Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі ўшаноўваюць памяць Васіля Быкава?


Іна Студзінская, Менск Сёньня – дзень нараджэньня Васіля Быкава – пісьменьніка, чые кнігі пра другую сусьветную вайну застаюцца ўзорам праўды ў літаратуры. Нашага сучасьніка, аднаго зь лідэраў беларускага адраджэньня і незалежнасьці, чалавека, якога называлі сумленьнем нацыі, якога да канца ненавідзелі і баяліся ўлады, і любілі і будуць любіць сотні тысяч прыхільнікаў яго таленту.

Ва ўсёй Беларусі імем Васіля Быкава названа адна-адзіная вуліца – у пасёлку Ждановічы Менскага раёну. Вуліца новая, яна толькі пачынае забудоўвацца. Жыхарка вуліцы Васіля Быкава спадарыня Сьвятлана ганарыцца:

“Вялікі гонар жыць на такой вуліцы. Васіля Быкава, безумоўна, кожны беларус ведае... Абавязкова павінна быць ўвекавечана памяць пра яго. Проста мы, беларусы, часам недаацэньваем таго, што заслужылі нашы землякі. Думаю, мы будзем вельмі добра шанаваць памяць Васіля Быкава. Думаю, яна будзе самай прыгожай вуліцай у гэтым будаўнічым масіве Ждановічаў”.

Спадарыня Сьвятла дадала, што ня толькі вуліцы – самыя вялікія праспэкты беларускіх гарадоў павінны насіць імя Васіля Быкава.

Ні на радзіме пісьменьніка ў Вушачах, ні ў Горадні, дзе Быкаў пражыў 24 гады, ні ў сталіцы вуліц імя Васіля Быкава дагэтуль няма.

Што да музэяў, у Бычках, у роднай хаце намаганьнямі грамадзкасьці створаны музэй. Ёсьць яшчэ адзін невялічкі музэй з аднаго пакойчыка ў Горадні, які створаны зь ініцыятывы гарадзенскіх вэтэранаў вайны, працы і ўзброеных сілаў.

Поўнага збору твораў дагэтуль няма

Цяпер пра выданьні. Грамадзкая ініцыятыва «Воля народу» пры ўдзеле Саюзу беларускіх пісьменьнікаў чатыры гады таму выступіла зь ініцыятывай выдаць поўны 14-томны збор твораў Быкава. Каардынатарам некамэрцыйнага праекту стаў тады Аляксандар Казулін, а ўвесь наклад 3 тысячы асобнікаў пойдзе ў бібліятэкі. Пакуль у Расеі выдадзена 6 тамоў. Але выдаўцы перакананыя, што здолеюць выдаць і ўсё заплянаванае.

Што да дзяржаўных выданьняў, то яшчэ пры жыцьці Васіля Быкава выдавецтва "Мастацкая літаратура" заплянавала выдаць васьмітомнік. Два тамы, цалкам падрыхтаваныя да друку, былі нават зьвярстаныя. Потым сытуацыя зьмянілася. Пасьля зьняважлівых выказваньняў на адрас Быкава кіраўніка дзяржавы, стаўленьне ў чыноўнікаў ад літаратуры да ўсясьветна прызнанага клясыка памянялася. З плянаў выдавецтва Быкава выкрасьлілі.
”Уражаньне такое, што ўвага да творчасьці Васіля Ўладзімеравіча ня толькі не спадае, а нават шырыцца і нарастае...”
Але, як сьцьвярджае галоўны рэдактар “Мастацкай літаратуры” Віктар Праўдзін: “Мы выдавалі і выдаём Быкава. “Альпійская баляда” і “Дажыць да сьвітаньня” выдадзеныя сёлета, і яшчэ дзьве кнігі здадзеныя ў друкарню. Кожны год выдаём”.

У кнігарнях прадаецца новае выданьне раньніх твораў Быкава накладам 4 тысячы асобнікаў. Сёлета ў бібліятэцы часопісу “Дзеяслоў” асобнай кнігай выдадзеныя малавядомыя аповесьці Быкава “Бліндаж” і “Апошні баец”. Прыватнае выдавецтва Віктара Хурсіка таксама выдала аповесьць “Бліндаж”.

Творы Быкава вельмі часта выдаюцца ў Расеі. Вялікая цікаўнасьць да Быкава і ў сьвеце, кажа беларускі выдавец Уладзімер Сіўчыкаў:

“Канадзкая дасьледчыца Зінаіда Гемпялевіч вельмі прасіла падрыхтаваць ёй тэксты – беларускія, рускія – аповесьці “Палюбі мяне, салдацік”. Уражаньне такое, што ўвага да творчасьці Васіля Ўладзімеравіча ня толькі не спадае, а нават шырыцца і нарастае”.

• Дасьледаваньне “Свабоды”: кнігі Васіля Быкава ў Беларусі і сьвеце, 29.06.2006 • Вядомыя беларусы пра Быкава: “Ён заўсёды гаварыў праўду” , 19.06.2006 • Музэй Васіля Быкава ў Гародні.
XS
SM
MD
LG