Лінкі ўнівэрсальнага доступу

120 тысяч беларусаў атрымалі кампэнсацыю ад нямецкага ўраду


Іна Студзінская, Менск На мінулым тыдні ў Бэрліне прайшла афіцыйная цырымонія з нагоды завяршэньня выплатаў кампэнсацыяў былым вязьням нацысцкіх канцлягераў і паднявольным рабочым Трэцяга райху. Выплаты рабіў фонд “Памяць, адказнасьць, будучыня”, які паўстаў на сродкі нямецкай дзяржавы і дзелавых колаў Нямеччыны. У Беларусі выплатамі займаўся фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне”. Ці будзе гэты фонд працаваць далей у Беларусі?

На ўрачыстасьцях з нагоды завяршэньня выплатаў прэзыдэнт Нямеччыны Горст Кёлер адзначыў, што “паўтара мільёна ахвяраў нацыянал-сацыялістычнай тыраніі атрымалі хаця б сымбалічную матэрыяльную кампэнсацыю, а таксама публічнае прызнаньне іх ахвярамі нацыянал-сацыялізму”.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель падкрэсьліла, што яна б хацела, каб “фэдэральны фонд і надалей садзейнічаў паглыбленьню міжнароднага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сфэры”.

Першы намесьнік старшыні Беларускага фонду “Ўзаемаразуменьне і прымірэньне” Канстанцін Прахарэнка паведаміў, што кампэнсацыі выплацілі 120 тысячам былым вязьням у Беларусі. Выплачвалі ад 5 да 15 тысяч нямецкіх марак.

Што да далейшай працы, Канстанцін Прахарэнка распавёў:

“Фонд заснаваны ня толькі дзеля ажыцьцяўленьня кампэнсацыйных выплатаў. Ён працуе і будзе далей працаваць па гуманітарных праектах. Гэта і шпіталі, і аптэкі, і акулярная майстэрня, і чарнобыльскія праекты, і анкалягічныя хворыя, і былыя ваеннапалонныя, і вязьні канцлягераў гета — рознае фінансаваньне і розныя крыніцы”.

Пасьля выплаты кампэнсацыяў у нямецкім фондзе “Памяць, адказнасьць, будучыня” засталося яшчэ каля 400 мільёнаў эўра. Мяркуецца, што сродкі пойдуць на адукацыйныя, гуманітарныя, культурніцкія праекты. Будуць дапамагаць вязьням гета, былым ваеннапалонным.

Беларускі фонд “Узаемаразуменьне і прымірэньне” супрацоўнічае яшчэ з аўстрыйскім і швэйцарскім фондамі. Цяпер у Беларусі дапамога ажыцьцяўляецца праз адзінаццаць гуманітарных праграмаў.

Штогоду людзей, што прайшлі канцлягеры, працавалі ў Нямеччыне, становіцца менш, кажа Канстанцін Прахарэнка:

“120 тысяч атрымалі дапамогу. Але трэцяя частка ўжо, на жаль, памерла. 80 тысяч засталося. Кожны дзень людзі паміраюць. Вось і сёньня сумнае паведамленьне прыйшло...”

Я спыталася: ці былі прэтэнзіі ў былых беларускіх вязьняў наконт сумаў выплатаў, ці ў сем’ях людзей, што не дажылі да выплатаў?

Канстанцін Прахарэнка адказаў так:

“Не. Гэта зацьвярджаецца заканадаўцам. У дадзеным выпадку зацьвярджалася нямецкім законам, там дакладна прапісвалася, каму і колькі. Можна казаць пра справядлівасьць альбо несправядлівасьць, але закон дакладна вызначаў”.

Пісьменьнік Валянцін Тарас узрушаны ўчорашняй праграмай Беларускага тэлебачаньня “Панарама тыдня”, дзе паказалі сюжэт пра вынікі кампэнсацыяў:

“Дык вось, журналіст абураўся менавіта тым, што немцы спынілі выплаты. Ён згадаў і Гёбэльса, і Буша, і Асьвенцім... І неяк забыўся, што скасаваныя льготы для ахвяраў нацызму ў Беларусі і ахвяраў сталінскіх.

Што гэта такое? Я нават ня буду казаць, добра ці кепска, што немцы спынілі выплаты. Гэта немцы. Чаму мы спынілі выплаты ахвярам нацысцкіх лягераў? Тут ёсьць над чым падумаць”.

Радыё Свабода

Гл. таксама:

“Нямецкі ўрад дапамагае ахвярам нацызму ў Беларусі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG