Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дунілавічы: “Тут быў маслазавод, кожны божы дзень дзьвесьце кіляграмаў масла адпраўлялі на Варшаву”


Зьміцер Бартосік, Дунілавічы, Пастаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Слухаць:



Калісьці Дунілавічы былі павятовым і раённым цэнтрам, большым за Паставы. Мястэчкам зь дзясяткамі крамаў і прадпрыемстваў.

Але пра былую веліч нагадваюць ня толькі вялікі мураваны касьцёл ды габрэйскія могілкі. Старыя Дунілавічы жывуць ва ўспамінах старых местачкоўцаў і ў гаспадарлівасьці новых кіраўнікоў.

На Пастаўшчыне нядаўна адбылося невялічкае надзвычайнае здарэньне. Мясцовая раёнка неасьцярожна надрукавала вершы паэта-сатырыка з-пад Дунілавічаў Люцыяна Шчаснага. Слава паэта-бунтара пайшла па ўсім раёне, а ягоныя радкі дадалі сівых валасоў раённаму начальству.

Люцыяну Шчаснаму цяжка даць ягоныя шэсьцьдзесят пяць гадоў. І паводзінамі, і вачыма ён падобны на гарэзьніка-падлетка.



Шчасны: “Напісаў “Ні каня, ні бараны”, і якраз надрукавалі ў “Пастаўскім краі”. Там жа ж чуць не пасадзілі ўсю рэдакцыю. Я напісаў тое, што…

Майскі ранак, птушак сьпеў, ціхі ветрык вее. Хто загнуцца не пасьпеў, нешта рупна сее.

Ні каня, ні бараны, ні капейкі грошай. Нават дошак для труны не знайсьці харошых.

А на тым што дагніло, ветрык завывае. Нешматлюднае сяло ціха дажывае.

Гэта як хвароба. Я чуць не ў калысцы пісаў. Адукацыя ў мяне невялікая. Тры клясы царкоўна-прыхадзкой школы. Аблажылі мяне, як зьвера ў гэтым балоце. Там жа ж не друкуюць. Вось і сяджу ў апале”.

Менш за ўсё Шчасны любіць гаварыць пра Лукашэнку. І не з-за страху.

Шчасны: “Дохлага льва ніхто біць ня будзе. Значыць, жывы і небясьпечны”.

Карэспандэнт: “І чым болей мы пра яго гаворым...”

Шчасны: “Тым ён мацнее”.

Карэспандэнт: “А як на вашую думку, апазыцыя мае шанцы ў наступныя дзесяць гадоў?”

Шчасны: “Гэтая, як цяпер, — нешта ня тое. Трэба ісьці ў народ, у вёскі, трэба нешта зь людзьмі будаваць. А то неяк яна ўсё адасоблена, апазыцыя. Сіла ж у народзе. Трэба і выхадзіць. А людзей... Вы думаеце гэтым ладам задаволены нехта моцна? Канечне, не”.

* * * Цяжка паверыць, што калісьці Дунілавічы былі райцэнтрам, горадам, большым за Паставы. Мястэчкам зь дзясяткамі габрэйскіх крамаў, кавярнямі ды прадпрыемствамі.

Сёньня пра колішнюю значнасьць нагадвае хіба вялікі мураваны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, пабудаваны напрыканцы XVIII стагодзьдзя.

Найстарэйшы жыхар Дунілавічаў, Генрых Мажэйка, дзевяностагадовы высокі жылісты стары, згадвае, што вершаслкладальнікі тут заўжды вадзіліся.



Мажэйка: “Тут такі жыў Людвіг. Ён такі быў скрыпач і вершаплёт. На хаду такія вершы складаў. Вы танцуеуе, зараз жа на вас нешта прыдумае. Але такое сьмешнае!”

Карэспандэнт: “А вы памятаеце, як прыйшлі саветы сюды?”

Мажэйка: “Чаму ж я ня памятаю? Я ў трыццаць сёмым атрымаў атэстат. Я вучыўся ў Вільні год на кілбаснага майстра. Я выдатны майстар. Ня тое што цяпер — гадасьць робяць. Кілбасу нельга есьці. Ні водару, ні паху. Нейкая х... мокрая”.

Карэспандэнт: “А раней?”

Мажэйка: “Раней грамульку крухмалу паспрабуй пакласьці ў кілбасу, закрыюць цэх. А цяпер што кладзем? Кладзем нейкія сыропы для лепшай зьвязкі. Соевую муку. Сёньня хлябы вазьміце. Там пішацца цэлы склад. Раней гаспадыня сьпячэ хлеб — тыдзень ляжыць, і ён — як сёньня. А цяпер толькі працэнты і працэнты. Напічкаюць”.

Як усе сапраўдныя гаспадары, стары Мажэйка згадвае даваеннае жыцьцё за палякамі зь цеплынёй.

Мажэйка: “У нашай Беларусі ў разьвіцьці зямлі шлі гаспадары добра. На хутары ішлі. Дунілавічы таксама былі разьбітыя на хутары. Атрымай дакумэнты, можаш жыць і працаваць. Вайна, трыццаць дзявяты год. А так людзі мелі тры-чатыры каровы на хутары. Тут быў маслазавод, кожны божы дзень дзьвесьце кіляграмаў масла адпраўлялі на Варшаву. Людзі падняліся на ўзровень добры. Але што зробіш. Вайна”.



Але традыцыі руплівага гаспадараньня на гэтай зямлі жывуць. Дваццаць міжваенных несавецкіх гадоў адчуваюцца.

Калі будзеце ехаць у Дунілавічы з боку Вільні, дык не абмінеце страўсінай фэрмы — калгасу імя Суворава. Спалучэньне дзікае, але ж фэрма выглядае сапраўдным афрыканскім ранча.

У загоне з футбольнае поле бегаюць колькі дзясяткаў здаравенных птушак. Каля загарадкі, нібы ў заапарку, таўкуцца турысты зь дзецьмі. Тут жа ёсьць рэстаран, дзе можна смачна і вельмі нядорага паесьці.

Імідж гаспадара фэрмы (а дакладней, старшыні адкрытага акцыянэрнага таварыства) Алега Валадзько вельмі пасуе да гаспадаркі.

Які старшыня калгасу і Герой сацыялістычнай працы? Перада мною сядзеў сапраўдны сьвецкі леў у чорным гарнітуры і зь сівой шэвэлюрай. Такімі ў савецкім кіно любілі выяўляць паджыгацеляў вайны і варацілаў шоў-бізнэсу. Гаспадар кабінэту шырокім жэстам запрасіў за стол і прысунуў масіўную попельніцу.



Карэспандэнт: “Проста нейкім дысанансам выглядае ваша фэрма на тле ўсёй нашай рассавецкай Беларусі”.

Валадзько: “Вы ведаеце, у тым, што вы гаворыце глупства, я ў гэтым нават не сумняваюся. Вы сказалі глупства. Тут ніякай цяжкасьці няма. Толькі жаданьне”.

Карэспандэнт: “Калі ў чалавека ёсьць жаданьне...”

Валадзько: “Ён усё можа зрабіць. Калі ёсьць жаданьне, ёсьць і рашэньне. Толькі трэба моцна жадаць”.

Карэспандэнт: “Акрамя жаданьня патрэбныя яшчэ і законы”.

Валадзько: “Мне законы сёньняшнія не замінаюць трымаць той парадак, які неабходны”.

Карэспандэнт: “А страўсы тут зьявіліся... Гэта была нейкая палачка-выручалачка?”

Валадзько: “Пад гэта маецца эканамічнае абгрунтаваньне. Вы ведаеце, колькі людзей у нас памірае ад кардыялягічных захворваньняў? Сёньня Эўропа закупае ў ПАР каля 50 тысяч тон страўсінага мяса. Таму што яно займае ў халестэрынавым шэрагу самае нізкае месца”.

Карэспандэнт: “Гэта могуць дазволіць сабе людзі нябедныя. Правільна?”

Валадзько: “Усё можна сабе дазволіць, толькі трэба працаваць, працаваць, працаваць. А то мы прывыклі да таго, што нехта нам нешта павінен. Нам ніхто нічога не павінен. Я лічу сябе ў даўгу перад трыма катэгорыямі людзей. Перад хворым чалавекам. Інваліду я павінен азакаць дапамогу. І старому чалавеку я павінен дапамагчы. Усё, больш я нікому нічога не павінен”.

Карэспандэнт: “Ці часта сюды наведваюцца турысты?”

Валадзько: “Часта наведваюца. Уся гэтая сытуацыя заснаваная на тым, што чалавек павінен быць дабрэйшы. Чалавек, судакранаючыся з прыродай, становіца дабрэйшым. Таму што вырасла ўжо два пакаленьні людзей, якія бачылі сьвіньню толькі на патэльні”.

Але пакуль ёсьць людзі, якія жывуць не адно хлебам адзіным, будзе жыць і Беларусь. Слова паэту Люцыяну Шчаснаму.

Карэспандэнт: “А пастаўская раённая газэта? Былі якія водгукі?”

Шчасны: “Казалі — каб ён там здох. Тры дні цягалі на кавёр. Стружку здымалі за тое, што мае вершы надрукавалі. А там жа ж нічога дрэннага:

Мчалісь годы трудавыя. Патрудзілісь — хваціт. Лукашэнка грабавыя нам іспраўна плаціт. Лукашэнкі ўдруг ня станет, будзет новы хто та. Без чарцей ведзь не бывает нікагда балота”.

Карэспандэнт: “А вы не баіцеся?”

Шчасны: “Вы ведаеце, трошкі баяўся. Машына загудзіць, дык я ўжо зьбіраюся. Сухары быў сушыўшы. Але пранясло. Лукашэнка ж для мяне — самы лепшы таварыш. Я трыста тысяч атрымліваю пэнсіі. Нічога не раблю. Магу песьні сьпяваць, ніхто не чапае мяне. Але ж як я бачу гэты разлад, развал і ману…

Дык я вось пішу. Маўчаць не магу. Бо калі вы будзеце маўчаць, ён, я — пагінем. Дзяржавы ня будзе. Хлусьня загубіць. Савецкі Саюз загубіла хлусьня, загубіць і Беларусь. Мы нікуды ня рухаемся. Вы едзеце, паглядзіце, якія вёскі.

Калі натхненьня вал дзявяты цябе над сьветам узьнясе, ты ўспомні то, што ў вёсцы хаты ўжо амаль пустыя ўсе.

А горад — гэта дом публічны, растленьне цела і душы. Паэт, хоць, можа, й непрывычна, пра вёску вершы напішы”.

Карэспандэнт: “А гэты застой у нас надоўга?”

Шчасны: “Не. Ці доўга брэжнеўскі быў застой? Нічога не стаіць на месцы. Жыцьцё любое — гэта рух. Ці назад, у прорву. Ці ўперад. Ну, не хвалюйцеся. Сьвятло ў канцы тунэля ёсьць. І колькі б ні цягнулася ноч, сьвітаньне абавязкова наступіць”.
XS
SM
MD
LG