіраўніка ўраду, сёлета “ясна вызначылася запавольваньне росту вытворчасьці прадукцыі”.

Таксама спадар Сідорскі выказаў занепакоенасьць тым, што пабольшала гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў. Паводле ягоных словаў, “за пяць месяцаў рост запасаў гатовай прадукцыі склаў адзін трыльён беларускіх рублёў”.

Камэнтуючы сытуацыю, старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў:

“Пасьля першай хвалі рэакцыі на новыя энэргетычныя тарыфы і, самае складанае, зьмяншэньне паставак нафты на 25 працэнтаў, мы сутыкаемся з прадказальнымі наступствамі. Гэта другая хваля рэакцыі на зьнешні шок. Урад жа абазначыў там шаснаццаць паказьнікаў і працуе дастаткова прымітыўна. А сытуацыя значна больш цікавая.

“Адбываецца працэс навучаньня беларускага ўраду элемэнтам рацыянальнай эканамічнай палітыкі”
Адначасова са зьніжэньнем аб’ёму вытворчасьці, насельніцтва на 40 працэнтаў больш купляе легкавых аўтамабіляў. Урад мусіць разумець, што ідзе спажывецкі бум. А растуць запасы тавараў, якія ёсьць неканкурэнтнымі. Адбываецца працэс навучаньня беларускага ўраду элемэнтам рацыянальнай эканамічнай палітыкі”.

Паводле старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у грашова-крэдытнай палітыцы Рамана Ўнучкі, плацёжны балянс становіцца адмоўным, бо краіна больш купляе, чым прадае.

На сытуацыю у пэўнай ступені паўплывалі стасункі з Расеяй, мяркуе Раман Унучка:

“Мы і самі вінаватыя. Нам таксама трэба думаць галавой трохі. Думаць трэба, думаць. Гэта не перашкаджае нікому”.

Як гэтая сытуацыя можа адбіцца на грамадзянах?

“Я думаю, што ва ўраду ёсьць нямала магчымасьцяў, каб мінімізаваць гэтую акалічнасьць. Канкрэтны чалавек не адчуе на сабе гэтых зьяваў. Яно нядобра, яно прымусіць прымаць меры”, — сказаў Раман Унучка.

Паводле эканамічнай аглядальніцы Тацяны Манёнак, сытуацыя з энэрганосьбітамі мела нэгатыўныя наступствы. А таксама гэта пацягнула страту Беларусьсю транзыту нафты.

Аднак на паседжаньні міністар эканомікі Зайчанка казаў пра рост валавога ўнутранага прадукту, утаймаваньне інфляцыі і макраэканамічную стабільнасьць.

Спадарыня Манёнак называе гэта прыкметай адміністрацыйнай эканомікі:

“Паказчыкі — гэта галоўнае. На паказчыкі працуюць усе: і нашы канцэрны, і галіновыя міністэрствы, і ўрад. І патрабуюць ад кожнага гендырэктара працаваць найперш на паказчыкі. Калі на складах такія запасы непрададзенай прадукцыі, то вось эфэктыўнасьць нашай эканомікі. Вось люстэрка гэтай эфэктыўнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG