Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўся першы тур “Адборышча”


Севярын Квяткоўскі, Менск Конкурс маладых беларусіх рок-каманд, якія атрымаюць пуцёўку на фэстываль “Басовішча”, ладзіцца ў Менску 15-16 чэрвеня. З 20 гуртоў адбор журы пройдуць 10. Сярод тых, хто прэтэндуе на ўдзел у самым буйным альтэрнатыўным фэстывалі беларускай музыкі: “Фляўс і Кляйн”, “Spitaль”, “SOK”, “Спрат”, “SKA!RB”, “Unia”, “Kalmary”, “Джамбібум”, “Zig-zag” ды іншыя. Нагадае, што фэст маладой беларускай музыкі "Басовішча" ладзіцца ад 1990 году ля вёскі Гарадок на Беласточчыне недалёка ад польска-беларускай мяжы.



Першы тур “Адборышча” распачаў гурт “Джамбібум”. Імпрэза адбываецца ў адным зь менскіх клюбаў. Арганізатары не афішуюць назву, усё паўпадпольна: уваход праз двары, праз чорны ход. Я зьвяртаюся да Аляксея Мінчонка, аднаго са стваральнікаў музычнага парталу “Тузін гітоў” і каардынатара праекту ў Менску:

Мінчонак: “За дзень да “Адборышча” стаўся вядомы гурт, які едзе на “Басовішча”, яго абралі наведнікі “Тузіну гітоў”. Гэта ўжо трэці год запар гурты трапляюць на “Басовішча”.

Сярод журы прадстаўнікі “Тузіну” гітоў, музычныя аглядальнікі незалежных мас-мэдыя, а таксама прадстаўніца моладзевага парталу Generation.by Вольга Кузьміч. Менавіта ў асяродку стваральнікаў парталу, вядомых перад тым брэндам Studenty.by, перад падрыхтоўкай сёлетняга конкурсу нарадзілася назва “Адборышча”. Далей Вольга Кузьміч:

Кузьміч: “Прыемна, што назва робіцца народнай. Нават адборачныя туры іншы гадоў называюць “Адборышча” такога-та году, альбо такога-та. Таму файна, што фэстываль, які адбываецца ў Польшчы, ён ужо мае таксама свой брэнд у Беларусі”.

Аляксандра з гурту “Унія” ніколі не была на “Басовішчы”, пра сваё жаданьне прайсьці адбор і патрапіць на фэстываль кажа так:

“Пасябраваць... І паказаць сваю музыку, паказаць сваю творчасьць – наша мэта”.

Вынікі конкурсу будуць вядомыя па заканчэньні другой часткі адбору. Увечары 16 чэрвеня журы зробіць свой выбар.

“Басовішча”: па-за конкурсам едзе Lilith “Тузін гітоў”, 14.06.2007
XS
SM
MD
LG