Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэнсіянэры гатовы цярпець, абы не было вайны....”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адной з галоўных тэмаў нашай пошты апошніх тыдняў застаецца ініцыяваная ўладай адмена сацыяльных ільготаў. Згодна з прынятым нядаўна законам, беларускія пэнсіянэры, інваліды і студэнты ў хуткім часе ня змогуць за паўцаны езьдзіць у грамадзкім транспарце, мець зьніжкі пры аплаце лекаў і камунальных паслугаў. Гэта навіна атрымала шырокі розгалас у грамадзтве. Вось як апісвае рэакцыю на яе сваіх землякоў наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Тыя людзі, якія льготаў ня мелі, Лукашэнку падтрымліваюць,– паведамляе слухач. – А вось для тых, у якіх пэнсія мінімальная, страта льготаў – адчувальная. Асабіста я дагэтуль езьдзіў у аўтобусе бясплатна, як інвалід трэцяй групы. Цяпер, відаць, давядзецца плаціць. Калі споўніцца 60 год, пэнсію мне дзяржава дасьць тысяч 114-120, ня больш. Карацей, “мінімалку”.

Пэнсіянэры гатовы цярпець пэўны тэрмін, абы не было вайны. Тэлебачаньне палохае іх ракетамі, амэрыканскай агрэсіяй. Маўляў, глядзіце, што робіцца ва Украіне…І яны вераць прапагандзе. Але пры гэтым пытаюцца ў мяне: “Ці не чуваць, калі падвышэньне пэнсіяў будзе? Свабода не гаворыць?” Дык я ў адказ: Слухайце самі Свабоду – даведаецеся. Радыё даступна кожнаму”.

Увогуле, пасьля таго, як Свабода паведаміла пра справы ў нашым ляхавіцкім калгасе, людзі нярэдка зьвяртаюцца да мяне, думаюць, што я чымсьці магу дапамагчы, нешта зрабіць. А я толькі канстатую факты. Людзям жа раю зьвяртацца ў раён ці сельсавет”,–
напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Год таму, калі сацыяльныя льготы вырашыў упарадкаваць урад Расеі, расейскім пэнсіянэрам быў прапанаваны выбар: альбо – льготы, альбо – значнае падвышэньне пэнсіі. Выбіралі па-рознаму. Многія аддалі перавагу падвышанай пэнсіі. Бо што з таго права на льготны праезд, калі чалавек жыве ў лясной вёсцы, да якой не даходзіць ніводзін рэйсавы аўтобус?

У Беларусі такога выбару пэнсіянэры не атрымалі. Льготы ад іх адбіраюць, а кампэнсацыі абяцаюць нейкія ня надта ўцямныя. Маўляў, вось распрацуем адмысловы прэзыдэнцкі дэкрэт і кампэнсуем страты толькі тым, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу. А хто сярод беларускіх пэнсіянэраў патрэбы ў гэтым ня мае? Хіба што былыя “вертыкальшчыкі”, дэпутаты ды генэралы. Тыя загадзя знайшлі шмат спосабаў, каб сустрэць старасьць зусім інакш, чым равесьнікі з рабоча-сялянскага асяродзьдзя, якія пражылі працоўнае жыцьцё бяз чыноўніцкіх пасадаў і бліскучых пагонаў.

Наш слухач Юрась Навіцкі зь Менску ў новым лісьце на Свабоду распавёў пра сваю перапіску зь Міністэрствам абароны. Размова ідзе пра назву вайсковай вучэльні для будучых афіцэраў. Тое, што гэта вучэльня называецца “сувораўскай”, спадар Навіцкі лічыць зьнявагай для беларусаў, паколькі расейскі палкаводзец Сувораў на беларускіх землях ажыцьцяўляў захопніцкую палітыку расейскай імпэрыі. Кіраўніцтва Міністэрства абароны на запыт адказала наступным чынам (цытую афіцыйны ліст):

“Ваш зварот разгледжаны на нарадзе афіцэрскага складу вучылішча, паседжаньні грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Сувораўска-Нахімаўскі саюз”, якія не падтрымалі Вашу прапанову. Такім чынам, унясеньне зьменаў ў назву вучылішча Міністэрствам абароны не падтрымліваецца”.

Юрась Навіцкі камэнтуе гэту пазыцыю Мінабароны ў сваім лісьце на Свабоду. Ён піша:

“Дык вось хто насамрэч кіруе нашым Міністэрствам абароны! Але ж гісторыі не вядомыя факты таго, як расейскі адмірал Нахімаў вадзіў свой марскі флёт па тэрыторыі Беларусі. Затое добра вядома, як праславіўся на Беларусі акупант, карнік і кат Сувораў.

Ужо 16 год, як мы нарэшце вызваліліся ад расейскай акупацыі, але назваць нешта імёнамі беларускіх герояў-патрыётаў нам нават сёньня не дазваляе нейкі “саюз” імя чужынца-карніка, што гэткіх жа патрыётаў бязьлітасна зьнішчаў!”,
– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Юрась Навіцкі зь Менску.

Праблема даўняя, пра яе Свабода ня раз распавядала ў сваіх перадачах. Размова тут ня толькі пра Суворава. Сотні (калі ня тысячы) вуліц плошчаў, калгасаў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў у Беларусі названы імёнамі камуністычных правадыроў і функцыянэраў, савецкіх камісараў і генэралаў з сумнеўнай рэпутацыяй, літаратараў і культурных дзеячоў іншых краінаў, якія калі чым і вызначыліся, дык толькі нястрымным усхваленьнем камуністычнага рэжыму… Думаю, рана ці позна беларусы задумаюцца і пра гэту частку сваёй гісторыі і таго культурнага асяродзьдзя, у якім жывуць – так, як гэта зрабілі амаль усе суседнія народы.

Дарэчы, спадар Навіцкі, я зьвярнуў увагу на тое, што адказ Вам зь Міністэрства абароны, дасланы генэрал-маёрам Гурам, напісаны на добрай беларускай мове. І пры гэтым генэрал, нібы апраўдваючыся, падкрэсьлівае, што вучылішчы названы “сувораўскімі”, а не імя Суворава, а таму, маўляў, у найменьні выказана сутнасьць сыстэмы выхаваньня, а не ўшанаваньне імя Суворава. Тэзіс, вядома, спрэчны. І ўсё ж – яшчэ нядаўна цяжка было ўявіць, каб у Беларусі з армейскім генэралам афіцыйна можна было дыскутаваць на гэту тэму. І тым больш – на беларускай мове.

Тадэвуш Ляшчынскі з Горадні ў сваім лісьце на Свабоду разважае пра стан сёньняшняй сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі. Ён піша:

“Днямі пачуў па Свабодзе, што ў Беларусі не хапае трох тысяч лекараў. А куды ж яны падзеліся, калі ўсе мэдычныя ўнівэрсытэты ў нас працуюць на поўную моц, і нават пашыраюць прыём студэнтаў? Я ведаю адказ, паколькі мой сын у свой час скончыў мэдінстытут і некалькі гадоў працаваў доктарам у Менску. За цяжкую і адказную працу ў шпіталі яму плацілі 100 даляраў у месяц. А за кватэру ён тады павінен быў аддаваць 120.

Ужо некалькі гадоў ён працуе лекарам у Польшчы. Заробак у яго цяпер – каля тысячы эўра за месяц. Кажа, што і там, відаць, доўга не затрымаецца: новыя сябры і калегі клічуць у Вялікую Брытанію, дзе самы нізкі заробак у доктара-замежніка – больш за тры тысячы эўра. Многія польскія мэдыкі менавіта туды едуць на заробкі, з прычыны чаго сама польская мэдыцына адчувае дэфіцыт кадраў.

Беларускім дактарам за апошнія гады заробкі крыху падвысілі. Але якое гэта падвышэньне, калі ўлічваць, як хутка ў нас расьце кошт жыцьця? На што можа разьлічваць малады доктар у дзяржаўным шпіталі? На 200 даляраў? А самая танная аднапакаёвая кватэра ў Менску каштуе 60000 даляраў. Дык за колькі гадоў ён здолее назьбіраць на ўласнае жыльлё? Акурат перад пэнсіяй. І то, калі кошты на кватэры ня зьменяцца (у што верыцца зь цяжкасьцю) . Пры такім стаўленьні дзяржавы да сыстэмы аховы здароўя ў нас добрых дактароў хутка ўвогуле не застанецца, а самі мы будзем душыцца ў яшчэ даўжэйшых чэргах у паліклініках. І асабіста я выйсьця з гэтай сытуацыі ня бачу. У дзяржавы ў сёньняшніх умовах проста няма грошай на тое, каб плаціць дактарам тыя грошы, якія варта даваць за такую складаную і адказную працу”,
– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Тадэвуш Ляшчынскі з Горадні.

З грашыма на мэдыцыну ня ўсё так проста, спадар Ляшчынскі. У дзяржавы знаходзяцца сотні мільёнаў даляраў на дарагія новабудоўлі – спартовыя арэны, лядовыя палацы... Чаму ж гэтых грошай няма на зарплату мэдыкам? Як магло стацца, што дробны столаначальнік, які перакладвае паперкі ў райвыканкаме, атрымлівае ў выглядзе заробкаў, прэміяў, санаторных пуцёвак і рознага кшталту льготаў пры атрыманьні жыльля і пэнсіі ад дзяржавы ў некалькі разоў болей, чым кваліфікаваны доктар, які працуе ў паліклініцы?

Усю сыстэму аховы здароўя ў Беларусі, хутчэй за ўсё, чакае кардынальная рэформа. Адукаваны і дасьведчаны доктар ня будзе працаваць за тыя ж грошы, якія плацяць прыбіральшчыцы ў якім- небудзь “Белтрансгазе”. Ён альбо знойдзе месца ў платным мэдцэнтры, альбо зьедзе за мяжу. Альбо зьменіць працу і стане прыватным прадпрымальнікам. І дзяржаўная сыстэма аховы здароўя ў выніку сутыкнецца зь яшчэ большай кадравай праблемай, з натоўпамі незадаволеных хворых і катастрафічным зьніжэньнем прафэсійнага ўзроўню.

На заканчэньне – фрагмэнт зь ліста Барыса Руцько з ь Менску – даўняга і пасьлядоўнага крытыка беларускай апазыцыі. Слухач піша:

“Сёньня ўсім відавочна, што неабходна як мага хутчэй стварыць альтэрнатыву як рэжыму, так і гэтай апазыцыі – БНФ, АГП, сацыял-дэмакратам, апазыцыйным камуністам ды іншым… Рэжым выкарыстоўвае незаконныя мэтады барацьбы зь няўгоднымі, а гэта апазыцыя займаецца дыскрэдытацыяй новых разумных лідэраў і актывістаў. Да таго ж, яна дэманструе ўсім толькі “карцінку” – імітацыю барацьбы. Гэта ёсьць псэўдабарацьба. У выніку рэжыму патрэбна такая апазыцыя, а гэтай апазыцыі патрэбен такі рэжым. Усе яны добра ўладкаваліся і прыстасаваліся”, – напісаў у сваім лісьце на Свабоду Барыс Руцько зь Менску.

Вядома, спадар Руцько, было б няблага, каб дэмакратычная апазыцыя мела ўсенародную падтрымку, таленавітых харызматычных лідэраў і крочыла ад перамогі да перамогі ў змаганьні з аўтарытарызмам і парушэньнямі правоў чалавека. Ды толькі дзе ж такую апазыцыю і такіх лідэраў узяць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG