Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці выратуе дырэктыва №3 беларускую эканоміку?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

Аляксандар Лукашэнка 14 чэрвеня выдаў дырэктыву №3 аб эканоміі й беражлівасьці. Чаму менавіта цяпер зьявіўся гэты дакумэнт? Як ацаніць курс на дывэрсыфікацыю крыніц энэргарэсурсаў? Ці эфэктыўныя адміністрацыйныя мэтады эканоміі рэсурсаў?

Чаму спатрэбіліся надзвычайныя меры?

Валер Карбалевіч: “Само слова “дырэктыва” як бы сьведчыць пра нешта надзвычайнае. То бок, здарылася нешта незвычайнае і, каб выратаваць краіну, патрэбныя некія асаблівыя меры, бо звычайных захадаў недастаткова.

А між іншым Аляксандар Лукашэнка, іншыя афіцыйныя асобы кажуць, што мы пасьпяхова пераадолелі тыя праблемы, якія ўзьніклі на пачатку году і цяпер нашай эканоміцы нічога не пагражае. Як гэта стасуецца адно з адным? У чым сэнс гэтай дырэктывы? Чым можна патлумачыць яе зьяўленьне цяпер?”

Леанід Злотнікаў: “Зразумела, чаму ўлады імкнуцца супакоіць насельніцтва. Бо яны напужаныя тым ажыятажам з пакупкай валюты, які быў у пачатку году. Сытуацыя ў эканоміцы складаная.

Аналіз гандлёвага балянсу з Расеяй з пачатку году паказвае, што мы павінны выплаціць Расеі на 1 мільярд даляраў больш, чым мінулым годам.

І гэта павялічвае адмоўнае сальда замежнагандлёвага балянсу. Прычым, каля паловы яго атрымалася ад павышэньня цэнаў на энэргарэсурсы. Гэтым і тлумачыцца зьяўленьне дырэктывы”.

Кастусь Скуратовіч: “Зьяўленьне дырэктывы цалкам выцякае з стылю кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі: прамыя мэтады адміністрацыйнага ўзьдзеяньня з дапамогаю прэзыдэнцкіх указаў і дэкрэтаў. А дырэктыва — гэта вышэйшая форма адміністрацыйнага ўзьдзеяньня.

Насамрэч у нас вельмі шмат магчымасьцяў для эканоміі, бо шмат у краіне неахайнасьці й безгаспадарчасьці. Адзіны паказьнік, які з году ў год не выконваецца, гэта паказьнік зьніжэньня энэргаёмістасьці. А вось сёлета з пачатку году ён перавыкананы на 25%.

Мэтады эканоміі простыя. Напрыклад, адключэньне батарэяў ацяпленьня на прадпрыемствах. Але ва ўрадзе няма стратэгічнага разуменьня сутнасьці праблемы”.

Злотнікаў: “Ва ўмовах павышэньня цэнаў на энэргарэсурсы выявілася неэфэктыўнасьць беларускай эканомікі, яе неканкурэнтаздольнасьць. Прадпрыемствы Польшчы альбо Літвы вытрымліваюць цану за газ 200 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў, а многія беларускія прадпрыемствы не вытрымаюць цану 150 даляраў. Таму трэба штосьці рабіць”.

Як ацаніць курс на дывэрсыфікацыю крыніц энэргарэсурсаў?

Карбалевіч: “У дырэктыве замацаваны курс на дывэрсыфікацыю паставак энэргарэсурсаў, пошук альтэрнатыўных крыніц энэргіі. Такія захады робяцца ў іншых краінах. Напрыклад, у Эўразьвязе — найперш у Нямеччыне, там таксама даводзяцца дырэктыўныя заданьні для пераходу на біяпаліва. Як можна пракамэнтаваць гэтыя захады?”

Скуратовіч: “У Нямеччыне сытуацыя іншая. Там дамінуюць эканамічныя мэтады. Дзяржава кампэнсуе выдаткі на больш дарагое біяпаліва, і ўсё.

А ў нас ствараюцца камісіі дзеля кантролю. Памятаю, раней, калі працаваў у інстытуце, перад зімой прыходзілі ў наш пакой правяраць, ці заклееныя вокны. Так будзе і цяпер”.

Злотнікаў: “На Захадзе выкарыстоўваюць індыкатыўнае плянаваньне — то бок, з дапамогаю эканамічных мэтадаў, фінансаваньня навуковых дасьледаваньняў і іншага.

Колькі ўжо было дырэктыўных паказчыкаў для зьніжэньня энэргаспажываньня, але без асаблівых вынікаў. Калі няма матэрыяльнай зацікаўленасьці людзей у эканоміі, то добрых вынікаў ня будзе”.

Карбалевіч: “То бок, з камэнтароў маіх суразмоўцаў вынікае, што сама ідэя дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі нядрэнная, але падштурхваць да гэтага суб’екты гаспадараньня трэба эканамічнымі мэтадамі”.

Ці эфэктыўныя адміністрацыйныя мэтады эканоміі рэсурсаў?

Карбалевіч: “Дырэктыва прадугледжвае звычайныя для Беларусі адміністрацыйныя мэтады разьвязаньня эканамічных праблемаў: давесьці заданьне да суб’ектаў гаспадараньня, стварыць камісію для кантроля за эканоміяй і беражлівасьцю, караць і штрафаваць кіраўнікоў.

Дзеля кантролю за выкананьнем дырэктывы падключаецца нават КДБ. Як ацаніць эфэктыўнасьць адміністрацыйных мэтадаў?”

Скуратовіч: “Даўно даказана, што калі ў эканоміцы дамінуе не дзяржава, а ўласьнікі, то яны будуць зацікаўленыя самі ў эканоміі без дырэктываў. Тыя нашы суседзі, якія правялі рынкавыя рэформы, жывуць лепей нас без умяшаньня дзяржавы, сілавых органаў. Бо як КДБ будзе кантраляваць працу кацельняў? Змагацца з п’янствам сярод качагараў?”

Злотнікаў: “Калі гаворка ідзе пра буйныя праекты, дзе патрэбная канцэнтрацыя фінансаў, кшталту будаўніцтва атамнай электрастанцыі, то роля дзяржавы тут эфэктыўная. Бо беларускі бізнэс пабудаваць АЭС ня здольны.

Але калі гаворка ідзе пра спажываньне энэргіі, паводзіны суб’ектаў гаспадараньня, мільёнаў людзей, то тут дырэктыўныя мэтады неэфэктыўныя. Гісторыя СССР і іншых сацыялістычных краінаў гэта даказала”.

Карбалевіч: “Але ў рамках існай эканамічнай сыстэмы без адміністрацыйнага ціску нічога не працуе. Напрыклад, дасюль камунальная гаспадарка не была зацікаўленая ў тым, каб у кожнай кватэры зьявіліся лічыльнікі вады. Таму ЖЭСы сабатавалі гэты працэс. А вось паводле дырэктывы такія лічыльнікі павінны зьявіцца ў кожнай кватэры. І яе павінны будуць выконваць камунальныя службы”.

Злотнікаў: “Колькі гадоў таму ўлады загадалі паставіць такія лічыльнікі на ўвесь дом ці пад’езд. Як вынік, эканоміі не атрымалася, грошы былі страчаныя. А вось лічыльнікі вады ў кватэры — гэта разумнае рашэньне. Але ў нас старыя трубы, зь іх цячэ вада. А хто за яе будзе плаціць?

Яшчэ адзін прыклад марнатраўства ў дзяржаўным кіраваньні. Колькі гадоў таму зьявілася ўказаньне пераходзіць на мясцовыя віды паліва ў буйных гарадах, напрыклад, у Баранавічах. Кацельні перараблялі з газу на дровы, завозілі гэтае новае паліва. А ў той жа час маленькія гарады і вёскі, якія стаяць пасярод лясоў, газыфікавалі. То бок усё дагары нагамі. Чыноўнікі не адказваюць за страты”.

Скуратовіч: “У тых маленькіх населеных пунктах, якія газыфікавалі, можа адбыцца пераход назад на дровы, калі ў людзей ня будзе грошай, каб плаціць за газ. Але калі так адбудзецца, то без усялякай дырэктывы”.

Злотнікаў: “Яшчэ адзін момант. У дырэктыве адзначаецца, што энэргаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту ў нас у паўтара-два раза вышэйшая, чым у разьвітых дзяржавах. Насамрэч, гэтыя лічбы большыя. Бо ВУП разьлічваецца паводле афіцыйнага курсу даляра ў Беларусі. Але гэты курс штучны. У Беларусі апошнія гады курс даляра панізіўся больш, чым у Эўропе.

І па-другое. У нас палова ВУП ствараецца ў галіне паслугаў, дзе спажываньне энэрганосьбітаў нязначна адрозьніваецца ад разьвітых краінаў. А калі мы параўнаем сэктар вытворчасьці тавараў, то тут у нас энэргаёмістасьць у чатыры-шэсьць разоў большая, чым у разьвітых краінах.

А ў сельскай гаспадарцы пры вытворчасьці 1 кіляграму мяса энэргаёмістасьць у восем-дзесяць разоў большая, чым у разьвітых краінах. У такой сытуацыі павышэньне коштаў энэрганосьбітаў можа быць вельмі цяжкім для эканомікі”.

Карбалевіч: “Такім чынам, беларускія ўлады зьвярнуліся да звыклых адміністрацыйных мэтадаў вырашэньня энэргетычных праблемаў. У межах створанай у Беларусі сацыяльна-эканамічнай мадэлі ніякія іншыя мэтады ня могуць быць выкарыстаныя”.
XS
SM
MD
LG