Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Дранчук: “Я веру ў краіну, якую будую я сам”


Радыё Свабода Валер Дранчук – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Я веру ў тое, чым багавейліва даражу, што шаную як скарб: Бог, Айчына, Родная Мова, Род, Сям’я, Дзеці, Мейсца, дзе нарадзіўся, Дарога, якою заўсёды вяртаесься – да бацькоўскіх прысадаў, да мамы, да родных магіл.

Я веру ў Словы, у іх першатворны вялікі Пачатак.

Я веру ў слова Бог.

Я веру ў словы маёй малітвы да Бога.

Я веру ў словы, якія прамаўляю. Веру ў тое, што іх пачуюць.

Я веру ў Беларусь сёньняшнюю, але тую, што не скарылася, якая змагаецца за Беларусь Заўтрашнюю – Беларусь высокіх ідэалаў, новую, чыстую, сьветлую.

Я веру ў маладое пакаленьне, асабліва ў пакаленьне 1980-х, на якое выпаў шчасьлівы час, калі Беларусь пачала ўзьнімацца з каленяў, цьверазела пасьля працяглай дурманізацыі і алькагалізацыі, калі мацней загучала родная мова, калі словы Незалежнасьць і Годнасьць, Незалежнасьць і Будучыня, Незалежнасьць і Нацыя ўсё часьцей станавіліся побач, жывілі і дапаўнялі адно другое. Гэтае пакаленьне выйшла летась на плошчу Каліноўскага, гэтае пакаленьне я бачыў нядаўна на Чарнобыльскім шэсьці. Я шчыра вітаю і горача веру ў гэтае пакаленьне.

Я веру ў сваіх дзяцей, у свайго пакуль адзінага ўнука Платона, які нядаўна, гэтай вясной навучыўся хадзіць. Я веру ў кожны ягоны крок і багавейліва назіраю, як пад гэтай хадой нараджаецца новы Сьвет і новая Беларусь.

Я веру ў нашу магутную цудоўную прыроду, яе прасьцёртыя раўніны, лясы і балоты. Веру ў сьвятасьць яе чысьціні, непарушнага ладу, яе першавобразаў. Сёньняшняя засьмечанасьць зямлі, нязьмерная колькасьць звалак – каля дарог, на берагах рэчак, у лясах і прысадах – гаворыць пра глыбокую грахоўнасьць чалавека перад Божым сьветам, сваім вытокам, улоньнем-калыскай. Экалягічная этыка толькі дэкляруецца, на жаль, не адбываецца рэальных зрухаў у эканоміках, урадах, заканадаўстве. Але я веру ў чыстую Беларусь, хоць выдатна разумею, што сваім нашчадкам мы пакідаем незьлічоныя праблемы і што ствараем іх, працягваем ствараць – менавіта сёньня, штодня. Апафэозам гвалту і брутальнага замаху на жыцьцё стане, калі гэта зьдзейсьніцца, будаўніцтва АЭС у Беларусі. Я веру ў тое, што наша краіна – ахвяра Чарнобылю – ўсё ж такі сьцьвердзіць пазыцыю НЕдалучэньня і НЕраспаўсюджаньня так званага “мірнага атаму” на сваёй тэрыторыі.

Я веру ў прыклад людзей, бо менавіта прыклад іншых – вера і праўда, пасіянарная апантанасьць – заўсёды мяне натхнялі, давалі надзею, падвойвалі сілы.

Я веру ў свой прыклад і свае асабістыя ўчынкі, хачу, каб нехта маладзейшы і зь мяне павучыўся альбо прыахвоціўся на маё захапленьне, паверыў і ў мой прыклад. Найперш мае дзеці, родныя, блізкія. Я веру ў сваіх пасьлядоўнікаў, тых, хто сёньня рушыў за мной альбо прыйдзе пазьней – магчыма, калі мяне ўжо ня будзе.

Я веру ў сваю краіну, краіну, якую будую я сам, сваімі справамі, сваімі ўчынкамі, сваім асабістым прыкладам зь Вялікае Ласкі Божай. Жыве Беларусь!

* * *

Валер Дранчук, журналіст, эколяг, стваральнік і выдавец газэты “Белавеская пушча”.
XS
SM
MD
LG