Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што арыштавалі Мікалая Гецмана?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскве затрымалі Мікалая Гецмана, сваяка былога кіраўніка справаў прэзыдэнта Івана Ціцянкова. Ад канца 1990-х гадоў Гецман знаходзіўся ў вышуку паводле справы былога старшыні аграаб’яднаньня “Расьсьвет” Васіля Старавойтава.

Мікалая Гецмана затрымалі ў Маскве ў кватэры, якую ён арандаваў. Гэта пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.

Былы намесьнік кіраўніка аграаб’яднаньня “Расьсьвет” Гецман з 1997 году быў у вышуку — ён праходзіў па справе былога старшыні “Рассвета” Васіля Старавойтава.

Двойчы Герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў вітаў затрыманьне свайго намесьніка, спаслаўшыся на асабістыя прычыны:

“Фактычна ён сфабрыкаваў гэтую справу. Гэтак я мяркую, хаця гэта, можа, і ня так. Але я ж бачыў ягоныя паказаньні, якія былі ў справе. Там адна хлусьня. Проста хлусіў, як хацеў”.

Апошнія гады Васіль Старавойтаў, які ў канцы 1990-х адседзеў у аршанскай калёніі два гады за крадзеж маёмасьці, не выключаў, што ягоны намесьнік жыве ў Англіі ці Нямеччыне.

Васіль Старавойтаў: Гецмана "прыкрываў" Ціцянкоў

Былы старшыня “Расьсьвету” згадаў, што пасьля суду, ужо знаходзячыся ў вышуку, Мікалай Гецман нібыта не асабліва хаваўся: прыяжджаў да сваякоў у вёску Мышкавічы, наведваў Клічаў і Бабруйск, дзе пабудаваў кватэры і катэдж.

Паводле Старавойтава, прыкрыцьцё Гецману нібыта забясьпечваў былы кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў, які даводзіцца Гецману сваяком:

“Гэта ягоны кум. А брат Ціцянкова ў Клічаве быў старшынём райвыканкаму. Гэта таксама ягоны сябра. Гэта яны ўцягнулі Лукашэнку ў тую багну, пра што я толькі цяпер здагадаўся”.

Нагадаю, з 1994 году Іван Ціцянкоў працаваў кіраўніком справаў прэзыдэнта Беларусі. У 1999 годзе сышоў у адстаўку і неўзабаве зьехаў у Расею.

Праз два гады ён даў інтэрвію, у якім распавёў скандальныя падрабязнасьці пра кіраваньне Аляксандра Лукашэнкі. Ён паведаміў, што грошы ад продажу зброі нібыта трапілі не ў бюджэт, а ў прэзыдэнцкі фонд.

З таго часу пра Івана Ціцянкова зьяўляюцца супярэчлівыя зьвесткі.

Куды падзеліся 45 тысяч даляраў?

У чым падазраюць Мікалая Гецмана? Паводле міліцыі яго вінавацяць у цяжкіх эканамічных злачынствах праз службовыя злоўжываньні.

Васіль Старавойтаў не выключае, што былому намесьніку могуць згадаць 45 тысяч даляраў, якія ён узяў у касе гаспадаркі і не вярнуў.

Паводле Старавойтава, гэтыя грошы Гецман меў перадаць камбінату харчаваньня Менскага трактарнага заводу, але туды яны не патрапілі. Васіль Старавойтаў не выключае, што гэтымі далярамі скарыстаўся не адзін Мікалай Гецман:

“Канечне, маючы такія сувязі! У іх столькі грошай было. І гэтыя 45 тысяч яны недзе тут круцілі”.

Датэлефанавацца да Івана Ціцянкова, каб атрымаць ягоны камэнтар да гэтай гісторыі, не ўдалося.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гл. таксама

Былы “галоўны заўгас” працягвае выкрываньні ("Независимая газета")

Уцёкі “вернага заўгаса” ("Независимая газета")
XS
SM
MD
LG