Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто паедзе на “Басовішча”


Севярын Квяткоўскі, Менск Завяршыўся конкурс “Адборышча”. Пераможцамі сталі гурты “РоСтра”, “Фляўс і Кляйн”, “Indra”, “SKA!RB”, “Sok”, “Termin X”, “Unia”, “Weeping Twilight” і “ZigZag”.

Менавіта гэтыя гурты паедуць на фэстываль беларускай музыкі “Басовішча”, які ад 1990-га году ладзіцца на Беласточчыне. З польскага боку фэстываль ладзіць БАС (Беларуская аб’янаньне студэнтаў), зь беларускага сярод арганізатараў – музычны партал “Тузін гітоў”. З больш як пяцідзесяці заявак былі адабраныя дваццаць прэтэндэнтаў, зь іх адзін гурт – “Lilith” – абраны наведнікамі “Тузіну Гітоў”. А дзевяць – праз журы, якое сярод іншых складалася з музычных аглядальнікаў незалежных мэдыяў і прадстаўнікоў інтэрнэт-парталу Generation.by.

Многія з прэтэндэнтаў адно чулі пра “Басовішча”, але ніколі там не былі. Гаворыць магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў, які прыехаў з гуртом “Заточка”:

“Я дапамагаю гурту з тэкстамі, на “Басовішчы” яшчэ не бываў. Гэта проста цікавая вандроўка”.

Многія маладыя музыканты казалі, што выступ на “Басовішчы” – адзіная для іх магчымасьць максымальна шырока паведаміць беларускай публіцы пра сваю творчасьць.

Удзельнік берасьцейскага гурту “Сьцяна” Андрэй паедзе на “Басовішча” пяты раз:

“Добра зьезьдзіць на клясны фэстываль, ня так шмат бывае фэстываляў у Беларусі. Гэта магчымасьць выехаць (за мяжу), і разам памарыць: што калісьці тэарэтычна павінна быць у нас у Беларусі”.

Я запытаўся ў музычнага аглядальніка Сяргея Будкіна ці магчыма з “Басовішча” зрабіць альтэрнатыву захапленьню “Эўравізія”? “Можна, былі б грошы і жаданьне”, – адказаў Сяргей, і дадаў:

“Наогул ня варта параўноўваць “Эўравізію” з “Басовішчам”. “Эўравізія” – фэстываль поп-песьні, “Басовішча” – андэграўнднае мерапрыемства, прадстаўленае гуртамі, якія ніколі ў жыцьці ня будуць граць на “Эўравізіі”. Хіба што дзеля прыколу”.

За “Адборышчам” пільна назіраў польскі бізнэсовец і прадусар Ігар Знык. Я запытаўся чым ёсьць для спадара Зныка занятак маладымі беларускімі рок-гуртамі?

“Калі ў Беларусі зьявіцца музычны рынак, – гэта, ясна, залежыць ад палітычных перамен, – гэта можа стацца і ня хобі, але пакуль гэта абсалютна хобі”, – кажа Знык.

Сёлета “Басовішча” бузе ладзіцца ад 19 да 21 ліпеня. Апроч конкурсу маладых гуртоў, будуць выступы гасьцей зь Беларусі, Літвы і Польшчы.

• Пачаўся першы тур “Адборышча”, 15.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG