Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пакуль застаецца ў "чорным сьпісе" ААН


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Жэнэве прэзыдэнт Рады ААН па правах чалавека мэксыканец Люіс Альфонса дэ Альба спыніў працу паседжаньня Рады ААН і перанёс яго на няпэўную дату. У выходныя Рада на чале з прэзыдэнтам распрацавала кампрамісны дакумэнт адносна новага мэханізму абароны правоў чалавека ў сьвеце. Дэ Альба заклікаў усе 47 краін-чальцоў Рады падтрымаць пагадненьне цалкам і не прымаць нейкіх паправак у апошні момант.

Паседжаньне магло скончыцца яшчэ ў першай палове дня. Большасьць сябраў Рады падтрымала кампрамісныя падыходы, згодна зь якімі назіраньне за правамі чалавека павінна ажыцьцяўляцца пэрыядычна -- раз у чатыры гады, прычым ва ўсіх 192 краінах-сябрах ААН, а не ў тых 11, якія маюць дрэнную рэпутацыю. Скарачалася і колькасьць афіцыйна прызнаных "праблемных краін". Замест 11 іх стала 9. З гэтак званага "чорнага сьпісу" выключаліся Куба і Беларусь, і для гэтых краін у ААН ліквідаваўся мандат спэцдакладчыка. Назіраньне па-ранейшаму застаецца актуальным для Бурундзі, Камбоджы, Паўночнай Карэі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Лібэрыі, Бірме, Самалі і Судане. Для ўхваленьня рашэньня, аднак быў патрэбны кансэнсус.

Незадоўга да меркаванага фінішу Нямеччына ад імя васьмі краін Эўразьвязу запатрабавала, каб у крызысных сытуацыях новы праваабарончы орган ААН мог бы замаўляць дасьледаваньні сытуацыі з правамі чалавека у гэтак званых праблемных краінах і выпрацоўваць пэўную пазыцыю.

Амбасадар Нямеччыны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Міхаэль Штайнэр, занепакоены лёсам менавіта праблемных краін, у тым ліку і Беларусі. І толькі магчымасьць прызначэньня новых назіральнікаў за новымі краінамі дае праваабарончаму органу ААН больш-менш аб’ектыўна адсочваць сытуацыю.

Штайнэр: “ Наша лінія ў тым, каб вырашаць усе пытаньні сумесна зь іншымі сябрамі Рады. Мы прадстаўляем эўрапейскія падыходы да чалавечых каштоўнасьцяў і зьбіраемся праводзіць іх у рамках новага праваабарончага органу ААН. Іншыя краіны выступаюць за фактычную пераправерку сытуацыі з правамі чалавека на аснове дзяржаўных паведамленьняў. Усё гэта трэба вырашаць сумесна дзеля стварэньня мэханізму”.

Выступ Нямеччыны чарговым разам выклікаў нязгоду сярод гэтак званай ўсходняй большасьці. Кітай заявіў, што для прызначэньня дакладчыкаў для крызысных сытуацыяў павінен быць кворум у дзьве траціны галасоў. Аднак эўрапейцы настойвалі на кансэнсусным рашэньні.
XS
SM
MD
LG