Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску расчышчаюць пляцоўкі для маскоўскага будаўнічага бізнэсу


Радыё Свабода, Менск Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект будаўніцтва культурніцка-дзелавога цэнтру “Дом Масквы”, а таксама праекты пабудовы жылога мікрараёну на праспэкце Дзяржынскага, мікрараёну Лябяжы і гэтак званага “молу” – вялізнага гандлёва-забаўляльнага цэнтру ў мікрараёне Ўручча.

“Дом Масквы" мяркуецца ўзьвесьці ў сярэдзіне 2008 году непадалёк ад гатэлю “Менск”, на месцы невысокіх пасьляваенных будынкаў. Пры канцы траўня з аднаго зь іх тэрмінова выселілі Цэнтар пазашкольнай працы пры Цэнтральным менскім РАНА.

А.Лукашэнка: “Дом Масквы” - гэта ўпрыгожаньне беларускай сталіцы”

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця памятнага знаку на будаўнічай пляцоўцы “Дома Масквы” бралі ўдзел беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка і маскоўскі мэр Юры Лужкоў. Беларускі кіраўнік даў станоўчую ацэнку маскоўскім праектам. Гаворачы пра будучы “Дом Масквы”, ён выказаў надзею, што забудова стане сапраўдным “мостам дружбы паміж Беларусьсю і Расеяй”.

Лукашэнка: “Гэта вельмі важна для бізнэсу, гэта ўпрыгожаньне сталіцы. Словам, дзякуй вам за прапановы, якія вы ў кароткі тэрмін прапанавалі нам”.

Менскія гарадзкія ўлады за кароткі тэрмін падрыхтавалі плошчы для маскоўскіх будаўнікоў. Пры канцы траўня Цэнтру пазашкольнай працы пры Цэнтральным РАНА (гэта штосьці накшталт колішніх дамоў піянэраў) загадалі тэрмінова вызваліць будынак, у якім працавалі дзіцячыя харэаграфічныя і музычныя студыі, тэатральныя і музычныя калектывы, фальклёрныя групы, тэатры моды. Яшчэ летась у гэтым пасьляваенным двухпавярховым будынку праводзіўся рамонт.

“Расьпіхалі супрацоўнікаў па розных школах, ЖЭСах. Месьцімся ў невялікіх памяшканьнях. Спыніліся ўсе заняткі. Дырэктар нам прыгразіла: пачнеце куды пісаць, усіх пазвальняю”, кажуць пэдагогі.

Як высьвятляецца з размовы, пакуль нікога пра пераезд у нейкі асобны будынак не інфармавалі. Папярэджаньне вызваліць памяшканьне атрымалі таксама і супрацоўнікі суседняй зь дзіцячым цэнтрам установы.

“Гэта ДОСААФ. Аднак там сказалі, пакуль новага будынку ня будзе –нікуды ня зьедзем. З намі ж не цырымоняцца. Мы ўсяго толькі дзіцячы цэнтар”, распавядаюць супрацоўнікі пазашкольнай установы.
Ю.Лужкоў: “Мы ў Маскве прынялі рашэньне аб разнастайным і вялікім будаўніцтве ў Беларусі”.
Тым часам, знаходзячыся гэтымі днямі ў Менску, маскоўскі мэр Юры Лужкоў падкрэсьліваў, што расейская сталіца гатовая ўкласьці сродкі ў беларускае будаўніцтва.

Лужкоў: “Мы ў Маскве прынялі рашэньне аб разнастайным і вялікім будаўніцтве ў Беларусі”.

Беларускі будаўнічы бізнэс заменяць маскоўскім сямейным?

Некаторыя беларускія аглядальнікі мяркуюць, што будаўніцтва стане гэтак званым “сямейным бізнэсам” маскоўскага мэра. Холдынг “Интэко”, які належыць жонцы Лужкова Алене Батурынай (абое на здымку), кантралюе пятую частку ўсяго будаўнічага рынку Масквы. У сакавіку часопіс “Forbes” паставіў Батурыну на 29 месца ў сьпісе найбагацейшых прадпрымальнікаў Расеі і ацаніў яе капітал у 2,4 мільярды даляраў.

Паводле старшыні беларускай Асацыяцыі садзейнічаньня эканамічнаму разьвіцьцю эканаміста Васіля Шлындзікава, прыход расейскага бізнэсу ў Беларусь цалкам зьменіць становішча на беларускім будаўнічым рынку.

Шлындзікаў: “Я думаю, што маскоўскі будаўнічы бізнэс – такі ж, як і іншы расейскі. Гэта бізнэс бесцырымонны, нахабны, без правілаў і маралі. Праблема такая зьявілася. Цяпер могуць будаваць тыя, хто мае велізарныя даходы з тым, каб пабудаваць, а потым гэта прадаць. Беларусы, якія займаліся гэтым бізнэсам, ціха абураюцца”.
В.Шлындзікаў: “Маскоўскі будаўнічы бізнэс – такі ж, як і іншы расейскі. Гэта бізнэс бесцырымонны, нахабны, без правілаў і маралі".
Як лічыць эканаміст, беларускія бізнэсоўцы паступова выцясьняюцца з рынку.

Таксама ў Беларусі зьнікае долевае будаўніцтва. Выбух коштаў на жыльлё, на думку экспэрта, адбыўся не выпадкова. Цяпер, каб пабудаваць адзін квадратны мэтар кватэры (ён каштуе пад 2000 даляраў) сярэднестатыстычнаму беларускаму працаўніку трэба адкладаць грошы 6-7 месяцаў.

Прыклад будаўніцтва “па-маскоўску”

Беларуска Ала ад пачатку 1980-х жыве ў цэнтры Масквы, у элітным доме, пабудаваным для тагачаснай савецкай партыйнай намэклятуры. З год таму адна зь фірмаў А.Батурынай выйграла тэндэр на будаўніцтва шматпавярховіка ўпрытык да гэтага дому. Жыхары не пагадзіліся з такім рашэньнем і зьвярнуліся па экспэртызу. Зь яе вынікала, што ўзьвядзеньне новага будынку парушыць інсталяцыю старога. Тым ня менш, кампанія жонкі мэра ўсё ж атрымала дазвол на будаўніцтва. Ала ўзгадвае:

“Калі яны пачалі рыць падземныя гаражы, у нашым доме на сьценках кватэр зьявіліся шчыліны. Аднак гэта нікога не спыніла. Нам увагналі ў фундамант вялікія сваі, каб патрымліваць адну са сьцен нашага дому. Гэтая сьцяна як раз на маім баку. Кожны раз, калі я клалася ў ложак, я думала, каб ён, гэты ложак, нікуды ня “зьехаў”. На трэцім паверсе дзьверы выехалі цалкам, разам з вушакамі. Вось тады выклікалі “аварыйку” і часова прыпынілі будоўлю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG