Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада ААН зьбіраецца выключыць Беларусь з “чорнага сьпісу”


Алена Струвэ, Менск Рада ААН у правох чалавека можа скасаваць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Гэтае пытаньне вырашыцца сёньня ў Жэнэве. У выходныя, напярэдадні апошняга дня працы сэсіі Рады, 47 краін-удзельніц узгаднялі кампраміснае пагадненьне аб новым мэханізме назіраньня за сытуацыяй з правамі чалавека. Згодна з гэтым пагадненьнем, назіраньне будзе пэрыядычна праводзіцца ва ўсіх 192-х краінах, а ня толькі ў тых 11-ці, якія маюць “дрэнную рэпутацыю”. Фармальна скароціцца і колькасьць праблемных краін. Замест 11 іх стане 9. З “чорнага сьпісу” будуць выключаныя Беларусь і Куба.

Як падае агенцыя Reuters, нягледзячы на тое, што галасаваньне адбудзецца сёньня, кубінская дэлегацыя ўжо ўчора сьвяткавала перамогу. У часе выпрацоўкі кампраміснага рашэньня Куба разам з Расеяй, Кітаем, мусульманскімі дзяржавамі, выказала сваю падтрымку Беларусі і запатрабавала скасаваньня мандату спэцдакладчыка ў гэтай краіне.

З боку так званай “усходняй большасьці” Рады прагучала чарговая крытыка на адрас дакладчыка Адрыяна Сэвэрына. Гаварылася, што на падставе такіх справаздач ствараецца некарэктнае ўражаньне пра стан правоў чалавека ў маладых краінах ды ажыцьцяўляюцца памылковыя захады супраць іх урадаў.

Як сьведчаць прадстаўнікі гэтак званай “заходняй меншасьці”, альбо 8-мі краін Эўразьвязу, чакаць нейкіх аб’ектыўных падыходаў ад краін, якія самі парушаюць правы чалавека, цяжка. Пасьля ўчорашняга паседжаньня відавочна наступнае:

“Спэцдакладчыкі застануцца ў Самалі, Гаіці, Судане, Бірме, Паўночнай Карэі, Камбоджы, Конга, на палестынскіх тэрыторыях, – паведаміў Reuters адзін з эўрапейскіх амбасадараў у ААН. – Аднак Кубу і Беларусь мы, праўдападобна, страцім. Трапіўшы пад пэрыядычнае назіраньне, гэтыя краіны, як і іншыя, будуць рэальна правярацца раз на чатыры гады”. Амбасадар Нямеччыны – краіны , якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе Міхаэль Штайнэр, заклапочаны беларускай сытуацыяй і тым, што назіраць за ёй ў пэрспэктыве стане яшчэ цяжэй:

“Вы разумееце, усё, што сыходзіць ад нас, натуральна, аспрэчваецца і вельмі цяжка прасоўваецца. Мы знаходзімся ў меншасьці – 8 з 47 краін. Аднак, мы не сядзім, склаўшы рукі, і мы ведаем, чаго мы хочам. Мы спадзяёмся на падтрымку і атрыманьне зьвестак ад няўрадавых арганізацыяў, грамадзянскай супольнасьці. Будзем глядзець, як сёньня ўсё складзецца. Мы хочам вынікаў, аднак ня хочам вынікаў любым коштам.”

Сябры Рады ААН ад Эўразьвязу таксама заявілі, што не падпішуць пагадненьня, калі яно ня будзе даваць магчымасьці прызначаць новых назіральнікаў у новыя краіны.

Учора прэзыдэнт Рады ААН - Люіс Альфонса дэ Альба з Мэксікі, пад чыім кіраўніцтвам быў распрацаваны кампрамісны дакумэнт, заклікаў усе 47 краін-сяброў падтрымаць пагадненьне цалкам і не прымаць нейкіх паправак у апошні момант. Менавіта такім чынам, на яго думку, можна захаваць далейшую працаздольнасьць і аўтарытэт Рады.

Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый лічаць, што Рада ААН рызыкуе стаць бездапаможнай структурай без магчымасьці кантраляваць сытуацыю ў праблемных краінах.

У размове з Reuters генэральны сакратар Amnesty International Айрын Хан сказала, што “Рада ААН павінна назіраць за сытуацыяй у краінах кшталту Беларусі і прымаць адпаведныя рашэньні”.

• Ці будзе даклад Сэвэрына па Беларусі апошнім?, 11.06.2007 • Беларусь не абраная ў склад Рады ААН у прaвох чалавека , 17.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG