Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Дубянецкая, Ала Сямёнава


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ала Сямёнава. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка

ЛІТПРАЦЭС

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК: “ПІСАЦЬ ПРОЗУ МЯНЕ ПАДШТУРХНУЛА ЗАЙЗДРАСЬЦЬ”

Першае, што прыходзіць на розум, калі чытаеш апавяданьні Леаніда Дранько-Майсюка, гэта “Казкі жыцьця” Якуба Коласа. Можа быць, такая аналёгія ўзьнікае ад таго, што абодва аўтары перш, чым праславіцца празаічнымі творамі, займелі шырокую папулярнасьць сваёй паэзіяй. Пра тое, чаму паэты становяцца празаікамі, у нашым Доме літаратара гавораць Леанід Дранько-Майсюк і Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “У аўтобусе, слухаючы...” – такі агульны назоў двух новых вашых апавяданьняў, якія надрукаваныя ў апошнім, 27-м нумары часопісу “Дзеяслоў”. А перад тым, пачынаючы з трэцяе вашае кніжкі “Тут”, у кожнай наступнай, былі, акром вершаў, празаічныя разьдзелы. Ну і рарытэтная ўжо, выдадзеная пятнаццаць гадоў таму, цалкам празаічная кніга “Пра тое, як я...” Што падштурхнула паэта Леаніда Дранько-Майсюка да прозы?

Леанід Дранько-Майсюк: “Зайздрасьць. Я заўсёды зайздросьціў і зайздрошчу празаікам. І я заўсёды любіў і люблю празаікаў. Што датычыцца зайздрасьці, то яна тлумачыцца вельмі проста: мяне цікавіла тое, што сапраўдныя майстры прозы ў сваіх апавяданьнях, аповесьцях, раманах могуць расказаць (і вельмі цікава расказаць) пра тое жыцьцё, якое цікава мне самому. Могуць пры дапамозе мастацкага слова стварыць павучальны сюжэт і я, як чытач, апынаюся пад магічным уплывам гэтага сюжэту і адчуваю, што я таксама часьцінка гэтага сюжэту. Калі я вучыўся ў Маскоўскім Літаратурным інстытуце на аддзяленьні паэзіі, то маё чытаньне пераважна складалі кнігі прозы. І калі я працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў рэдакцыі паэзіі, то зноў жа рукапісы паэтычныя чытаў па абавязку і чытаў паэтычныя зборнікі, якія выходзілі пад маркай выдавецтва “Мастацкая літаратура”, але асноўнае маё чытаньне зноў жа складалі апавяданьні, навэлі, аповесьці і раманы. Я проста марыў пра сваю прозу”.

Аксак: “Рыгор Барадулін называе паэтаў ратаямі, якія пасьвяць аблокі. А Янка Брыль казаў, што празаік у адрозьненьне ад паэта, ня мае права чакаць настрою, а мусіць, як селянін, штодня ад раніцы араць за пісьмовым сталом сваё поле. Як удаецца паэту-летуценьніку падпарадкоўвацца суровай празаічнай дысцыпліне?”

Дранько-Майсюк: “Змалку я капаў агароды. І вось гэтая агародная праца вельмі падобная да стварэньня прозы. Каб нешта вырасла, патрэбен час, пот і талент, таксама ўдача. І каб напісаць сапраўдны празаічны твор, патрэбен час, талент, удача і пот. І яшчэ патрэбна тое, каб твой мастацкі вопыт супаў з тваім жыцьцёвым вопытам. Мне здаецца, што нешта падобнае ў маёй душы адбылося”.

Аксак: “Прынамсі, апошняя публікацыя ў “Дзеяслове” сьведчыць пра гэта. “Проза паэта” – так называюць крытыкі раманы Барыса Пастарнака “Доктар Жывага” і “Падарожжа дылетанта” Булата Акуджавы. Пра вашу прозу мне таксама даводзілася чуць такое вызначэньне. Вас яно ня крыўдзіць?”

Дранько-Майсюк: “Ня крыўдзіць. Такое вызначэньне ёсьць, і яно, спадзяюся, у хуткім часе ўвойдзе ў літаратуразнаўчыя даведнікі. Проза паэта мае свае асаблівасьці, але што датычыцца ўласна маёй прозы, то яна ўсё далей і далей ад гэтага вызначэньня адыходзіць, і мусіць хутка яе будуць называць прозай празаіка Дранько-Майсюка”.

Аксак: “Між тым нашы слухачы вельмі любяць вашы вершы і пацьверджаньне гэтаму нядаўні званок на радыё ад невядомага прыхільніка вашае паэзіі з прапановаю песьні на адзін зь вершаў. Але вернемся да прозы. З афішы Купалаўскага тэатру ўжо шмат гадоў не зьнікае вашае імя. Праўда, пакуль што ў ролі перакладчыка. Вось і цяпер ідзе спэктакль фінскага драматурга Лаўры Руахонэн “Вольга” ў вашым перакладзе. Можа быць, у хуткім часе мы ўбачым там спэктакль паводле п’есы драматурга Леаніда Дранько-Майсюка?”

Дранько-Майсюк: “Драматургам я ніколі не зайздросьціў, але заўсёды цаніў іх працу. У апошнім маім ужо напісаным празаічным творы (ён называецца “Зь Вільні ў Давыд-Гарадок”, а прысьвечаны Антону Луцкевічу, ягонай паездцы ў 1936 годзе зь Вільні ў Давыд-Гарадок), дык вось частка гэтага твору напісана ўласна прозай, а частка – гэта п’еса. Магчыма, неўзабаве мне захочацца той ці іншы сюжэт, тую ці іншую фабулу ператварыць у п’есу. У свой час Віктар Карамазаў казаў Міхасю Стральцову, што кожны празаік павінен напісаць п’есу, хоць адну. Міхась Стральцоў паслухаў і мякка, лагодна ўсьміхнуўся. Мусіць, у яго была на гэты конт свая думка. Я схіляюся да таго, што Віктар Карамазаў меў рацыю і кожны з нас павінен напісаць адну п’есу”.

АЎТАР І ТВОР

ГАЛІНА ДУБЯНЕЦКАЯ: “КАРАБЛІ МОГУЦЬ ЗАЙСЬЦІ ТОЛЬКІ Ў СПАКОЙНУЮ ГАВАНЬ”

Галіна Дубянецкая – паэтка і перакладчыца. Пасьля заканчэньня Інстытуту замежных моваў працавала ў Акадэміі навук, у Скарынаўскім цэнтры, у часопісе “Крыніца”. Апошнія гадоў дзесяць – на творчай працы. Перакладае клясычную паэзію з ангельскай, францускай ды гішпанскай моваў. У “Доме літаратара” з Галінай Дубянецкай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Галіна, вы – рэдкая зьява ў беларускай літаратуры, вы – паэтка бяз кнігі. Усе вас ведаюць, цэняць вашу паэзію, вашы вершы ўключаюцца ў анталёгіі, і пры гэтым уласнага зборніка вы ня маеце. Вы не імкнуліся яго выдаць, ці вам нешта перашкаджала?”

Галіна Дубянецкая: “Быў час – імкнулася, і нават вельмі. Відаць, пры гэтым залішне хвалявалася. Але караблі могуць увайсьці толькі ў спакойную гавань. Калі ты занадта хвалюесься, вельмі хочаш, каб нешта спраўдзілася, яно ня спраўдзіцца. Хвалі-хваляваньні перакуляць караблі, запаволяць іх ход. Да таго ж, мне вельмі хацелася, каб кніжачка прыгожая была, густоўна аформленая. А ўсё, што прапаноўвалася, мне не падыходзіла. А яшчэ мне хацелася, каб у маім жыцьці здарыўся такі прамежак часу, каб я не займалася больш нічым, толькі сваёй кніжкай. А гэты час ніяк не выпадае, ніхто мне яго ня хоча вызваліць”.

Скобла: “Вы прымушаеце чытача чакаць вашых тэкстаў, друкуецеся рэдка. Мне згадаўся ваш кароткі верш: “Па-над лесам, па-над часам беглі думкі самапасам, беглі, збрыквалі далоў сям ды там падкоўкі слоў”. Чаму ж так нячаста вы гэтыя “падкоўкі слоў” знаходзіце?”

Дубянецкая: “Дык думкі наравістыя. Захочуць – збрыкнуць падкоўку-слова, захочуць – не збрыкнуць”.

Скобла: “Вы – дачка Міхала Дубянецкага, перакладчыка, выдаўца, які ведаў літаратуру, па-рыцарску змагаўся за выданьне добрых кніг на пасадзе дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Як выхоўваў вас бацька “па лініі літаратуры”?”

Дубянецкая: “Бацька стварыў умовы, каб мы з сястрой увайшлі ў мора літаратуры і маглі там плаваць. Калі дзяліліся ўражаньнямі ад прачытанага, ён выказваў сваё меркаваньне, але ніколі не спрабаваў нас накіроўваць. Маёй творчасьцю, я думаю, ён у душы ганарыўся, але не прызнаваўся. Тое, што ён ставіцца да маіх вершаў сур’ёзна, я зразумела толькі ў апошні год, калі прыйшла да яго ў шпіталь. Нейкі настрой быў няпэўны, і я спыталася: “Бацька, ня ведаю, што рабіць, як далей жыць. Які мой шлях?” А ён: “Як гэта які шлях? Вядома ж, паэзія”. Я была ўражаная. Мне здавалася, што ён другога ад мяне чакаў”.

Скобла: “Мне давялося бачыць вашу сямейную бібліятэку, у ёй кнігі на дзесяці мовах. Хто ў вашай сям’і найбольшы паліглёт?”

Дубянецкая: “Штуршок да вывучэньня моваў даў бацька. Вялікая частка бібліятэкі нашай – на польскай мове. І бацька нас з сястрой з маленства вучыў польскай мове. А чытаў ён на некалькіх славянскіх мовах, перакладаў з польскай і ўкраінскай. Але я больш за польскую палюбіла італьянскую мову, і хацела яе вывучыць. Дзеля гэтага пайшла ў Інстытут замежных моваў, але там тады італьянскай не выкладалі. Тады я вывучыла ангельскую і францускую, а самавукам занялася гішпанскай, паколькі яна блізкая да італьянскай”.

Скобла: “І колькі вы моваў ведаеце?”

Дубянецкая: “Што значыць – ведаю? Добра помню ангельскую, францускую. Горш – гішпанскую. Як я Лорку перакладаю? Ён мяне нікуды не падганяе, мы зь ім сядзем, спакойна сумовімся, і ў слоўнік я зазірну. А калі з жывым гішпанцам размаўляць, я баюся, што туга будзе круціцца мой “лінгвістычны мэханізм”.

Скобла: “Вы перакладалі Вэрлена, Бёрнса, Лорку – паэтаў, якія даўно выйшлі ў нас асобнымі кнігамі. Які быў пабуджальны стымул – вы імкнуліся палепшыць працу сваіх калегаў-перакладчыкаў?”

Дубянецкая: “Пачала я Бёрнса перакладаць са злосьці. І злавалася ня так на беларускага перакладчыка Язэпа Семяжона, як на перакладчыка расейскага Самуіла Маршака, паколькі ў мяне быў дзьвюхмоўны Бёрнс з ягонымі перакладамі. І я бачыла, што там абсалютна не захаваная мэлёдыя верша. У Семяжона некаторыя пераклады цудоўныя. Напрыклад, “Фіндлей” – проста супэр. Але ў многіх перакладах Семяжон напрыдумляў, што хацеў. А я лічу, што перакладчык павінен захоўваць мэлёдыю і гукапіс арыгіналу. У сваім перакладзе вядомага Вэрленавага верша “Мастацтва паэзіі” я спачатку старалася захаваць нават гучаньне рыфмаў. Каб Вэрлен, ня ведаючы беларускай мовы, пачуў і змог пазнаць свой твор. У мяне была такая звышзадача, я толькі так і хацела перакладаць. Але потым я зразумела, што датрываць такога правіла немагчыма”.

Скобла: “Ваша сястра Ірына – доктар тэалёгіі. Ваш муж – паэт Сяржук Сыс. А ня цесна тром творчым асобам пад адной страхой?”

Дубянецкая: “Ня цесна, наадварот, мы адзін аднаму спрыяем. Што такое творчасьць? Гэта – як сьвечка гарыць. Калі гарыць яшчэ адна, і яшчэ адна, і яшчэ адна, яны ж адна другой не замінаюць”.

ГАЛІНА ДУБЯНЕЦКАЯ. ВЕРШЫ З БУДУЧАЙ КНІГІ

БАГОНЬНІК

Адаму Мальдзісу

там у цэнтры сусьвету спляліся хмызы атуліўшы сабой балацінку у высокім трысьці там Багоньнік сядзіць і задумліва дзьме ў чарацінку

расьцякуцца наўкол між лазовых кустоў тыя звабна-самотныя клічы павыходзяць істоты з патайных кутоў і дзівосныя зьявяць абліччы

павылазяць насельнікі рэк ды пяскоў духі нетраў разлогаў ды вышаў хтосьці зьзяе-мігціць пераліўнай луской хтосьці пер’ем адвабным калыша

нібы ў хорам на сьвята прыносяць яны кожны – хто чым багаты – дарункі нізкі перлін ды ягад мяды-бурштыны ды сьвятлістыя гойныя трункі

а ён дзьме ў чарацінку ў салодкай нудзе ды праяваў дзівосных ня бача гэта недзе маўляў гурт авечак брыдзе гэта вецер нясе брэх сабачы

а ён грае нібы ўва ўсім сьвеце адзін а ён вочы замружыўшы грае супакойліва недзе парыпвае млын ды палязгвае кузьня старая

а як стоміцца граць ён з хатолкі тады пракаветны свой бохан вымае і грызе ў задуменьні а трункі-мяды ненаедная багна глынае

ён сядзіць у трысьці у сівой пекнаце у паставе сваёй непаўторны а навокал дрыгва дзівакветам цьвіце ды гукаюцца зь небам валторны

ПАЛЁТ

раскрыжаваныя на промні ляцім прасьветленасьць і жах і адгукаюцца прадоньні грымотнай музыкаю – шлях

сьляды пакінутыя ў снах жыцьця вакенцы-вачаняты сьветабудовы стромкі гмах намацваем каардынаты

аб камень шорхнулі зярняты але не прыпыняй хады прасьцяг і час табой працяты – адрэзак сьветлы: назаўжды

прамень кранаецца вады адбіткі лучацца ў сьвячэньне і вее вецер малады нястрымнай хваляй – адраджэньне

як бор смалой табой струменю вар’яцтва і сьвятло маё ляціць – пагібель ці збавеньне – стралы насустрач вастрыё

КУПАЛЬЛЕ

дзень яснакрылы веі стуляе травы малітваю водар ліюць дзеці Ярылы сьпеў пачынаюць шэрыя цені з багны ўстаюць

ноч сінякрылая ў месячным чоўне выплыла зоркі-лілеі зьбіраць дзеці Ярылы выкрэсваюць промні шэрыя цені воддаль дрыжаць

хорам адкрылі скінулі сходні з вышаў сьвяцілы на вогкі мурог дзеці Ярылы ўзьнімаюць паходні шэрыя цені вартуюць мрок

плоймы жарынаў пад неба шугаюць хвіля – і ўголас адкажа Сусьвет дзеці Ярылавы Кветку шукаюць шэрыя цені цягнуцца ўсьлед

раньня вятрылы срэбрам нальюцца браце ў тумане са шляху ня збоч дзеці Ярылы за рукі бяруцца шэрыя цені хаваюцца ў ноч

* * * сто разоў памру і ўваскросну за хвіліну размовы з табой нібы шоргат вусьцішных кроснаў да трымценьня напяты спакой

ты ні словам не дапаможаш назіраючы зь вежы ўгары як у пошуках брамы абходжу этыкету шкляныя муры

па-за краем абжытай прасторы па-над плецівам нашых сьлядоў узіраецца ў мудрыя ўзоры на вялёнах сваіх любоў

узіраецца ў зьвівы блуканьняў навакольная плыўкая ймгла я цябе празрыстаю зданьню абдымаю праз холад шкла

* * * невымоўнасьці мова і сінія шэпты сутоньня спавядальны празрысты трапеча над сьвечкаю тон мы будуем паветраны мост што ніколі ня злучыць прадоньня і гайдаецца ў звоне вячорным нявыліты стогн

невымоўнасьці мова за чорнымі веямі ночы запытальна стаіўся глыбока-глыбокі пагляд ён пільнуе няўцямнае хвілі калі ты аднойчы зь ім адпусьціш душу ды ніколі ня вернеш назад

невымоўнаю мовай ружовыя вусны сьвітаньня абяцаюць сьцяжыну адкрыць да прысьнёных вакон і памкнесься кудысьці і зноўку закружаць блуканьні і ніводны ніколі дарэшты ня спраўдзіцца сон

невымоўнасьці мова і дня залатыя далоні асыпаюць пялёсткамі мрояў закінуты сад і прыгорне зямля цябе ціха да цёплага ўлоньня і – ужо не адпусьціць ніколі-ніколі назад

невымоўнасьці мова і сінія шэпты сутоньня і за чорнымі веямі ночы нявыліты стогн і сьвітаньня ружовыя вусны і дня залатыя далоні і праменны празрысты бясконцы няспраўджаны сон

КРЫТЫКА

Ужо амаль паўстагодзьдзя на Беласточчыне існуе літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа”, створанае ў 1958 годзе пры беларускім тыднёвіку “Ніва”. Пісьменьнік Міхась Андрасюк – адзін з самых прыкметных “белавежцаў”. Летась у бібліятэчцы аб’яднаньня пабачыла сьвет кніга ягонай прозы “Белы конь”, якую ў нашым “Доме літаратара” рэцэнзуе крытык Ала Сямёнава.

У наступным годзе будзе адзначацца паўвекавы юбілей беларускага літаратурнага аб’яднаньня на Беласточчыне “Белавежа” – суполкі беларусаў, карэнных жыхароў гэтых мясьцін, аўтахтонаў, што па волі гістарычнага лёсу апынуліся ў складзе Польскай дзяржавы. Нягледзячы на складаныя ўмовы, у якіх існуе беларускае памежжа (і мэтраполія тым больш), сустракаць сур’ёзную дату будуць з годнасьцю. Ёсьць каму сустракаць, згадаем сяброў аб’яднаньня.

Старшыня – паэт высокай думкі, эзатэрычных мэтаў, эўрапейскага кшталту творца, выбітны літаратуразнаўца Ян Чыквін. Сябра суполкі Сакрат Яновіч – яркі празаік, у творчасьці якога выкшталцоная іронія, часам востры сарказм спалучаюцца з высокай рамантыкай. Паэты Алесь Барскі, Юрка Баена, Надзея Артымовіч, Міра Лукша... Усіх назваць у межах вызначанага фармату немагчыма.

Ды і размова пра новую кнігу прозы сябра суполкі “Белавежа” Міхася Андрасюка “Белы конь”. Як і ў папярэдніх кнігах Андрасюка, месца дзеяньня абмяжоўваецца мястэчкам, ваколіцамі, дарогай ад аднаго пункту аселасьці да другога. Кола пэрсанажаў тут звужаецца да адной сям’і. Аповесьць – па сутнасьці, цыкль навэляў, паяднаных месцам дзеяньня і героямі, кожнаму з якіх прысьвечаная навэля. І кожнага зь іх пані Гісторыя то казытне лёгкім крылом, то пройдзецца па ім капытцам, то абыякава пакіне іх дзейнымі асобамі, а бывае, сузіральнікамі і ахвярамі часу і абставін.

Жыцьцёвыя пуцявіны і сьцяжынкі звычаёвыя, падзеі гістарычнага маштабу Міхась Андрасюк умее пераплесьці, перастачыць рэгістры быцьця, дзьве рэальнасьці – гістарычную і побытавую. Вызнаючы літаратурную сыстэму, калі высокае і нізкае, маштабнае і дробнае хітрамудра пераплятаюцца. Рэальныя каштоўнасьці набываюць іншыя прапорцыі, звычныя межы губляюцца. Межы ў пераносным сэнсе і ў прамым.

Першая навэля аповесьці так і называецца – “Граніца”. Заснаваная на гістарычна-геаграфічным алягізме, калі лінія на мапе гатовая ператварыцца ў прычыну трагіфарсу. Міхась Андрасюк ня першы тое заўважыў. Згадваю хоць бы некалі вельмі модную францускую камэдыю са знакамітым акторам Фэрнандэлем “Закон ёсьць закон”. Вар’яцкая трагікамічнасьць сытуацыі ў тым, што недзе там, у Маскве, у кабінэце генэралісімуса мапа перакройвалася без уліку інтарэсаў простых людзей. Што там для айца ўсіх народаў значыла чалавечая адзінка... І ён працягнуў гэтую самую дэмаркацыйную лінію якраз паміж хатай і стадолай.

А гэты самы просты чалавек, ня ведаючы правілаў гульні ў шахматы вечнасьці, спрабуе мэтадам хатняй дыпляматыі, якая грунтуецца на пэўнай матэрыяльнай базе (самагон, сала і мёд), правесьці тую самую лінію на свой лад, адпаведна з нармальнай лёгікай і цьвярозым розумам. Але і лёгіка, і розум, відавочна, не ў пашане ў тых, хто вырашае людзкія лёсы.

А калейдаскоп гісторыі круціўся тут, на памежжы, без супынку. Прыйшлі саветы – забілі пана Драгабыцкага. Зьявіліся немцы – пад расстрэл павялі старшыню калгасу і бухгальтара. Вярнуліся расейцы – традыцыйна запусьцілі кулю ў лоб паліцая Валанцея.

Міхась Андрасюк ідзе на сьвядомае кантэкставае і стылістычнае зьніжэньне стылю. Аднак стварае такую мастацкую тэкстуру, калі падпадаеш пад уладу яго ходу сьветаўспрыманьня, зьедлівай іроніі і рамантычных нотак, якія аўтар тут жа прыцішвае, ахалоджвае іранічнымі паралелізмамі. Чытаем: “Часам, калі жаўрукі песьняй зьбівалі з прасторы пах неба і скідалі яго ўніз, ён спыняў каня і слухаў”. А калі раптам героі Андрасюка сутыкаюцца з момантам мастацтва ці з прывідам яго (як дзядзька Коля), альбо зь нечаканым адкрыцьцём высакародных адгалінаваньняў свайго генэалягічнага дрэва (як Валодзя), дык дзеяньне набывае амаль фантасмагарычны характар.

Празаік з лагоднай іроніяй і спачуваньнем вяртае герояў да рэчаіснасьці, пазьбягаючы жорсткасьці сваіх літаратурных равесьнікаў з мэтраполіі Ўладзімера Арлова, Алеся Асташонка, Адама Глёбуса, Франца Сіўка, Уладзімера Сьцяпана, Вінцэся Мудрова. Але не дадаючы большага аптымізму.

Назва кнігі – “Белы конь”. Той самы, што раскідваў грыву, уступаў у гонку зь ветрам. І будзь тут разумны і скажы – дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер...

А лёс у таго прыгажуна быў трагічны. Пасеклі на харч азіяты з савецкага войска.

Сумна-трагічны сымбаль, ці ўсё прыкрые трава забыцьця? Дык што будзе забытае, і што будзе помніцца з кнігі Міхася Андрасюка “Белы конь”? Мабыць, найперш інтанацыя, мова, пазыцыя аўтара – нэўтральная і зацікаўленая, запамінальна-пазнавальны стыль, адметны почырк празаіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG