Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 09.06.2007 – 15.06.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Напэўна камусьці вельмі хацелася, каб былі нейкія чысткі, зачысткі, экзэкуцыі, выгнаньні. На некаторых сайтах ужо нават зьявіўся анонс, што на гэтым сойме плянуецца выключэньне з партыі БНФ. Як толькі я гэта прачытаў, то зразумеў – не, не дачакаецеся!”

Вінцук Вячорка, лідэр партыі БНФ – пасьля пасяджэньня сойму БНФ, на якім разглядаліся справы сябраў партыі, якія на Кангрэсе дэмакратычных сілаў уступілі ўва фракцыю “За свабоду” А. Мілінкевіча.

"Самая страшная праблема – гэта не апазыцыя, самае страшнае – гэта дэстабілізацыя фінансавага рынку... Памятаеце дэфолт 1998 году ў Расеі і як мы цяжка зь яго выходзілі. Ня дай Бог дапусьціць гэта ў нашай краіне. А мы да гэтага, можна сказаць, ішлі ў канцы мінулага – на пачатку сёлетняга году, калі было мала рэсурсаў і калі Расея падкінула нам вядомыя праблемы”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас прадстаўленьня новага кіраўніка Менскай вобласьці Леаніда Крупца.

“Асноўная прычына ўтварэньня гэтай арганізацыі ў тым, што на Лукашэнку абрынуўся ”псыхалягічны дэфолт". Што гэта такое? Усе гэтыя гады беларускі кіраўніку не патрэбны былі нейкія падпоркі. Ён працаваў на ірацыянальным узроўні, пераконваючы людзей у сваіх цудадзейных магчымасьцях. А тут – абвал. Расея перайшла на рынкавыя стасункі і эканамічны рэсурс скончыўся".

Уладзімер Падгол, палітоляг – у перадачы «Экспэртыза Свабоды», прысьвечанай стварэньню прапрэзыдэнцкай партыі «Белая Русь».

“Мы гаворым пра канкурэнтную рынкавую эканоміку. А яна ня можа існаваць у сфэры незразумелых прэфэрэнцыяў ды субсыдыяў. І Расея, і Беларусь будуць паступова пераходзіць на ўсясьветныя цэны й свабодныя тарыфы”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Дня незалежнасьці Расеі.

“Апошні Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі быў дэманстрацыяй сілы тых апазыцыйных партыяў, якія ставяць на Расею і на якіх ставіць Расея”.

“Tygodnik powszechny”, найбуйнейшая польская газэта каталіцкага кірунку – пра вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

“Беларускай мовы наагул ня ведаю, але іду здаваць. Расейскай не люблю”.

Абітурыент менскага ВНУ – у адказ на пытаньне Свабоды, чаму ён вырашыў здаваць тэст на беларускай мове.

“Маракі прынцыпова адрозьніваюцца ад сухапутчыкаў: сухапутным вайскоўцам ёсьць куды адступаць, марскім – няма куды. Альбо карабель тоне, альбо ўсе ратуюцца. Таму, вядома, паўплывала на мой характар”.

Валер Шчукін, палітык, ваены марак у адстаўцы – у перадачы «Начная Свабода».

«Закон аб свабодзе веравызнаньня ставіць дзяржаву на месца Бога».

Яраслаў Лукасік, сьвятар пратэстанцкай царквы “Ян Прадвесьнік”, якога на мінулым тыдні дэпартавалі ў Польшчу – у перадачы «Начная Свабода».

«Я думаю, што з боку Расеі пагрозы незалежнасьці Беларусі ніякай няма. Расейскі рэжым такі агрэсіўны, але адначасова – вельмі неэфэктыўны. Яны вельмі дрэнна кіруюць сваёй краінай, і спэцслужбы – яны ж дэградавалі ў Расеі... Ня думаю, што расейскія спэцслужбы ў чымсьці лепшыя за лукашэнкаўскія. Яны, канечне ж, маюць настальгію па мінуўшчыне. Мне здаецца, што Лукашэнка больш агрэсіўна дзейнічае цераз спэцслужбы ў Расеі, чым наадварот. Наколькі я ведаю, нават канфідэнцыйная інфармацыя, якая абмяркоўвалася ў нас на ўзроўні ўраду, тут жа трапляла на стол Лукашэнку. А наадварот – ня ведаю, шчыра кажучы».

Барыс Нямцоў, расейскі палітык – падчас онлайн-канфэрэнцыі на svaboda.org.

"Мы лічым такое рашэньне абсалютна неабгрунтаваным, абсалютна контрапрадуктыўным і, не пабаюся гэтага слова, абсалютна антынародным у сваёй сутнасьці”.

Андрэй Папоў, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў – пра стаўленьне афіцыйнага Менску да магчымага пазбаўленьня тарыфных прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG