Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажуць гарадзенцы пра беларускія прафсаюзы?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці дапамагалі вам калі-небудзь прафсаюзы? Пра гэта, а таксама пра сваё стаўленьне да прафсаюзаў гавораць гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

Спадар: “Ніякай дапамогі ад прафсаюзаў я ніколі ў жыцьці не атрымліваў, праўду кажучы. Складкі плаціў заўсёды — але, можа, не было выпадку, ня ведаю, аднак рэальнай падтрымкі ад прафсаюзаў мне ніколі не было”.

Спадар: “Прафсаюзаў адзін пэрыяд не было, потым яны зноўку зьявіліся. Здаецца, вялікіх адрозьненьняў ад таго, якімі яны былі і якімі сталі, я штосьці так і не адчуў. Заплаці складкі — і на гэтым, напэўна, усё і сканчаецца”.

Спадар: “На жаль, я працую ў сыстэме МУС, дзе прафсаюзаў няма, таму я ад прафсаюзаў ніякай дапамогі ніколі ня меў”.

Спадар: “Колькі я ні зьвяртаўся, заўсёды мне выпісвалі дапамогу, пуцёўку ў санаторый, ніякіх пытаньняў. У нас на “Азоце” гэта добра наладжана”.

Карэспандэнт: “А ў вас на “Азоце” ёсьць таксама Незалежны прафсаюз”.

Спадар: “Быццам бы яго разагналі, не разагналі — ня ведаю. Я ў звычайным прафсаюзе знаходжуся”.

Спадар: “Я з прафсаюзамі даўно ня маю справы. Таму што яны мне нічога не даюць, толькі языком мянцяць. Я даўно выйшаў з прафсаюзу”.

Спадарыня: “Мы езьдзілі ў санаторыі, дамы адпачынку, лячыліся, дзяцей аздараўлівалі ў піянэрскіх лягерах. Прафсаюзы павінны быць, таму што гэта нашая абарона”.

Юнак: “На мой погляд, прафсаюзы зьяўляюцца ўсяго толькі дадаткам да адміністрацыі, і ў нашым цяперашнім грамадзтве яны выконваюць ня столькі ролю абароны правоў працоўных, колькі ролю яшчэ аднаго кантрольнага органу над гэтымі працоўнымі”.

Спадарыня: “Я кожны год атрымліваю пуцёўкі, дзіця езьдзіць на адпачынак, так што ўсё нармальна”.

Спадар: “Я цяпер інвалід другой групы па хваробе, але колькі я працаваў, ніколі ні пуцёўкі, нічога не атрымліваў. Прафсаюзы я лічу ўвогуле глупствам, яны нічога не даюць, толькі грошы бяруць”.

Спадар: “Калі я яшчэ вучыўся ў ПТВ, мне далі кніжачку — што я зьяўляюся сябрам нейкага прафсаюзу. Я гэтую кніжачку згубіў, ніхто мне ніколі нічога не прапаноўваў, ну і ад мяне ніхто нічога не патрабаваў. Гэта была чыстая фікцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG