Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ставіцеся да падаўжэньня санкцыяў супраць Лукашэнкі і чыноўнікаў?


Іна Студзінская, Менск Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш яшчэ на адзін год падоўжыў санкцыі супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Як да гэтага ставяцца менчукі?



Спадарыня: “Мяне, да прыкладу, гэта абурае, хоць я і не цікаўлюся палітыкай. Дзяржаўнага чалавека, кіраўніка рэспублікі – ну як можна кудысьці не пусьціць? Як прыватную асобу яго можна не прыняць – ну не хачу я, каб хтосьці завітаў да мяне ў госьці! А калі гэта афіцыйная асоба – наагул, гэта непарадак. Гэта ня мэтад”.

Юнак: “Я ніяк не думаю. Я не сачу за падзеямі, якія адбываюцца ў сьвеце. У мяне цяпер сэсія”.

Спадар: “Чалавек, які атрымлівае уладу, магутнасьць, ён будзе выкарыстоўваць яе ня толькі ля людзей, а ў першую чаргу, для сваіх мэтаў. І любую перашкоду, якая будзе стаяць на ягоным шляху, ён будзе імкнуцца абыйсьці”.

Спадарыня: “Ну, як я да гэтага магу ставіцца? Дрэнна, канечне. Чаму чыноўнікі, прэзыдэнт ня могуць наведваць краіны Эўразьвязу?”

Спадарыня: “Я лічу, што санкцыі працягнутыя правільна. Але было б яшчэ лепш, каб яны ня толькі палохалі замарожваньнем гэтых рахункаў, а знайшлі гэтыя рахункі і абнародавалі. Каб народ ведаў, колькі слугі народу на гэтым народзе зарабілі грошай”.

Юнак: “Я лічу, што гэта няправільна. Гэта парушэньне правоў чалавека”.

Спадар: “Шчыра кажучы, я пра гэта ня ведаю. Я палітыкай не цікаўлюся”.

Спадарыня: “Напэўна, гэта парушэньне правоў чалавека”.

Спадар: “Нельга парушаць свабоду чалавека, нават калі ён чыноўнік”.

Юнак: “Нічога гэтыя санкцыі не зьмянілі. Нават калі б Буш і дазволіў нашаму прэзыдэнту езьдзіць, нічога не зьмянілася б. Але палітыка Буша ў дачыненьні Беларусі абсалютна правільная. Па-іншаму ён ня мог зрабіць”.

Спадар: “Я ня ведаю, магчыма, чыноўнікі, калі б паехалі за мяжу, маглі б дамовіцца пра што-небудзь выгоднае. Акрамя таго, што яны атрымоўваюць заробкі, яны павінны і штосьці рабіць. А калі санкцыі уведзеныя, іх пазбаўляюць такой магчымасьці”.

Спадарыня: “Ой, ну павінен хоць нехта іх, так бы мовіць, “строіць”. Няхай хоць Амэрыка іх напужае, а то нешта яны няпужаныя ў вас тут ходзяць”.

Спадар: “Я ня ведаю. Мяне гэта ня вельмі цікавіць”.

Юнак: “Лепш нікому ні на каго ня ціснуць. Тады ўсё будзе добра”.
XS
SM
MD
LG