Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУАМ плянуе транспартаваць нафту ў Эўропу ў абыход Расеі


Ганна Соўсь, Прага У Баку завяршыўся саміт ГУАМ – Арганізацыі эканамічнага разьвіцьця і дэмакратыі, у якую ўваходзяць Грузія, Азэрбайджан і Малдова. Лідэры ГУАМ падпісалі дэклярацыю аб стварэньні транспартнага калідору, які дазволіць транспартаваць азэрбайджанскую нафту ў Заходнюю Эўропу ў абыход Расеі. Гэтаксама плянуецца стварыць у рамках ГУАМ міратворчы кантынгент для ўрэгуляваньня рэгіянальных канфліктаў. Ён мае замяніць расейскі кантынгент ў Прыднястроўі, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

На саміце ў Баку акрамя кіраўнікоў Грузіі, Украіны, Азэрбайджану і Малдовы прысутнічалі прадстаўнікі 25 дзяржаваў, а таксама васьмі міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, АБСЭ, НАТО і Рады Эўропы. Арганізацыя эканамічнага разьвіцьця і дэмакратыі ГУАМ была створаная, каб процідзейнічаць інтэрграцыйным плянам Масквы і супрацьстаяць вайсковаму і эканамічнаму ўплыву Расеі. У парадку дня лідэраў Грузіі, Украіны, Азэрбайджану і Малдовы былі пытаньні транспартыроўкі энэргіі і міратворчыя апэрацыі.

Супольныя міратворчыя сілы ГУАМ замянілі б расейскія кантынгенты ў Прыднястроўі, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі

Гэтыя чатыры краіны пагадзіліся вывучыць магчымасьці стварэньня супольных міратворчых сілаў, якія маглі б замяніць расейскія кантынгенты, разгорнутыя цяпер у Прыднястроўі, Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Вось што заявіў міністар замежных справаў Грузіі Гела Бежуашвілі на прэсавай канфэрэнцыі ў Баку.

"Мы дамовіліся супрацоўнічаць і працаваць над тым, каб стварыць магчымасьць для таго, каб ГУАМ у агляднай мог удзельнічаць у міратворчых апэрацыях сваім кантынгентам ня толькі вайсковага, але і паліцэйскага характару. Гэта важнае пытаньне. Мы далі даручэньне адпаведным структурам, каб яны выпрацавалі агульную стратэгію, і, што самае галоўнае, каб мець гэта гэты складнік як мага хутчэй".

Нафтаправод «Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск» для транспартыроўкі аўзэрбайджанскай нафты ў абыход Расеі

На саміце абмяркоўваліся пэрспэктывы дабудовы і эксплюатацыі нафтаправоду «Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск», што дало б магчымасьць Азэрбайджану транспартаваць сваю нафту ў Заходнюю Эўропу ў абыход Расеі. Польскі прэзыдэнт Лех Качыньскі і літоўскі прэзыдэнт Валдас Адамкус, лідэры краінаў, якія наўпрост зацікаўленыя ў пашырэньні нафтаправоду, прысутнічалі на саміце ГУАМ у якасьці назіральнікаў.

У выніку лідэры ГУАМ падпісалі дэклярацыю аб стварэньні транспартнага калідору і ўмацаваньні энэргетычнай бясьпекі.

У дакумэнце таксама гаворыцца, што супрацоўніцтва ў рамках ГУАМ дапаможа ўрэгуляваньню рэгіянальных канфліктаў. Акрамя таго ў Баку падпісаны мэмарандум аб супрацоўніцтве ў пытаньнях ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі.

“У пэрспэктыве, ад моманту ўступленьня ўсіх чатырох дзяржаваў ў НАТО і Эўразьвяз, функцыі ГУАМ можна будзе лічыць вычарпанымі”
Паводле азэрбайджанскага палітоляга Расіма Мусабекава, адным з галоўных пытаньняў саміту быў працэс інтэграцыі дзяржаваў сябраў ГУАМ у эўраатлянтычную прастору. З арганізацыі, якая была створаная, каб процідзейнічаць інтэрграцыйным плянам Масквы, ГУАМ трансфармуецца ў пэўнае інтэграцыйнае аб’яднаньне, адзначыў палітоляг у інтэрвію ВВС. Паводле Расіма Мусабекава, “у пэрспэктыве, ад моманту ўступленьня ўсіх чатырох дзяржаваў ў НАТО і Эўразьвяз, функцыі ГУАМ можна будзе лічыць вычарпанымі”.

Беларусь не ўваходзіць у склад ГУАМ, і адпаведна не бярэ ўдзелу ў абмеркаваньні і рэалізацыі энэргетычных і міратворчых праектаў Арганізацыі эканамічнага разьвіцьця і супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG