Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арыгінальная гарэлка: жытнёвая, бульбяная або бананавая?


Радыё Свабода Сёньня Эўрапейскі парлямэнт зьвяртаецца да вызначэньня, што ж зьяўляецца сапраўднай гарэлкай. Большасьць краінаў Эўразьвязу за тое, каб тэрмін “гарэлка” быў пашыраны і мог азначаць сьпіртовы прадукт, выраблены з усемагчымых сельскагаспадарчых прадуктаў – напрыклад, зь вінаграду, бананаў, цытрусаў, буракоў і гэтак далей. Традыцыйны рэцэпт вырабу гарэлкі – у першую чаргу са збожжа і і бульбы – адстойваюць Польшча, Фінляндыя, Данія, Швэцыя, прыбалтыйскія краіны.

Польскія вытворцы сёньня нават наладзілі у фае Эўрапейскага парлямэнту прэзэнтацыю найлепшых гатункаў сваёй гарэлкі, спрабуючы пераканаць эўрапейскіх заканадаўцаў захаваць “чысьціню этыкеткі”. У Польшчы непакояцца, што пашыраная дэфініцыя гарэлкі пашкодзіць мясцовай эканоміцы, фэрмэрам, якія адчуюць зьніжэньне попыту на бульбу і зерне, і ўрэшце, густу спажыўцоў.

“Мы не спрабуем вучыць шатляндцаў, як рабіць віскі і ніхто не мае права дыктаваць нам, як рабіць гарэлку”,– заявіў Анджэй Шумоўскі, прадстаўнік польскай кампаніі “Выборова” газэце “ Дзеньнік”.

BBC цытуе дэпутата Эўрапарлямэнту ад Фінляндыі Аляксандра Стуба: “Я не хачу, каб гарэлка была прадуктам, які можа быць выраблены з усіх сельскагаспадарчых культур, бо фактычна гэта азначае, што тады ёй вы можаце мыць вокны”.

Аднак Эўрапейскі гарэлачны альянс выступае за адмену строгіх вызначэньняў гарэлкі і папярэджвае, што ў выпадку чаго зьвернецца па арбітраж ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

• Што ў Беларусі лічыцца гарэлкай?, 19.06.2007 • Алькагалізм у Беларусі й сьвеце , 24.06.2000
XS
SM
MD
LG