Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра адмену льготаў і стаўленьне пэнсіянэраў да ўлады

Марк Саньнікаў: “Напісаць Вам мяне прымусіў мой 90-гадовы дзед Сямён Маркавіч. Доўгія гады ён слухае разнастайныя заходнія радыёстанцыі, і Ваша радыё ў прыватнасьці. З раніцы начытаўшыся і наглядзеўшыся афіцыйных газэтаў і тэлебачаньня, зь вялікім нецярпеньнем чакае 18.00, калі выйдзе ў эфір чарговы выпуск Свабоды. Пасьля адцінліва салодкіх “рэкордаў” і “посьпехаў”, ужо вельмі хочацца яму рэальнага інфармацыйнага расолу дзеля адэкватнага ўспрыманьня таго асяродзьдзя, у якім ён жыве. Ягоны аналітычны розум старога чалавека часам захапляе нават маладых людзей. Ну, а высновы і пытаньні могуць загнаць у кут нават самых дасьведчаных прамоўцаў. Ён шмат памятае. Напрыклад, пасьляваеннае зьніжэньне коштаў на харачаваньне. Альбо савецкі хлеб коштам 16-20 капеек. А вось цяпер ніяк ня можа зразумець, чаму бохан сёньняшняга хлеба каштуе больш за мільён рублёў (з улікам “не адрэзаных” падчас дэнамінацыі нулёў).

Дазваляючы сабе на вялікія сьвяты гарэлку, не забывае нагадаць, што купіў яе ў краме больш за пяць мільёнаў “лукеранак”,– гэтак жа, як ягоны дзед некалі траціў на гэта мільёны «керанак».

Ён не крыўдуе, калі яго называюць старым маразматыкам, але заўсёды згадвае таго дурня, які сваімі разумнымі пытаньнямі абламаў дзесятак мудрацоў. Перажыўшы бацьку ўсіх народаў таварыша Сталіна і назьбіраўшы сабе на асабістае пахаваньне мільён рублёў пры цяперашнім “бацьку”, Сямён Маркавіч наказвае пахаваць яго, як “мільярдэра” – на што мае поўнае права, зыходзячы зь лёгікі сваіх развагаў.

Ну, а што датычыць адмены льготаў для састарэлых “мільярдэраў”, то якія могуць быць ільготы мультыбагатым старым, якія дзяцінеюць ад неразуменьня таго, што адбываецца наўкол...

Яшчэ ён ня можа зразумець канцэртныя праграмы “За незалежную Беларусь”, і часта пытаецца: “Што, мы ў сябе ў краіне ўжо дастаткова здабываем нафты і газу, каб быць незалежнымі? Відаць, у нас зьявілася сакрэтная зброя ў выглядзе скразной сьвідравіны аж да Венесуэлы ды Ірану”.

Хоць я стаўлюся да свайго дзеда з павагай, але на пастаўленыя ім пытаньні адказаць часам не магу, хоць абмежаваным сябе не лічу. Можа, Вы яму больш даходліва патлумачыце ў сваіх перадачах, чаму ён у такой квітнеючай краіне і пры такіх вялізных грошах – і не алігарх. Патлумачце яму, старому, што ў нашай краіне не прынята пытаць уладу, дзе грошы. Інакш адказ давядзецца шукаць у мясьцінах ня надта аддаленых на працягу пяці з паловай гадоў.

Дзед вельмі любіць і добра разумее беларускую мову, але недастаткова ёй вылодае, бо па паходжаньню ён – рускі чалавек зь вялікім сэрцам, якое баліць за родную Бацькаўшчыну”.

Павал Сац, вёска Асавая Маларыцкага раёну: “Тыя людзі, якія льготаў ня мелі, Лукашэнку падтрымліваюць. А вось для тых, у якіх пэнсія мінімальная, страта льготаў – адчувальная. Асабіста я дагэтуль езьдзіў у аўтобусе бясплатна, як інвалід трэцяй групы. Цяпер, відаць, давядзецца плаціць. Калі споўніцца 60 год, пэнсію мне дзяржава дасьць тысяч 114-120, ня больш. Карацей, “мінімалку”.

Пэнсіянэры гатовы цярпець пэўны тэрмін, абы не было вайны. Тэлебачаньне палохае іх ракетамі, амэрыканскай агрэсіяй. Маўляў, глядзіце, што робіцца ва Ўкраіне…І яны вераць прапагандзе. Але пры гэтым пытаюцца ў мяне: “Ці не чуваць, калі падвышэньне пэнсыяў будзе? “Свабода” не гаворыць?” Дык я ў адказ: Слухайце самі “Свабоду” – даведаецеся. Радыё даступна кожнаму”.

Увогуле, пасьля таго, як “Свабода” паведаміла пра справы ў нашым ляхавіцкім калгасе, людзі нярэдка зьвяртаюцца да мяне, думаюць, што я чымсьці магу дапамагчы, нешта зрабіць. А я толькі канстатую факты. Людзям жа раю зьвяртацца ў раён ці сельсавет”.

Слухач: “Хачу сказаць тым пэнсіянэрам і студэнтам, якія пазбаўляюцца льгот: гэта Вам падзяка ад Лукашэнкі за датэрміновае галасаваньне, за яго падтрымку на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Калі дзяржава за 13 год яго кіраваньня дайшла да таго, што Вас пазбаўляюць ільгот, то падумайце, што будзе далей”.

Анастас Семяновіч: “...няма грошай у казьне, ліквідуйце АМАП і спэцпадразьдзяленьні. І гэтыя грошы ў дзесяць разоў перакрыюць льготы. Вось дзе трэба шукаць льготы".

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Ну што? Аднімуць льготы і, можа, будзе нейкая адрасная падачка. Нейкі будзе чыноўнік глядзець, прыглядацца, ці такі ты, ці сякі, каму больш, каму менш, а каму, можа, наагул, нічога. Хто гэта можа падлічыць? У адзін дзень мне можа трэба будзе толькі ў адзін бок і назад, а ў іншы дзень, можа, трэба будзе 5 відамі транспарту праехаць па гораду. І што, даведкі зьбіраць? Ня трэба гэтыя вялікія падачкі. Дайце нармальныя заробкі, дайце нармальны жыцьцёвы ўзровень. І ня трэба дзівацтваў. А то Бог адніме ўсе льготы і ў іх. І ў іх дзяцей і ўнукаў, колькі іх там ёсьць".

Спадар: “Аляксандр Рыгоравіч, дзе мы возьмем грошай, каб купляць кроў? Вы ж зьнялі льготы зь людзей, каб Вам больш грошай было. А зараз донары сыходзяць. І прыйдзецца, магчыма, Вам самім здаваць кроў разам са сваімі сынамі, з чыноўнікамі, дэпутатамі. І тады донары нам ня будуць патрэбныя, таму што Вы ўжо столькі крыві з народа выпілі, што ў Вас хопіць, каб усіх лячыць”.

Пра апазыцыю

Барыс Руцько, Менск: “Сёньня ўсім відавочна, што неабходна як мага хутчэй стварыць альтэрнатыву як рэжыму, так і гэтай апазыцыі – БНФ, АГП, сацыял-дэмакратам, апазыцыйным камуністам ды іншым… Рэжым выкарыстоўвае незаконныя мэтады барацьбы зь няўгоднымі, а гэта апазыцыя займаецца дыскрэдытацыяй новых разумных лідэраў і актывістаў. Да таго ж, яна дэманструе ўсім толькі “карцінку” – імітацыю барацьбы. Гэта ёсьць псэўдабарацьба. У выніку рэжыму патрэбна такая апазыцыя, а гэтай апазыцыі патрэбен такі рэжым. Усе яны добра ўладкаваліся і прыстасаваліся”.

Спадар: “Ня будзем наіўнымі. Яшчэ не было ў прыродзе выпадку адхіленьня ад улады недэмакратычнага рэжыму дэмакратычным шляхам”.

Аляксандр Ваукавыск: "Радыё "Свабода" – гэта недэмакратычныя размовы аб дэмакратыі. Нельга, дрэнна гаворачы аб агні, не заўважаць яго карысці".

Пра ўладу

Марыя, Пінск: “Наша сям’я падтрымлівае Адміністрацыю прэзыдэнта. Слушна, што многія ільготы трэба скасаваць. Мы не павінны таптацца на месцы, а думаць, як жыць далей. Мы любім і шануем, што ёсьць у нашай роднай Беларусі людзі, якія дбаюць пра будучыню, каб нам было лепей. Ня трэба нам бераг амэрыканскі. Мы самі творцы сваёй лепшай долі. Усе разам будзем дапамагаць прэзыдэнту, каб наша краіна квітнела і надалей. Дзякуй”.

Спадар: “Губэрнатар Царскай расейскай імпэрыі Мураўёў увайшоў у гісторыю як вешальнік змагароў паўстаньня за вольную Беларусь, Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. А кіраўнік беларускай дзяржавы Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як душыцель, зьнішчальнік усяго беларускага: мовы, літаратуры, культуры, гісторыі, сымбаляў і свабоды. Дзьве родныя душы – вешальнік Мураўёў і душыцель, зьнішчальнік Беларусі Лукашэнка”.

Пра становішча з правамі чалавека ў суседніх зь Беларусьсю краінах

Міхаіл Леках, Рыга: “Шэраг вашых перадачаў я ацэньваю негатыўна, паколькі яны фармуюць у беларусаў, як бы гэта мякчэй сказаць, комплекс непаўнавартаснасьці. У гэтых перадачах суседнія краіны падаюцца ў выглядзе нейкага аазісу дабрабыту, дзе нібыта цякуць малочныя рэкі ў кісельных берагах. А гэта ж ня так. Да прыкладу, у Латвіі цяпер такія сацыяльныя ды эканамічныя праблемы, што беларускія праблемы выглядаюць на іх тле толькі ценем.

А што адбываецца ў Польшчы, прадстаўнікі якой любяць вучыць Беларусь? Аб’ектыўна, паводле зьвестак “Эўрастат”, Польшча вось ужо больш як дзесяць год – самая карумпаваная і зладзейская краіна ў Эўропе. Не зьмянілася яна і пасьля таго, як далучылася да Эўразьвязу.

І вось асобы, якія вядуць рэй у карумпаванай Польшчы, павучаюць Беларусь. Не выпадкова сярод іх нядаўна апынуліся польскія прадстаўнікі – дэпутаты Януш Анышкевіч ды іншыя.

Ня так даўно польскія калегі даслалі публікацыю пра тое, як адна полька выйграла справу супраць польскай дзяржавы. Яна хацела зрабіць аборт паводле мэдычных паказьнікаў. Ёй адмовілі, а ў выніку родаў яна амаль асьлепла. Вось такія правы жанчын у Польшчы. І Страсбурскі суд прысудзіў ёй грашовую кампэнсацыю, якую ёй павінна выплаціць польская дзяржава. Такі вось жахлівы выпадак”.

Пра ўшанаваньне чужых герояў

Юрась Навіцкі, Менску: “Добра вядома, як праславіўся на Беларусі акупант, карнік і кат Сувораў. Ужо 16 год, як мы нарэшце вызваліліся ад расейскай акупацыі, але назваць нешта імёнамі беларускіх герояў-патрыётаў нам нават сёньня не дазваляе нейкі “саюз” імя чужынца-карніка, што гэткіх жа патрыётаў бязьлітасна зьнішчаў!”

Пра сыстэму аховы здароўя

Тадэвуш Ляшчынскі, Горадня: “Днямі пачуў па Свабодзе, што ў Беларусі не хапае трох тысяч лекараў. А куды ж яны падзеліся, калі ўсе мэдычныя ўнівэрсытэты ў нас працуюць на поўную моц, і нават пашыраюць прыём студэнтаў? Я ведаю адказ, паколькі мой сын у свой час скончыў мэдынстытут і некалькі гадоў працаваў доктарам у Менску. За цяжкую і адказную працу ў шпіталі яму плацілі 100 даляраў у месяц. А за кватэру ён тады павінен быў аддаваць 120.

Ужо некалькі гадоў ён працуе лекарам у Польшчы. Заробак у яго цяпер – каля тысячы эўра за месяц. Кажа, што і там, відаць, доўга не затрымаецца: новыя сябры і калегі клічуць у Вялікую Брытанію, дзе самы нізкі заробак у доктара-замежніка – больш за тры тысячы эўра. Многія польскія мэдыкі менавіта туды едуць на заробкі, з прычыны чаго сама польская медыцына адчувае дэфіцыт кадраў.

Беларускім дактарам за апошнія гады заробкі крыху падвысілі. Але якое гэта падвышэньне, калі ўлічваць, як хутка ў нас расьце кошт жыцьця? На што можа разьлічваць малады доктар у дзяржаўным шпіталі? На 200 даляраў? А самая танная аднапакаёвая кватэра ў Менску каштуе 60 000 даляраў. Дык за колькі гадоў ён здолее назьбіраць на ўласнае жыльлё? Акурат перад пэнсіяй. І то, калі кошты на кватэры ня зьменяцца (у што верыцца зь цяжкасьцю).

Пры такім стаўленьні дзяржавы да сыстэмы аховы здароўя ў нас добрых дактароў хутка ўвогуле не застанецца, а самі мы будзем душыцца ў яшчэ даўжэйшых чэргах у паліклініках. І асабіста я выйсьця з гэтай сытуацыі ня бачу. У дзяржавы ў сёньняшніх умовах проста няма грошай на тое, каб плаціць дактарам тыя грошы, якія варта даваць за такую складаную і адказную працу”.

Пра жыльлёва-камунальную гаспадарку

Пётар Навіцкі, Менск: “Я ведаю, куды зьнікаюць грошы, якія мы штомесяц плацім за камунальныя паслугі. Нядаўна мне самому давялося сутыкнуцца з гэтай сістэмай. Я быў у шоку.

На працы ў камунальнікаў лічыцца вялізная колькасьць так званых “мёртвых душ”. Сваякі начальства, майстроў, юрыстаў, бугалтараў, эканамістаў… Далучаюць да справы нават п’яніц ды інвалідаў. Іхныя карткі на атрыманьне грошай – у кішэні брыгадзіра ці майстра. А ім выдаецца нейкая нязначная сума толькі на прапой.

Падвойныя стандарты – паўсюль. Так, для скаргаў насельніцтва вядзецца “чорная” кніга, а для праверак кантралёраў ёсьць кніга “белая”, дзе ўсё нібыта ў парадку.

Сьлесары, сантэхнікі працуюць па заяўках толькі за наяўны разьлік. Грошы робяцца на ўсім – спецадзеньні, мыйных сродках, прыладах, веніках… Усё толькі на паперы, фактычна нічога не выдаецца.

Ёсьць ЖЭСы, дзе начальнікі мяняюцца штогод: нажываюцца і сыходзяць. Асабліва калі вядзецца капітальны рамонт дома. Вось дзе залатое дно для прайдзісьветаў.

Скаргі ад жыхароў ідуць па ўсіх інстанцыях. Але ўрэшце рэшт яны перасылаюцца тым, на каго людзі скардзяцца. Атрымліваецца нейкае зачараванае кола, у якім начальнікі розных ЖРЭУ і ЖЭСаў адчуваюць сваю поўную беспакаранасьць і ўсёдазволенасьць.

Да чаго мы дажыліся: нармальны чалавек ня мае ніякіх шанцаў, каб прыстойна жыць”.

Пра міжнародную палітыку

Спадарыня: “Усё-такі ЗША прымусілі Расею цаніць як блізкіх, так і дальніх суседзяў. Цяпер прыйдзецца прапанаваць нешта каштоўнае Прыбалтыцы, Украіне, Грузіі, Польшчы і гэтак далей, каб яны зьмянілі гнеў на міласьць. Каштаваць гэта зьмена будзе нятанна. Так што спадару Пуціну за пагрозы, за хамства і гэтак далей прыйдзецца заплаціць”.

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. У Пецярбурзе адбыўся саміт краін СНД. Ніводзін расейскі тэлеканал не згадаў пра Беларусь і Лукашэнку. Няўжо ні ў каго не было цікавасьці да нашай краіны? Падумалася, можа, Беларусь выйшла з СНД. Пераключыўся на “Контуры” і ўпэўніўся, што гэта ня так, што Беларусь яшчэ там. Але ж і ў “Контурах” інфармацыі было няшмат. Ні сустрэч, ні перамоваў. Мелькам паказалі некалькі фрагмэнтаў. Лукашэнка быў далёка ад Пуціна, побач з Саакашвілі. Мабыць, з асалодай удыхаў пах “рэвалюцыі руж”. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Вы пытаецеся праз колькі год Беларусь уступіць у Шэнген. Дык вось адказваю. Пры такой уладзе ня ўступіць праз сто гадоў”.

Анастас Семяновіч: “Хочацца выказаць вялікую падзяку прэзыдэнту ЗША, спадару Бушу, і яго ўраду, што ўпершыню паставілі помнік ахвярам камунізму-сталінізму. Я вельмі ўсьцешаны Вашай працай па ўсталяваньню помніка. Час і нам, таварышы лукашысты, усталяваць такі помнік на тэрыторыі Беларусі, дзе бальшавікі расстрэльвалі самых лепшых людзей, не вінаватых ні ў чым. Першы помнік трэба тэрмінова паставіць у Курапатах і абнародаваць кнігі. Бальшавікі ў Беларусі вынішчылі больш за адзін мільён патрыётаў Беларусі. “Лінію Сталіна” трэба перайменаваць у “Лінію Кастуся Каліноўскага”. Таварыш Лукашэнка, дайце каманду, каб Беларусь ачысьцілі ад бальшавікоў. У нас сотні, тысячы людзей вартых таго, каб іх прозьвішчамі былі названыя вуліцы, калгасы і гэтак далей. Праўда, калгасаў у бліжэйшы час ня будзе. Будзе прыватная ўласнасьць. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG