Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Шацікава судзіцца з пракуратурай


Радыё Свабода Сёньня Ленінскі суд Магілёва пачаў разглядаць пазоў Крысьціны Шацікавай супраць пракуратуры Ленінскага раёну гораду. Разглядае пазоў судзьдзя Сяргей Каралёў.

Сваім пазовам Крысьціна Шацікава намагаецца адмяніць пастанову сьледчага пракуратуры Рамана Дзьмітрычэнкі. Паводле пастановы, ён не знайшоў падставаў для крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія 23 сакавіка гвалтам даставілі Шацікаву ў псыхіятрычную лякарню, а таксама адміністрацыі лякарні, дзе яе гвалтам утрымлівалі тры дні.

Гаворыць Крысьціна Шацікава:

“Гэты суд адбываецца таму, што мы з маім адвакатам падалі скаргу на тое, што пракуратура Ленінскага раёну Магілёва адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу супраць псыхіятрычнай лякарні. Мы будзем бачыць, ці ёсьць сэнс увогуле далейшага змаганьня нейкага. Магчыма ёсьць. Я веру ў гэта”.

Паводле пастановы пракуратуры, і міліцыянты і лекары дзейнічалі згодна з законамі “Аб міліцыі” ды “Аб псыхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзянаў падчас яе аказаньня”.

Як зазначана ў пастанове, падставай для гвалтоўнай шпіталізацыі стала “калектыўная скарга”. Імёны скаржнікаў невядомыя і дагэтуль. Хто пастанавіў шпіталізаваць актывістку таксама застаецца невядомым.

Пракуратура выявіла, што ў лякарню актывістку даставілі патрульныя міліцыянты Бадзееў, Ваўчкоў на чале з капітанам міліцыі Карніенкам. Іх разам з супрацоўнікамі лякарні і спрабуе пазваць да адказнасьці Крысьціна Шацікава.
XS
SM
MD
LG