Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцер Дашкевіч адбыў палову тэрміну


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці выйдзе Зьміцер Дашкевіч на волю датэрмінова? Артур Фінькевіч высьветліў прычыну сваёй ізаляцыі на мінулыя выходныя. За што на Аляксандра Казуліна наклалі трэцяе спагнаньне? Андрэй Клімаў – зноў у менскім сьледчым ізалятары.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адбыў палову тэрміну і, паводле закону, атрымаў права на ўмоўна-дэтарміновае вызваленьне. Нагадаю, Дашкевіч быў пакараны на паўтара году зьняволеньня за удзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Ці ёсьць шанцы, што актывіста выпусьцяць на волю датэрмінова? Гэтае пытаньне я задаў Паўлу Севярынцу, які падтрымалівае перапіску са Зьмітром Дашкевічам. Павал сам толькі месяц як вярнуўся з “хіміі”.

“Ёсьць такая верагоднасьць. Мы на гэта спадзяемся. Усё ж такі пытаньне пра прэфэрэнцыі вельмі важнае для рэжыму і, напрыклад, вызваленьне Дашкевіча было б расцэненае як вельмі сур’ёзны крок. Зь іншага боку, ўлады вельмі баяцца “Маладога фронту”. Ужо год ідзе надзвычайны перасьлед, але зламаць ня могуць, і ў такой сытуацыі выпусьціць Дашкевіча на волю для рэжыму боязна. Вось паміж гэтымі акалічнасьцямі ўся драматургія і разгортваецца: вызваляць – ня вызваляць”.

Павал Севярынец перакананы: калі будзе загад зьверху, ня будуць перашкодай і спагнаньні, накладзеныя на Дашкевіча ў калёніі.

А.Фінькевіч: “БТ хацела паказаць, што ў краіне нібыта няма палітвязьняў”

Свайго калегу Дашкевіча павіншаваў з “мэдыюмам” турэмнага тэрміну “хімік” Артур Фінькевіч. З Магілёву хлопец адправіў у Шклоўскую калёнію паштоўку. Самому Артуру знаходзіцца на “хіміі” яшчэ да сьнежня. На мінулыя выходныя актывіста ізалявалі ў камэндатуры . Некаторыя не выключалі, што ў сувязі з магчымым датэрміновым вызваленьнем. Але верагодна, ўлады баяліся, што з палітвязьнем сустрэнецца супрацоўнік амбасады ЗША у Беларусі. Паводле зьвестак, замежны дыплямат зьбіраўся зьезьдзіць у Магілёўскую вобласьць і мог завітаць да Фінькевіча – прынамсі, такая вэрсія самога Артура.

У мінулую нядзелю Артур Фінькевіч аказаўся ў цэнтры яшчэ адной падзеі – яго паказалі па беларускай тэлевізіі. Праўда, як кажа актывіст, пры гэтым зрабілі шэраг памылак: назвалі яго лідэрам “Маладога фронту”, сказалі, што ён адбывае пакараньне ў калёніі, хаця ён знаходзіцца на “хіміі” і нават паказалі калючы дрот, за якім вязень нібыта ходзіць нападпітку. Артур Фінькевіч пракамэнтаваў сюжэт гэтак:

“Сюжэт быў зроблены дзеля таго, каб зрабіць зь мяне не палітзьняволенага, а звычайнага хулігана. Паказаць, што ў краіне нібыта няма палітвязьняў. Тое, што ў сюжэце зь белага робяць чорнае звычайна для беларускага тэлебачаньня. У такіх сюжэтах сапраўднай журналістыкі няма”.

Клімаў у мэдычным ізалятары, Казулін у трэці раз пакараны за парушэньне дысцыпліны

Андрэй Клімаў на гэтым тыдні вярнуўся з рэспубліканскага турэмнага шпіталя ў менскі сьледчы ізалятар. Вязень напісаў сваякам, што пакуль яго паклалі ў мэдычны стацыянар ізалятару. Пра тое, як праходзіць лячэньне, Клімаў не паведамляе, але задаволены ужо тым, што ў палаце ніхто ня паліць. Нагадаю, раней Андрэй Клімаў скардзіўся на недахоп сьвежага паветра, бо ў камэры ўсе палілі. Між тым дактары прызналі ў былога дэпутата стэнакардыю. Пад арыштам Клімаў ужо болей за два месяцы.

Аляксандр Казулін трэці раз пакараны за парушэньне дысцыпліны. Гэта зьвесткі ад адміністрацыі калёніі “Віцьба-3”, дзе адбывае пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта. Што дакладна зрабіў Казулін – невядома. Фармальна трэцяе спагнаньне ўплывае на шанцы вязьня на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне альбо амністыю. Нагадаю, з 5,5 гадоў Аляксандр Казулін адбыў толькі 14 месяцаў.

• Зьмітра Дашкевіча наведаў адвакат 09.06.2007 • У спэцкамэндатуры не выключаюць хуткага вызваленьня А.Фінькевіча 08.06.2007 • Ці выйдуць на волю ўсе палітвязьні? 30.05.2007
XS
SM
MD
LG