Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сідарэвіч: “Новы Збор твораў Коласа не дацягвае да акадэмічнага”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук і выдавецтва “Беларуская навука” распачалі выданьне Збору твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. Нядаўна накладам 1 500 асобнікаў сьвет пабачыў першы том. Пра дасягненьні і пралікі айчыннага коласазнаўства – гутарка з крытыкам Анатолем Сідарэвічам.

“Замест літаратуразнаўства ў нас – паўнавука”

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, пачну з таго, што на зборы твораў Якубу Коласу шанцавала, як нікому з беларускіх пісьменьнікаў. Яны ў Коласа выходзілі чацьвёрачы: два тамы ў 1928 годзе, сем тамоў – у 1950-я гады, дванаццаць тамоў – у 1960-я, чатырнаццаць тамоў – у 1970-я. І вось сёлета пачаў выходзіць дваццацітомавік. Колькасны прагрэс відавочны – у параўнаньні з апошнім выданьнем дадалося шэсьць тамоў. А як бы вы ацанілі якасьць найноўшага выданьня? Ці сьведчыць яно, што айчыннае коласазнаўства – на вышыні?”

Анатоль Сідарэвіч: “Гэтак званыя “прафэсійныя літаратуразнаўцы” могуць крыўдаваць, могуць наракаць, але навуковае літаратуразнаўства ў Беларусі было спыніла сваё існаваньне ў канцы 1920-х гадоў. Тое літаратуразнаўства, якое пазначана імёнамі Івана Замоціна, Уладзімера Самойлы, Адама Бабарэкі ды іншых, было згвалчана, здушана, і на яго месца прыйшла нейкая мешаніна літаратуразнаўства ды ідэалёгіі. Партыйнасьць, народнасьць, клясавае змаганьне ў літаратуры былі яго галоўнымі крытэрамі.

Райнэр Лінднэр, дасьледуючы беларускую гістарыяграфію, сказаў, што ўласна гістарыяграфіі як навукі ў Беларусі не было. Пасьля таго, як Пічэта, Доўнар-Запольскі ды іншыя гісторыкі старой школы былі выдаленыя з Беларусі, тую гістарычную навуку, якая існавала ў БССР, можна назваць паўнавукай. І я ўжыў гэты тэрмін, калі пісаў пра Поўны збор твораў Янкі Купалы, у дастасаваньні да купалазнаўства і наогул да беларускага літаратуразнаўства. Такая ж самая бяда напаткала і Збор твораў Якуба Коласа. Першы том рыхтавалі людзі мінулай эпохі. Дастаткова зірнуць у склад рэдакцыйнай калегіі. Я ня думаю, што Ўладзімер Васілевіч Гніламёдаў ці Міхась Язэпавіч Мушынскі змаглі рашуча парваць з мінуўшчынай. Дзіўна, але ў рэдкалегію трапіў і Міхал Мясьніковіч – вялікі літаратуразнаўца, мусіць. Тамсама апынуўся і новы дырэктар Інстытуту літаратуры Валеры Максімовіч, рэпутацыя якога як літаратуразнаўцы і адміністратара інстытуту вядомая. З уласна тэкстолягаў у рэдкалегію трапіла, здаецца, адна Тэрэза Голуб”.

Як зьяўляліся атэістычныя вершы Коласа

Скобла: “Вы згадалі прафэсара Міхася Мушынскага, які напісаў прадмову да Збору твораў Коласа. Яна займае ажно 150 старонак – цэлая манаграфія. Але калі я яе чытаў, у мяне склалася ўражаньне, што аўтар сьвядома пазьбягае некаторых фактаў Коласавай біяграфіі. Асабліва што датычыць 20-х і 30-х гадоў. А можа, я залішне прыдзірлівы чытач?”

Сідарэвіч: “Гэта і не прыдзірліваму чытачу відно. Мушынскі шмат што ня згадвае. Напрыклад, той факт, калі ў 1930-я гады Віталь Вольскі прыйшоў з вобшукам да Коласа і паставіў яго тварам да сьцяны з узьнятымі рукамі... Пра гэта я чуў ад Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, ад Янкі Брыля. А Брылю сам Колас расказваў, як ён па некалькі начэй на тыдні спаў у крэсьле не распранаючыся – чакаў арышту.

Ці другі факт можна згадаць. Юрка Віцьбіч успамінаў, як яны зь сябрам па нейкай справе зайшлі да Коласа. А ён жыў там, дзе цяпер адміністрацыя парку Горкага. Наведнікі ўзыходзяць на ганак, адчыненыя дзьверы, лета. І яны чуюць гукі скрыпкі і сьпеў. (Настаўнік царскай эпохі павінен быў умець граць на музычным інструмэнце, і Колас граў на скрыпцы.) Ён грае і сьпявае: “Колесницегонителя фараона поразил еси Господи...” Гэта “Сыход народу ізраільскага з рабства”, вядомая нам кніга Бібліі. Хлопцы пастукалі асьцярожна ў вушак, Колас азірнуўся, пасьпешліва адклаў скрыпку, яны пагаварылі. А праз некалькі дзён, піша Віцьбіч, у газэце зьявіўся атэістычны вершык Коласа. Ён быў вымушаны паказаць вернасьць ідэалёгіі камуністычнай. Баяўся, што хлопцы на яго настукаюць”.

“Замена слова “Бог” – саступка Коласа савецкай ідэалёгіі

Скобла: “Усе пералічаныя раней зборы твораў Якуба Коласа выходзілі ў час, калі дзейнічала цэнзура. Ну, хіба толькі двухтомавік 1928 году пасьпеў праскочыць. Дык вось, у слове “Ад рэдакцыі” ў першым томе найноўшага выданьня гаворыцца, што “цэнзурныя і аўтацэнзурныя скажэньні тэксту выпраўлены па аўтографах”. Як не парадавацца: нарэшце маем бесцэнзурнага Коласа”.

Сідарэвіч: “Вы памыляецеся, цэнзура была і ў 1928 годзе. У кожным дзяржаўным выдавецтве сядзеў палітрэдактар. Абавязкова. Не забывайце, у 1928 годзе парэзалі выбранае Купалы “Творы. 1918–1928”. І ў старонкі кнігі менскія прадавачкі ўкручвалі селядцы ў крамах. Пра гэта мне ў свой час апавядаў Павал Пруднікаў. Дык вось, менавіта ў 1928 годзе, рыхтуючы свой двухтомавік, Колас перапрацоўваў свае “дакастрычніцкія” творы ў адпаведнасьці з вымогамі савецкай ідэалёгіі. Ужо тады. Бо, напрыклад, нельга было ўспамінаць імя Божае, нельга было пісаць слова “Бог” з вялікай літары.

Дзядзька Коласа Язэп Лёсік з падобнай нагоды аднойчы трапіў у незайздросную сытуацыю. У Белпэдтэхнікуме ён тлумачыў ужываньне слова “панаваць” і даў прыклад: “Апанавалі чэрці сьвятое месца”. Устае студэнт, камсамольскі актывіст, і зьедліва пытаецца: “Дзядзька Лёсік! Якія чэрці і якое сьвятое месца вы маеце на ўвазе?” І бедны Лёсік спалохаўся. Ён дапусьціў ідэалягічную памылку”.

Скобла: “Я не коласазнавец і не тэкстоляг. Але падчас падрыхтоўкі паэтычнай анталёгіі “Краса і сіла” пераглядаў старыя выданьні. Памятаю, зьдзівіўся, калі выявіў тэкставыя разыходжаньні ў вершы Коласа “Першы гром”. Пачатак верша ў кнізе “Водгульле” (1922) гучыць так: “Голасам Бога, ціха і важна, гром пракаціўся ўгары...” У пазьнейшых выданьнях – ужо “голасам моцы”. Зірнуў – “моц” замест “Бога” засталася і ў новым Зборы твораў. І я разумею яго складальнікаў. Маўляў, воля аўтара...”

Сідарэвіч: “Слухайце ўважліва: “Голасам Бога ціха і важна гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, лес адгукнуўся стары”. Вы чуеце, які гукапіс? А цяпер: “Голасам моцы...” Усё. Траціцца гукапіс. Гэта калі браць чыста эстэтычны бок. Натуральна, што замена слова “Бог” – саступка паэта савецкай ідэалёгіі, гэта вымушаная рэдакцыя. У найноўшым Зборы твораў увесь час спасылкі на Збор твораў 1952 году. Над ім, дарэчы, цэлы калектыў працаваў. У якасьці дарадчыкаў тады былі Пятро Глебка і Кандрат Крапіва, праглядалі, каб, ня дай Бог, Колас не зрабіў якой-небудзь ідэалягічнай хібы. Не забудзьце, што пры Коласе яшчэ і Максім Лужанін сядзеў”.

“Дзе Колас мог запратэставаць супраць гвалту над яго творчай асобай?”

Скобла: “Лужанін у сваіх успамінах прыгадваў, як Глебка і Крапіва прыносілі Коласу свае праўкі, а ён не заўсёды зь імі пагаджаўся...”

Сідарэвіч: “Такога ж кшталту праўкі ў хрэстаматыйным вершы “Ўсход сонца”. Памятаеце? “На ўсходзе неба грае пераліўным блескам, сыпле золата над гаем і над пералескам...” Дык вось, у савецкіх выданьнях зь вершу зьнікла трэцяя страфа: “І ўбірае залатую сонейку дарогу, паліць сьвечку дарагую прад алтарам Бога”. Як гэта – “сьвечку... прад алтарам Бога...” Вы што, таварыш Колас, рэлігію прапаведуеце?! Здавалася б, у наш час ніхто не забараняе аднавіць першую рэдакцыю. Аднак, спрацоўвае савецкі рэфлекс, усё пакідаецца, як было, і пры гэтым літаратуразнаўцы спасылаюцца на “волю аўтара”.

Згадаю адзін факт з гісторыі літаратуры. “Уваскрасеньне” Льва Талстога выдавалася пры цары, і там таксама рабіліся купюры. Але калі рыхтваўся да выданьня збор твораў Талстога ў 90 тамах, то ўкладальнікі праверылі і аднавілі ўсе тэксты. І не спасылаліся на “волю аўтара”. Бо ўся Эўропа, увесь сьвет ведалі, што царская цэнзура парэзала раман “Уваскрасеньне”. Але тады Талстой мог пасылаць дацэнзурныя гранкі ў Лёндан, дзе сядзеў яго памочнік Чарткоў і выдаваў гэты самы раман без цэнзурных скаротаў. А зь лёнданскага выданьня раман перакладаўся на ангельскую, нямецкую, францускую ды іншыя мовы. А цяпер скажыце, дзе Колас мог запратэставаць супраць гвалту над яго творчай асобай?”

Які варыянт “Новай зямлі” лічыць кананічным

Скобла: “А як быць з другімі тэкстамі ў падобных выпадках? Вядома, што і паэма “Новая зямля” мае некалькі варыянтаў. Дык які лічыць кананічным?”

Сідарэвіч: “Толькі ня першы варыянт. Таму што Коласа пасьля першапублікацыі “Новай зямлі” моцна крытыкавалі за моўныя хібы, і ён дапрацоўваў паэму. Недасканалы і той варыянт, які сёньня падаецца ў якасьці кананічнага і трапіў на перакладчыцкі варштат Чэслава Сэнюха. На маю думку, кананічным трэба лічыць выданьне “Новай зямлі” 1927 году – з інвэктывамі, са шпількамі на адрас савецкай рэчаіснасьці. Таму што тое, што рабіў Колас са сваёй паэмай пазьней, – гэта зноў жа саступка паэта вымогам цэнзуры.

З другога боку, я згодзен, Колас перарабляў свае творы. Вазьміце верш “Першае знаёмства”. Параўнайце нашаніўскі варыянт (даволі прымітыўны) і варыянт таго ж 1928 году. Гэта зямля і неба. І калі ты літаратуразнаўца, ты павінен у камэнтарах адзначыць, які характар мелі праўкі. Напрыклад – праўкі ў вершы “Ўсход сонца” былі выкліканыя палітычнымі патрабаваньнямі. Ці – праўкі ў вершы “Першае знаёмства” выкліканыя мастацкімі патрабаваньнямі. Напішыце гэта ў камэнтарах. А тыя, хто рыхтаваў першы том Коласавага дваццацітомавіка, гэтага не зрабілі.

Што мы павінны паднесьці шараговаму чытачу – лепшы варыянт ці горшы? Вядома ж, лепшы. Альбо існуе другі спосаб. Яго выкарыстаў Уладзя Давыдоўскі, калі ўкладаў выбранае Ўладзімера Дубоўкі для сэрыі “Паэзія ХХ стагодзьдзя”. Там верш “О Беларусь, мая шыпшына!..” зьмешчаны ў двух варыянтах. Чаму так нельга зрабіць у Зборы твораў Коласа?!”

Скобла: “У першым томе Коласавага дваццацітомавіка зьмешчаныя і расейскамоўныя вершы. Як і ў Купалавым Зборы твораў – польскамоўныя. Што праўда, Колас нарыфмаваў па-расейску значна больш, чым Купала па-польску, – каля паўсотні твораў. Што яны з сябе ўяўляюць з мастацкага гледзішча?”

Сідарэвіч: “Я вам так адкажу. Аднафамілец Коласа Адам Міцкевіч пісаў па-польску і стаў клясыкам польскай літаратуры. Канстанцін Міцкевіч ня мог стаць клясыкам расейскай паэзіі. А клясыкам беларускай літаратуры ён стаў”.

Чаму Коласу не далася партызанская тэма

Скобла: “Пасьля вайны Якуб Колас браўся за напісаньне аповесьці пра партызанаў пад назвай “Зямля заве”. Але так і не ажыцьцявіў задуму. Як вы лічыце, чаму аўтару “Дрыгвы”, аўтару такога калярытнага вобраза, як дзед Талаш, яшчэ раз не далася партызанская тэма?”

Сідарэвіч: “Дзед Талаш дзейнічаў у савецка-польскую вайну. Перад Коласам быў вельмі сумны досьвед Аляксандра Фадзеева, аўтара рамана “Маладая гвардыя”. Яго героі самачынна, без партыі й Масквы, стварылі падпольную арганізацыю, наладзілі змаганьне з акупантам. І вось выйшла “Маладая гвардыя” ў першай рэдакцыі, і Фадзееву далі па галаве: “А дзе кіроўная роля партыі?” І Фадзееў быў вымушаны гэтую ролю прыдумляць.

Колас апынуўся ў аналягічнай сытуацыі. Уся бяда нашай эпічнай ваеннай прозы ў тым, што пісьменьнікі былі змушаныя пісаць з аглядкай. Вазьміце Івана Чыгрынава. Ён быў павінен, як гомэапат, дазаваць у сваіх раманах станоўчае і адмоўнае, паказваць кіроўную ролю партыі. Тое самае быў змушаны рабіць Барыс Сачанка ў рамане “Вялікі лес”. Таму – якая “Зямля заве”? Калі ў Беларусь былі засланыя атрады НКВД і зьнішчалі мясцовыя, самачынна арганізаваныя партызанскія атрады, якія не хацелі падпарадкоўвацца камітэтам партыі?!

Прыйдзе час, і нехта напіша, як герой Савецкага Саюзу Варвашэня зьнішчаў сялянскія атрады самааховы (не БНС, якую пазьней стварыў Ермачэнка з Кубэ). Сяляне ўдзень аралі, а ўночы, пабраўшы стрэльбы на плечы, пільнавалі сваё сяло ад рабаўнікоў, якія прыходзілі з лесу. Так што ня мог напісаць Колас праўдзівую рэч пра партызанаў”.

Скобла: “А чаму не пісаў у шуфляду?”

Сідарэвіч: “А што, у шуфлядзе ягонай не чыталі?.. Гэта Міхаілу Прышвіну ўдалося падмануць таварыша Сталіна. На прыёме савецкіх пісьменьнікаў правадыр папытаўся: “А вы, Михаил Михайлович, по-прежнему о собачках пишете?” “Да, Иосиф Висарионович, о собачках”. А Прышвін пісаў ня толькі “пра сабачак”, ён пакінуў па сабе дзёньнік у васьмі тамах. Гэта невычэрпная крыніца для гісторыкаў, і – адначасова – выдатная проза!”

Хто пісаў за Коласа публіцыстычныя артыкулы?

Скобла: “Бяда нашых паэтаў яшчэ і ў тым, што іх часам прымушалі быць публіцыстамі. Прымушалі Купалу і нават пісалі за яго. Прымушалі і Коласа. Вось назвы некаторых ягоных артыкулаў: “Няма месца гнюсным здраднікам на сьвяшчэннай савецкай зямлі” (1938), “Партыя – наша воля, наш розум, наша сэрца” (1953)... Як ставіцца да падобных тэкстаў?”

Сідарэвіч: “Дзякуючы Віталю Скалабану, я ўлез у гэтую кухню і пабачыў, як аналягічныя артыкулы Янкі Купалы друкаваліся чамусьці на машынцы Міхася Клімковіча. І нават праўкі рабіліся рукой Клімковіча. Добра было б, каб у зборах твораў поруч з падобнымі артыкуламі даваліся факсыміле альбо машынапісы з уласнаручнымі праўкамі аўтара. А так што можна сказаць...

Мне расказваў Барыс Іванавіч Бур’ян пра адзін эпізод. Ідзе выпуск чарговай дзяржаўнай пазыкі для аднаўленьня народнай гаспадаркі пасьля вайны. З гэтай нагоды ў “ЛіМе” павінен зьявіцца зварот вядомых дзеячаў мастацтва да народу. І пад ім, як сказана з ЦК, павінен быць таксама подпіс Коласа. Зварот напісаны. Паэта няма ў Менску, ён вяртаецца з Масквы цягніком. Бур’ян з калегам прыходзяць да цягніка. Колас не выходзіць. Яму нездаровіцца, ён ня можа раскатурхацца. Пасланцы заходзяць у вагон, тлумачаць, што ім трэба, і чуюць у адказ: “Ды пайшлі вы ў с... Пішыце, што хочаце!” А цяпер гэты зварот уключаць, мабыць, у Збор твораў Коласа”.

Скобла: “Спадар Анатоль, выйшаў пакуль што першы том. Усяго, нагадаю, тамоў будзе дваццаць. І праца над імі, наколькі я ведаю, яшчэ ідзе. Што б вы пажадалі на будучыню складальнікам, рэдактарам, усім, хто працуе над Зборам твораў Якуба Коласа?”

Сідарэвіч: “Я ўжо нічога пажадаць не магу. Альгарытм зададзены, лякалы выцягнутыя з куфра. Неўзабаве выходзіць другі том, і ён скроены па тых самых лякалах. Дваццацітомавік Коласа, як і дзесяцітомавік Купалы, не дацягвае да акадэмічнага выданьня. Гэта яшчэ паўнавука. На вялікі жаль, навуковага коласазнаўства, як і ўвогуле паўнацэннага літаратуразнаўства, у Беларусі няма”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
XS
SM
MD
LG