Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ствараюць беларускую моладзевую арганізацыю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве, у будынку польскага парлямэнту было абвешчана пра стварэньне моладзевай арганізацыі “Маладое Адраджэньне”. Паводле старшыні арганізацыі Рамана Кавальчука, яе сябры “ідэалягічна блізкія да Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ”.

На прэсавую канфэрэнцыю ў Сэйм прыйшлі некалькі сяброў кіраўніцтва “Маладога Адраджэньня”, аднак Раман Кавальчук, які жыве ў Чэхіі, папрасіў нікога зь іх не фатаграфаваць і не запісваць, акрамя сябе, бо, паводле, ягоных словаў, “гэта можа быць небясьпечна для тых, хто працуе ў Беларусі”.

Арганізацыю плянуецца зарэгістраваць у “дзьвюх краінах Эўразьвязу”.

Кавальчук: “Мы ня бачым магчымасьці рэгістрацыі ў Беларусі нашай арганізацыі і не зьбіраемся перадаваць зьвесткі ўладам пра нашых сяброў і структуру. Структура будзе “гарызантальнай” – аўтаномныя групы ў Беларусі будуць каардынавацца пэўным чынам”.

Раман Кавальчук заявіў, што ў часе сустрэчы ў Варшаве “прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі” была абраная каардынацыйная рада арганізацыі і прынятае рашэньне аб правядзеньні ў Беларусі першых акцыяў. Гэта будуць дзьве інфармацыйныя кампаніі – аб неабходнасьці ўзмацненьня незалежнасьці Беларусі і аб карысьці супрацоўніцтва з НАТО.

Прадстаўнікі “Маладога Адраджэньня” сустрэліся таксама з кіраўнікамі моладзевай фракцыі кіруючай цяпер у Польшчы партыі “Права і справядлівасьць” -- “Форум Маладых”.

“Усе сілы, якія спрыяюць дэмакратызацыі Беларусі могуць разьлічваць на нашую падтрымку. У дадзеным выпадку для нас асабліва прыемна, што гэта арганізацыя, таксама як і нашая, правага накірунку”, - заявіў адзін зь лідэраў “Форуму Маладых” Радаслаў Фогель.

У часе прэсавай канфэрэнцыі Раман Кавальчук сказаў, што “Маладое адраджэньне” гэта “прыкладна 400 гатовых да працы актывістаў”, якіх “улада ня мае магчымасьці кантраляваць”.
XS
SM
MD
LG