Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія і расейскія дэмакраты шукаюць альтэрнатыву


Уладзімер Глод, Менск Альтэрнатыўную афіцыйнай стратэгію партнэрства Беларусі й Расеі абмяркоўвалі сёньня ў Маскве дэмакраты дзьвюх краінаў. Дыскусія адбывалася падчас канфэрэнцыі, якую ініцыявалі дзьве палітычныя партыі — Аб’яднаная грамадзянская зь Беларусі й расейскі “Союз правых сил”.

На канфэрэнцыі выступілі былы міністар эканомікі ва ўрадзе Расеі Яўген Ясін, дэпутат Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў, палітоляг Сяргей Маркаў, партыйныя лідэры — Мікіта Бялых, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін ды іншыя.

Усе яны падкрэсьлівалі: такія канфэрэнцыі мусяць паказаць Крамлю, што манаполія Аляксандра Лукашэнкі на беларуска-расейскія дачыненьні скончылася.

Удзельнік канфэрэнцыі палітоляг Андрэй Суздальцаў называе яе правядзеньне “абсалютна трапным палітычным крокам”.

“Сапраўды, Лукашэнка практычна сышоў з поля прарасейскага палітычнага сэктару. І з электаральнага сэктару, і зь міжнароднага вэктару. І не скарыстацца гэтым было б грахом. І зьяўленьне маніфэсту Сініцына — Парфяновіча было першай прыкметай таго, што людзі зразумелі — зьявіўся вакуўм. Так што тут беларускія дэмакраты паступаюць абсалютна правільна”, — кажа Суздальцаў.

Менскія прапановы

Палітоляг Суздальцаў адзначае, што ўпершыню на такую сустрэчу зь Менску прывезьлі падрыхтаваны дакумэнт. Гэта канцэпцыя беларуска-расейскіх дачыненьняў, падрыхтаваная аб''яднанымі дэмакратычнымі сіламі. Дакумэнт распрацоўвалі Яраслаў Раманчук і Аляксандар Дабравольскі.

Раней жа, згадвае палітоляг, такія сустрэчы ішлі паводле іншага сцэнару: беларусы казалі пра рэжым Лукашэнкі, расейскія дэмакраты — пра свой удзел у выбарах. Сёньня многае праходзіла па-новаму, кажа Суздальцаў:

“Гэта канцэптуальны дакумэнт у справе беларуска-расейскай інтэграцыі. На мой погляд, яго з аналітычнага трэба перарабіць у палітычны. І тады гэта будзе сур’ёзны дакумэнт. А я асабіста прыкладу намаганьні, каб данесьці яго да расейскіх уладаў, уключаючы Крэмаль.

Упершыню зь Менску прыехалі падрыхтаваўшыся. Ня з крыўдай. Не з прэтэнзіямі: маўляў, вы падтрымліваеце рэжым. А з пэўным прадуктам. І, я думаю, за дванаццаць гадоў існаваньня беларускай апазыцыі гэта ўжо, канечне, нядрэнна”.

Палітоляг і аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч таксама ўдзельнічаў у сёньняшняй канфэрэнцыі:

“Паколькі на афіцыйным узроўні беларуска-расейскія дачыненьні зайшлі ў тупік, дык некаторыя палітычныя, грамадзкія сілы спрабуюць неяк вывесьці сытуацыю з тупіка. Яны дамагаюцца, каб гэтыя дачыненьні былі нармальныя, не былі ў стане халоднай вайны, а былі ў пэўным сэнсе прагматычнымі, кіраванымі ды пэрспэктыўнымі”.

Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька так тлумачыць неабходнасьць маскоўскай імпрэзы:

“Натуральна, што аб’яднаным дэмсілам трэба весьці замежнапалітычную дзейнасьць ня толькі на Захадзе, але і на Ўсходзе. Трэба ж быць рэалістамі. Дыскусія атрымалася карысная. Было шмат мэдыяў, пяць тэлевізійных камэраў. Я думаю, што калі будзе рэтрансьляцыя дыскусіі, дакладаў, дык гэта будзе вельмі карысна ў пляне ўзьдзеяньня на грамадзкую думку”.

Заўтра ў Маскве адбудзецца падпісаньне дамовы паміж АГП і СПС пра сталае супрацоўніцтва.

Гл. таксама:

Расея пераходзіць на рынкавыя дачыненьні. З усімі

Л.Сініцын: Далучэньне Беларусі да Расеі — гэта “зайчык у матрошцы”

У.Парфяновіч: Пуцін будзе вучыць беларускую мову
XS
SM
MD
LG