Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як беларусы зьбіраюцца выконваць дырэктыву №3?


Альгерд Невяроўскі, Менск У мінулы чацьвер Аляксандар Лукашэнка падпісаў дырэктыву “Аб эканоміі і ашчаднасьці”. Усе дзяржаўныя органы абавязаны эканоміць энэргарэсурсы каб энэргаёмістасьць беларускага валавога ўнутранага прадукту да 2010 году была скарочана на 31%. А як зьбіраюцца выконваць дырэктыву грамадзяне? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Будзем плаціць па лічыльніках. У мяне дзеці эканомяць, і проста так сьвятло ў доме не гарыць”.

Спадарыня: “На нас пакуль гэта не адбілася. А на будучыню, калі будзем бачыць, што эканомія патрэбная, то будзем ашчаджаць”.

Дзяўчына: “Ня буду эканоміць. Калі я буду ашчаджаць на сьвятле, то што ж будзе з маім зрокам”.

Спадар: “Увесь сьвет эканоміць, таму яны заможныя. Але гэта не павінна быць на шкоду здароўю, бясьпецы і экалёгіі. Калі там ёсьць разумнае, рацыянальнае зерне, якое адпавядае гэтым пазыцыям, то як нармальны, разумны чалавек, я буду трымацца гэтых прынцыпаў. Але не дырэктываў, якія часам нараджаюцца штучна”.

Карэспандэнт: “Як вы зьбіраецеся выконваць дырэктыву №3?”

Спадарыня: “Цяжка сказаць, як можна эканоміць. Я студэнтка, мне трэба займацца, і адпаведна – паліць сьвятло. У мяне электрычная пліта, таму газ мяне мала хвалюе. Але цяжка такое выконваць”.

Спадарыня: “Я звычайна ўключаю сьвятло, тэлевізар увесь дзень уключаны, кампутар”.

Дзяўчына: “Я лічу, што гэта павінна ісьці ад чалавека, а ня зьверху. І калі людзі самі вырашаць больш эканомна расходаваць усё, то яны й павінны так рабіць”.

Спадарыня: “Справа ў тым, што я ўжо гэта перажывала адзін раз. Калі спадар Брэжнеў нам казаў, што “эканоміка павінна быць эканомнай”. Мы гэта ўсё праходзілі. Думаю, што ніякія дырэктывы не дапамогуць. Эканоміць будзе гаспадар. Калі гэта будзе яго асабістае, ён будзе глядзець, каб на вытворчасьці стаялі эканомныя машыны, каб вада не цякла. Калі за гэта ён будзе плаціць са сваёй кішэні, а не зь дзяржаўнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG