Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Севярынец: “Суд прайграла ня я, прайгралі яны!”


Радыё Свабода Першамайскі раённы суд Віцебску адмовіў Тацяне Севярынец у аднаўленьні на працы. Пазоў настаўніцы да аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Віцебску адхілілі, і цяпер яна беспрацоўная.

Паводле пазову Тацяны Севярынец суд правёў тры пасяджэньні з удзелам пракурора і сьведкаў з абодвух бакоў.

Урэшце судзьдзя Тацяна Родзіна падтрымала пазыцыю раённага аддзелу адукацыі, кіраўнік якога Ўладзімер Шлома падпісаў загад на звальненьне Тацяны Севярынец.

Кастусь Севярынец, муж і давераная асоба спадарыні Тацяны падчас суду, з пастановай судзьдзі не згадзіўся:

“Я ня згодны катэгарычна з гэтым прысудам. Ён вынесены яўна паводле палітычных матываў, гэта было выразна відаць з трох судовых пасяджэньняў. Я ўбачыў людзей, якія хлусяць у вочы, якія топяць свайго калегу. Гэта не настаўнікі!

Я хачу сказаць, што загадчыкі аддзелаў адукацыі прыходзяць і сыходзяць. А Тацяна Яўгенаўна — яна настаўніца на ўсё жыцьцё. Гэта пацвердзілі і вучні, і іх бацькі. І яна настаўніцай застанецца!”

Напрыканцы сакавіка Тацяна Севярынец напісала заяву на адпачынак за свой кошт на час вясновых вакацыяў, атрымала дазвол дырэктара школы №40 Юр’я Лаўрэнава і вусную згоду кіраўніка раённага аддзелу адукацыі Ўладзімера Шломы.

Але праз колькі дзён загадчык адмяніў уласнае рашэньне, і, вярнуўшыся з адпачынку, Тацяна Севярынец даведалася, што прапусьціла шэсьць працоўных дзён.

Мы патэлефанавалі начальніку упраўленьня адукацыі Першамайскага раёну Віцебску Уладзімеру Шлому і папрасілі яго патлумачыць, чаму ён адмяніў свой дазвол на адпачынак Тацьцяне Севярынец. Камэнтаваць сваё рашэньне Уладзімер Шлома адмовіўся.

(Шлома: ) “Прашу, усе пытаньні ў суд. У суд, суд, суд! Зьвяртайцеся ў суд, там усе былі, і Тацьцяна Севярынец, усе былі ў судзе. Усе пытаньні ў суд, суд! Не да мяне.”

Настаўніцу расейскай мовы вышэйшай катэгорыі з 35-гадовым працоўным стажам звольнілі нібыта за прагулы. Паводле Тацяны Севярынец, сапраўдныя прычыны звальненьня загадчык аддзелу адукацыі назваў ёй у прыватнай гутарцы, калі яна вярнулася з адпачынку.

“Мяне выклікаў да сябе загадчык аддзелу, і ці не з другой фразы пачаў казаць: “Кінь займацца палітыкай, і ўсё будзе нармалёва”. Я папрасіла растлумачыць, што ён мае на ўвазе — я ж не старшыня нейкай партыі, нічога такога падобнага. Ён кажа: “А выбары?” Ну, тут мяне ўзьняло!

Я кажу: “Браць удзел у выбарах — гэта маё канстытуцыйнае права! Вы ведаеце маё стаўленьне да сёньняшняй улады, і вы добра ведаеце, што я яе не падтрымліваю!” Так што прысуд — гэта толькі фармальнасьць, дэманстрацыя быццам бы іхнай нейкай сілы. Але суд прайгралі яны — па духу!” — мяркуе Тацяна Севярынец.

Разам з даверанай асобай і адвакатам Міхаілам Замаліным спадарыня Севярынец зьбіраецца абскардзіць судовую пастанову.
XS
SM
MD
LG