Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Мая Беларусь”: “Падавайце сьвету знакі сьвятла сваёй Бацькаўшчыны”


Радыё Свабода З аглядам чацьвёртага фотатыдня вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 7 чэрвеня – 14 чэрвеня.

Удзельнікі:

Ала Таранко зь Віцебску Надзея Сычугова Аксана Рудовіч Zorna Слава Валерыя Кустава Георгі Карніцкі Таня Мірановіч Тоня Вежнавец Даніла Гуркін Сястра Жана Сяргей Міхальчук зь Берасьця Аляксей Адамовіч Яраш Антон Якутовіч зь Пінску Аксана Лунінец Кася Шумская Аляксандар Фірулёў Віталь Бразоўскі Руслан Бугаевіч Аля Волкава Viachaslau

Усім дзякуй! (гл. таксама: Ліставаньне)

Сёньняшнія рубрыкі:

Агляд фотаскрыні (59 здымкаў) Здымак тыдня Ліставаньне Як атрымаць прыз (другая абвестка)

АГЛЯД ФОТАСКРЫНІ

Васільковая тэма

Яна ўсё ж зьявілася! І я не хаваю радасьці...

І колькі аўтарскага пачуцьця ў словах Касі Шумскай, напісаных, праз адно, зь вялікай літары.



(с) Кася Шумская. Вы ўявіце Сабе, Калі Ласка, як Усё гэта Гудзе, Шамаціць, Дыхае Свабодай... Мазыршчына, в. Лучажэвічы



(с) Кася Шумская



(с) Кася Шумская

Бел-чырвона-белае

“Як прыгожа, і як блізка – наш беларускі сьцяг сярод украінскіх ружаў”, – напісала, быццам усклікнула ад захапленьня, Надзея Сычугова.



(с) Надзея Сычугова. Беларускі сьцяг сярод украінскіх ружаў

Пачуцці Надзеі хвалююча пераклікаюцца з аналягічным матывам на здымку Вячаслава.



(с) Вячаслаў. Беларускі гвазьдзік

Тэма нацыянальнай сымболікі, убачаная ў флярыстычных спалучэньнях, дапаўняецца дынамічнымі сюжэтамі Тоні Вежнавец. Зь яе досыць ёмістай і цікавай калекцыі я выбраў менавіта гэтыя два, якія даносяць да нас подых вулічных акцый беларускай салідарнасьці і беларускага супраціву. Надзіва сугучныя зь імі і дзьве выдатныя фотакампазыцыі ад аўтара, імя якога выпадкова сьцёрлася ў маёй фататэцы. Адгукніцеся, шаноўны спадар, і мы паўторым Вашу публікацыю на наступным тыдні. Заадно паведамце, калі захавалі, якія-кольвек зьвесткі пра гераіню і абставіны першага здымка.



(с) Тоня Вежнавец. Сьцягі вясновага Менску



(с) Тоня Вежнавец. Сьцягі вясновага Менску



(с) Аўтар (?). Сьвяточны дзень



(с) Аўтар (?). Твар у твар

Сьветлавобразы Радзімы

Ліст зь Ліёну, што ў Францыі:

“Праглядаючы колькі тыдняў запар фатаздымкі конкурсу, – піша Георгі Карніцкі, – вагаюся, адправіць ці не свае працы да Вас на разгляд. У мяне іх няшмат, бо фатаграфую часьцей падчас адпачынку ці працы на Беларусі, калі бываю дома паміж вучобы. З-за межаў краіны зусім па-іншаму ацэньваюцца тыя самыя мясьціны. Хутка ўжо год як я стараюся рабіць рэкляму нашаму краю – альбо ў сеціве, альбо падчас выставаў фотамастакоў-аматараў. Прыемна, што ў Эўропе людзей цікавіць наш край і ягоныя вобразы, толькі, на жаль, у цяперашніх умовах, што да Беларусі, разьвіцьцё турызму, бадай, рэч складаная і наўрад ці магчымая. Гэта, аднак, не падстава западаць у роспач. Будзем разам працаваць на карысьць Бацькаўшчыны-Беларусі”.

Дарэмна вагаліся, Георгі. Выбар сюжэтаў (а лепш сказаць, вобразаў), якія Вы нам прыслалі, і Вашы кароткія словы на знаёмства характарызуюць Вас вельмі станоўча. Кожная праца не паўтарае іншую, кампазыцыі патрафляюць настроям нашага конкурсу, а Ваша зацікаўленьне вартае падтрымкі і ўдзячнасьці. Падаваць у сьвет знакі сьвятла сваёй Радзімы – вядома ж, карысная справа. Лістуйце. Да сувязі!



(с) Георгі Карніцкі. Блакітная чысьціня красавіцкага ранку. Мёршчына (Мёры), 2007



(с) Георгі Карніцкі. Тры крыжы



(с) Георгі Карніцкі. Беларуская прадбачлівасьць. “Здымак гэтага году. На мяжы з Латвіяй, у дамку жыве адна бабулька 75 гадоў”, – дадае аўтар.

Аўтар наступнага здымка Даніла Гуркін вучыцца на 3 курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Дасланыя кадры рабіліся з тэлефона, паведаміў ён.

Я выбраў найлепшы зь ягоных здымкаў. Нягледзячы на нестандартны памер (бракуе аб’ёму) ён выглядае досыць прэзэнтабельна. Сьветлавыя дыяганалі над гарызонтам і палёт качкі ствараюць адзіны імклівы рытм, які па-свойму бадзёрыць і натхняе. Гэта ўдала злоўлены вобраз новага дня і гэта, магчыма, першая ўдача фотааматара.



(с) Даніла Гуркін. Палёт, які не згубіўся ў сусьвеце. Менск, Уручча



(с) Аксана Рудовіч. Садзім бульбу



(с) Аксана Рудовіч. Дзяўчына ды кот



Фота-ліст ад Алі Волкавай. “Можа, – сумняецца яна, – мой фотаздымак ня самы якасны і прыгожы, але ў памяці той час – чатыры гады таму – пакінуў наймацнейшы адбітак”.

Дзякуй, Аля, за шчырыя словы. І Ваша прызнаньне, і фотаўспамін – як адбітак шчасьлівай хвіліны жыцьця – узбагачаюць наш конкурс новай лірычнай фарбай, надзвычай пасуюць зьместу: “мая Беларусь” – гэта і сьветлыя імгненьні, перажытыя на нашай вечнай Бацькаўшчыне. І назва ў Вас вельмі ўдалая. Адзінае, што Вы пакінулі таямніцай, – бадай, цудоўнай таямніцай! – дзе гэты горад і сьцежачка паўз раку (якую?)... А што здымаеце сёньня?



(с) Аля Волкава. У тваім горадзе была вясна...

“Дасылаю фота касцёла сьв.Веранiкi ў вёсцы Селiшча Вушацкага раёна, – чытаю электронны ліст ад Алы Таранко зь Віцебску. – Ён пабудаваны ў 1726 годзе. Была на канiкулах у Вушачах i езьдзiла паглядзець на гэты помнiк мiнулага. Нават у такiм стане касцёл уразіў мяне сваёй магутнасьцю, моцаю сьцен. Глядзіш і ўголас прамаўляеш: “Якая даўніна, якая веліч!”

Рыгор Барадулін, стоячы ля гэтых Селішчанскіх муроў, неяк выказаў суцяшальна-несуцяшальнае: “Касьцёл у сэрцы нельга зруйнаваць”.



(с) Ала Таранко. Каля Селішчанскага касьцёла на Вушаччыне



(с) Тацяна Мірановіч. Сьвята-Багаяўленскі сабор у Полацку



(с) Аляксандар Фірулёў. Разбураная Царква Зьвеставаньня ў мястэчку Друя Браслаўскага раёна

Ці клюе на Беларусі?

Тэму рыбалкі (заўважу, ня менш актуальную на гэты час, чым “васількі ў жыце”) распачынае здымак зь дзівосным сьвятлом успаміну ад Антона Якутовіча, якому я найперш хачу падзякаваць за актыўны ўдзел у нашым фатаконкурсе. Абодва адлюстраваньні, удакладняе аўтар, зробленыя на рацэ Прыпяць. Геаграфічнае знаходжанне – Пінскі раён. Пра першае сп.Антон нічога ня кажа, апроч таго, што гэта бераг сярэдзіны 1990-х гадоў. Магчыма, сьціпла ўтаіў шчасьлівы эпізод свайго дзяцінства? Хачу прынагодна зьвярнуцца да шаноўнай аудыторыі: часьцей дзяліцеся рэтра-сьвятлом!



(с) Антон Якутовіч. Гонар хлопчыка – і за сваю раку, і за першае рыбацкае шчасьце



(с) Антон Якутовіч. І хвіліны чаканьня, і размова з прыродай

Да тэмы палескай рыбалкі далучаем і фота-заранку Валер’я Казюмінскага з тонкім настроем шчасьлівай рыбацкай самоты.



(с) Валеры Казюмінскі. На возеры Сяргеявіцкае (Менская вобласьць, непадалёк ад Рудзенска, што ў Пухавіцкім раёне)

Гарадзкі вэрнісаж

Вэрнісаж гарадскіх краявідаў распачнем панарамай Віцебску. Яго даслала Сястра Жана, якая жыве за мяжой, але стала наведвае бацькоўскі край, беручы з сабой у “сьвет”, у шлях зваротны, вобразы Радзімы.



(с) Сястра Жана. Віцебскія матывы



(с) Сястра Жана. Віцебскія матывы-2



(с) Сястра Жана. Дзень добры, Віцебск! ...І бывай!

Зачароўваюць архітэктурныя сьветлавобразы ў вячэрніх адлюстраваньнях Валер’я Казюмінскага. На першым здымку бачым вуліцу Герцэна, зусім побач з храмам Сьвятога Язэпа, дзе 16 чэрвеня, у Дзень беларускай салідарнасьці, адбылася супольная малітва за зьберажэньне сьвятых сьценаў ад руйнаваньня.



(с) Валеры Казюмінскі. Вячэрні Менск. Вулічка Верхняга горада. 2005



(с) Валеры Казюмінскі. Вячэрні Менск. Раён ГУМа на праспэкце Скарыны

Перад наступным здымкам (з калёнамі Палаца Рэспублікі) мушу запыніцца і прыгадаць, што так званы палац, збудаваны па лекалах камуністычнай ідэалёгіі, засланіў гістарычны сылюэт старога Менску (Верхняга горада). На стадыі ўзьвядзеньня “калёнаў” будынак празвалі “саркафагам”. Нарэшце, калі ўспомніць леташнюю інаўгурацыю прэзыдэнта, дык гэты палац з “калёнамі” на плошчы Каліноўскага – адзін з бастыёнаў цяперашняга рэжыму.



(с) Валеры Казюмінскі. Вячэрні Менск. Калёны Палаца Рэспублікі

Свой погляд на менскія вуліцы выказаў таксама Сяргей Міхальчук зь Берасьця.



(с) Сяргей Міхальчук. На Траецкай гары. Менск

Праект ад Валярыны

А цяпер завітаем у менскія двары. “Спробы аб''ектыву” падае знаная паэтка Валерыя Кустава. Свой праект яна назвала “Менскія двары”. Пажадаем Валярыне сьветлаценевых вобразаў і мэтафар, ня менш цікавых, чым у ейнай паэтычнай творчасьці. Зь нецярплівасьцю будзем чакаць працягу.



(с) Валерыя Кустава. Там, за дзьвярыма...



(с) Валерыя Кустава. За брамай дрымае вясна



(с) Валерыя Кустава. Фіялет

Прыканцы завітаем у Нясьвіж і Мір – мясьціны Ўсясьветнай культурнае спадчыны.



(с) zorna. Нясьвіж. Возера Дзікае. Палац Радзівілаў (паўднёвы бок). Травень 2007



(с) zorna. Пэрспэктыва, дзьмухаўцы. У Нясьвіскім пэйзажным парку (Марысін або Новы парк). Травень 2007



(с) zorna. У Нясьвіскім пэйзажным парку. Выгляд з Марысінага парку на Азярыну (Стары парк). Травень 2007



(с) Аляксандар Кушнер. Фарны касьцёл у Нясьвіжы. Званіца



(с) Руслан Бугаевіч (аўтар электроннага ліста). Мірскі замак, якім яго ўбачыў мой брат

Перад сьвятлом яе вачэй

Фота ад Яраша (цытую ліст): “Спадзяюся, што гэтая фатаграфія, нягледзячы ні на што, падыдзе для вашага конкурсу. "Мая Беларусь" – гэта і мая каханая, якая хутка мне і Беларусі падорыць сьвятло дзіцячай усьмешкі, якая размаўляе зь дзіцём па-беларуску і марыць пра свабодную краіну”.

Спадар Яраш! Я стаўлю гэтую фатаграфію, менавіта “гледзячы” на яе з багавейлівасьцю. Ваша каханая – і чароўная, і цудоўная. Няхай родная Беларусь ахіне Вас сьвятлом і шчасьцем. Найлепшыя пажаданьні!



(с) Яраш. Цяжарнасьць і лёгкасьць быцьця

ЗДЫМАК ТЫДНЯ (Першы прыз)

Заахвочваю “васільковую тэму” ад Касі Шумскай. Яна вельмі чуйна паставілася да зацікаўленьня (часткова суб’ектыўнага) на валошкавае сьвятло і трапіла ў гаму і настрой тыдня. Яе інтэпрэтацыі вытрыманыя і шчырыя ў адлюстраваньнях і слове. Няхай гэтая вечная кветка беларускай красы пашле нам надзею на збавеньне ад злога і нячыстага.



(с) Кася Шумская. Вы ўявіце Сабе, Калі Ласка, як Усё гэта Гудзе, Шамаціць, Дыхае Свабодай...

Зь Вільняй у сэрцы (другі прыз)

Як нельга зруйнаваць сьвятыню ў сэрцы, гэтак жа, скажу інакш, нельга забыцца на этнаграфічную Беларусь, тую, што часам за межамі адміністрацыйнай мапы. Сьвятло Беларусі ў блізкім замежжы шукаў знаёмы нам Слава. “І гэта таксама мая Беларусь” – дзьве ягоныя фатапошты з краявідамі Трокаў і Вільні. Дадам, што Слава ад пачатку – наш актыўны ўдзельнік. Сёньняшняя публікацыя адзначана за яго сьмелае выйсьце з акрэсьленай тэматычнай геаграфіі, аднак пры гэтым залічваюцца і ягоны азёрны краявід з бабрамі, і жыровіцкая малітва (гл. 2 чэрвеня), і фотарэпрадукцыя з “трэцім пунктам” (9 чэрвеня).



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Тракайскі замак



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Тракайскі замак



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Тракайскі замак



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Вільня



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Вільня



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Вільня



(с) Слава. І гэта таксама мая Беларусь. Вільня

Пасьля “гутаркі з Богам” (трэці прыз)

Трэці прыз адрасаваны Аксане Лунінец за два яе сюжэты. На першым бачым раўнінную беларускую панараму, дзівосную сваёй гамай, лірычна-кантрасную, напоеную чэрвеньскай расою і божай нябёснай вільгацьцю. Другі сюжэт – панарама радовішча, якая хоць і пазбаўленая лірычнага патасу, але надзвычай выразная што да вобразу нашай зямлі. Краявід, пазнавальны зьместам і досыць рэдкі для вока, дапоўнены вытворчай цікавосткай, пададзенай у назове здымка. Дзьве працы Аксаны былі зьмешчаныя і на мінулым тыдні, адна зь іх – “Гутарка з Богам” – была ў сьпісе першых і прэтэндэндавала на прыз. Прыміце віншаваньне, Аксана.



(с) Аксана Лунінец. Сонечная зямля. Вёска Дудзічы (Пухавіцкі раён)



(с) Аксана Лунінец. Нараджэньне аблока. Гранітны кар''ер у Мікашэвічах (Лунінецкіраён)

ЛІСТАВАНЬНЕ

Яфіму К. Ваш здымак цяжка суаднесьці з умовамі конкурсу. Дасылайце новае. Віталю Бразоўскаму. Вашы сюжэты захапляюць. Аднак Вы не пазначылі іх тапаніміку і месцазнаходжаньне (гэта не датычыць нэўтральных сюжэтаў). Чакаю. Паўлу Д. Дашліце новае. Людміле П. Атрымалі. Убачым праз тыдзень Вадзіму Ц. Дзякуй за творчы ўдзел. Вашы працы пасьпяховыя. Убачым праз тыдзень. Міхалу Р. Сюжэт ня надта пасуе нашай тэматыцы і праблематычны па якасьці. Дашліце новае. Сяргею М. Дашліце назву вёскі (сюжэт са студняй).

ЯК АТРЫМАЦЬ ПРЫЗ (другая абвестка)

Пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь” запрашаем на імпрэзу ганараваньня 21 чэрвеня (чацьвер), якое распачнецца а 17-й гадзіне ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, што па вуліцы Румянцава ў Менску.

Згодна з умовамі, пераможцы атрымаюць галоўную ўзнагароду конкурсу – радыёпрымачы, усе астатнія – кнігі і кампакт-дыскі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”.

Пра свае намеры Вы можаце паведаміць у панядзелак, аўторак і сераду праз тэлефоны ў Менску 266 39 52, 280 35 24 (“Свабода”, прыёмная, пытацца сакратарку сп. Юлю), 8 029 6 56 66 70 (Валер) або даслаць электронную пошту.

Просьба да пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”: хто не даслаў, калі ласка, дашліце свае адрасы. У такім выпадку Ваша адсутнасьць на імпрэзе (альбо магчымасьць іншых зручных кантактаў) будуць кампэнсаваныя паслугамі пошты. Дзякуй.

Валер Дранчук
XS
SM
MD
LG