Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У нямецкую энцыкляпэдыю занесена сяброўства з Быкавым


Алена Струвэ, Менск У біяграфіі нямецкага пісьменьніка і віцэ-прэзыдэнта міжнароднага фонду “Асьвенцым” Хойбнэра, зьмешчанай у нямецкай Інтэрнэт-энцыкляпэдыі – wikipedia пра ягоны 20-цігадовы кавалак жыцьця паміж 1983 і 2003г.г. гаворыцца: “Ад 1983 –сувязі зь Беларусьсю, сяброўства зь вялікім беларускім пісьменьнікам Васілём Быкавым, шматлікія сумесныя чытацкія імпрэзы ўключна да 2003 – года сьмерці Быкава”.

Пра Быкава-пісьменьніка заходнебэрлінскі літаратар і пацыфіст Хрыстаф Хойбнэр упершыню даведаўся ў 33 гады, напярэдадні сваёй першай паездкі ў тагачасны СССР.

Хойбнер: “Напачатку я прачытаў ягоную кнігу “Абэліск”. Я купіў яе для азнаямленьня. Нашай групе, якая складалася з маладых заходнебэрлінскіх пацыфістаў сказалі, што ў Менску, у Доме літаратара для нас будзе арганізаваная сустрэча зь пісьменьнікам Васілём Быкавым. Пра яго тады ніхто з нас ня ведаў. Сёньня мне ў гэта цяжка паверыць, як і ў тое, што такая сустрэча магла адбыцца пры савецкай ўладзе, а не ў часы маладой незалежнай Беларусі. Тады, у 1983-м, мы былі ўражаныя сьціплай абаяльнасьцю беларускага пісьменьніка. Пасьля сустрэчы мы запрасілі яго да нас у Заходні Бэрлін. Самі ж, калі прыехалі дадому, сталі чытаць усе кнігі Быкава, перакладзеныя на нямецкую мову. Нам пашчасьціла – у ГДР было выдадзена шмат ягоных кніг. Быкаў цікава піша. Быццам бы проста. Аднак пісаць проста – вельмі складана”.

Ад сярэдзіны 1980-х Васіль Быкаў неаднойчы гасьцяваў у доме Крыстафа Хойбнэра, што ў цэнтральнай частцы Заходняга Бэрліну.
”Для нас было гонарам, што Нямеччына стала для яго роднай...”
Хойбнэр:“Мне пашчасьціла назіраць Быкава радасным. Аднак, часьцей за ўсё ён быў сумным. Радзіма, дом – гэта тое, што заўсёды было зь ім разам.

У 2001-м ён прыехаў у Нямеччыну з Хэльсынкі. На працягу некалькіх год дзяржаўныя мэдыі цкавалі гэтага чалавека, пісьменьніка і вэтэрана вайны. Усё гэта Быкаў успрымаў з горыччу, аднак рэалістычна. У Нямеччыне Быкаў заўсёды паўтараў: я тут ня ў высылцы, я тут часова працую. Ён не хацеў пакідаць сваю радзіму назаўсёды. Ён быў у нас, а сэрцам быў дома. Аднак для нас было гонарам, што Нямеччына стала для яго роднай. Мне прыемна так лічыць. Пры гэтай нашай сумеснай гісторыі, калі ведаеш, што зрабілі ў Беларусі немцы, з усёй гэтай вайной, сьмярцямі, разбурэньнямі, нас гэта вельмі кранала”.

Хрыстаф Хойбнэр кажа, што сёньня ў сьвеце дэфіцыт такіх людзей як Быкаў.

Хойбнэр:“Ён ніколі ня быў эгацэнтрыкам, ніколі не фіксаваўся на сабе, а быў сапраўдным сябрам. Уражвала ягоная сьціпласьць, прастата, дар слухаць людзей, ягоная вялікая любоў да людзей. І таксама ягоная маладосьць. Яму лёгка ўдавалася быць на роўных з маладымі людзьмі.”

Ад сярэдзіны 1980-х Хрыстаф Хойбнэр арганізоўваў у Нямеччыне чытацкія канфэрэнцыі з удзелам Васіля Быкава, шматлікія інтэрвію пісьменьніка для нямецкіх мэдыяў, выданьне ягоных твораў. У 2001-м разам з камітэтам “Асьвенцым” і нямецкім фондам Генрыха Бёля ініцыяваў прыезд Васіля Быкава ў Нямеччыну, арганізаваў адмысловы збор сродкаў для беларускага пісьменьніка.
XS
SM
MD
LG