Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пагражае выхадам з Рады ААН па правах чалавека


Радыё Свабода Адпаведную заяву дыпляматы эўрапейскіх краін зрабілі ў пятніцу ўвечары. Падстава – прынцыповая нязгода з пазыцыяй большасьці сяброў Рады ў пытаньні стаўленьня да праблемных краін, у тым ліку і Беларусі. Як перадаюць з Жэнэвы, за гэты ўік-энд сябры Рады павінны выпрацаваць агульныя падыходы да абароны правоў чалавека.

Гэтак званая “ўсходняя” большасьць, згрупаваная вакол Кітаю, Расеі ды ісламскіх дзяржаў, настойвае на скасаваньні пасады спэцдакладчыка і на аднолькавай пэрыядычнай праверцы (раз у чатыры гады) усіх 192 краін-сяброў ААН. У сваю чаргу, заходні блёк лічыць, што праблемныя краіны мусяць правярацца значна часьцей. Прадстаўнікі Эўразьвязу выказваюць сваю заклапочанасьць тым, што большасьці ўсё ж удасца правесьці свае прапановы.

Даклад Сэвэрына па Беларусі абурыў "недалучаныя краіны"

Як падаюць швайцарскія мэдыі, спрэчкі і дыскусіі ўспыхнулі пасьля выступу на цяперашняй жэнэўскай сэсіі спэцдакладчыка ААН па Беларусі Адрыяна Сэвэрына. Ён адзначыў, што цягам мінулага году сытуацыя з правамі чалавека ў краіне істотна пагоршылася і прапанаваў стварыць міжнародны фонд падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі. Тады ж прадстаўнікі Эўразьвязу, ЗША і Канады заклікалі беларускія ўлады да паўнавартаснага супрацоўніцтва са спэцыяльным дакладчыкам.

У сваю чаргу, недалучаныя краіны назвалі справаздачу Сэвэрына тэндэнцыйнай, заявілі пра сваю падтрымку Беларусі і прапанавалі скасаваць мандат спэцыяльнага дакладчыка.

Краіны Эўразьвязу выйдуць з Рады?

Да панядзелку 47 сяброў Рады ААН павінны выпрацаваць агульныя мэханізмы абароны правоў чалавека. Пакуль жа краіны далёкія ад кансэнсусу. Швайцарскія аглядальнікі не выключаюць расколу Рады і выхаду краін Эўразьвязу з гэтай структуры ААН.

Амбасадар Нямеччыны – краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, – вельмі занепакоены існуючай сытуацыяй. Паводле ягоных словаў, усё гэта істотна ўскладніць стан правоў чалавека ў такіх праблемных краінах, як Беларусь. Ён таксама выказаў заклапочанасьць Эўразьвязу ў зьвязку з сытуацыяй у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG