Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станцыю мэтро “Кастрычніцкая” закрыюць на 3 месяцы


Іна Студзінская, Менск На станцыі "Кастрычніцкая" Менскага мэтро ў сярэдзіне жніўня пачнецца мантаж новых эскалятараў. Станцыю плянуюць зачыніць да лістапада. Яшчэ некалькі гадоў таму Міністэрства па надзвычайных сытуацыях зрабіла прадпісаньне, што прыйшоў час мяняць эскалятары. Чаму пры гэтым нельга абысьціся без закрыцьця самай ажыўленай станцыі, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Штодня зь першай лініі на другую і наадварот перасаджваецца па 130 тысяч чалавек.

У самыя напружаныя дні праз вузел Кастрычніцкая – Купалаўская праходзіць да паўмільёна пасажыраў.

Распавядае галоўны інжынэр службы руху Менскага мэтрапалітэну Георгій Ткач:

“Эскалятары, як аб’екты павышанай небясьпекі, падкантрольныя Праматамнагляду. Праз пэўны прамежак часу, праз 150 тысяч кілямэтраў прабегу, павінен праводзіцца капітальны рамонт. А капітальны рамонт – гэта азначае, што ўсе нясучыя канструкцыі, на якія абапіраюцца ступені, павіны мяняцца”.

Спачатку хацелі цалкам “Кастрычніцкую” не закрываць, пакінуць падземны пераход-тунэль паміж Кастрычніцкай і Купалаўскай адкрытым. Але, паводле намесьніка начальніка па будаўніцтву Менскага мэтрапалітэну Анатоля Геца, ад такой ідэі адмовіліся зь меркаваньняў бясьпекі. Таму кіраўніцтва мэтрапалітэну будзе настойваць на закрыцьці “Кастрычніцкай”. Канчатковае рашэньне – за Менгарвыканкамам.

Чаму нельга замяніць эскалятары ўначы?

Што да менчукоў, якія езьдзяць праз станцыю, яны разумеюць неабходнасьць рэканструкцыі, іх цешыць, што замест трох эскалятараў зьявіцца чатыры, прычым, новай канструкцыі, крыху вузейшыя за цяперашнія. Але нязручнасьці палохаюць, кажа пасажырка Галіна Ўласік:

“Чаму ў нас не практыкуецца мэтад, які выкарыстоўваецца шырока за мяжой, калі рамонт дарог, мэтро робіцца ўначы, калі няма людзей, калі ўсё зачынена? Будуць вялікія нязручнасьці. У наземны транспарт у нас ня ўбіцца, таму будзе наагул дурдом”.

Галоўны інжынэр службы руху Менскага мэтрапалітэну Георгій Ткач перакананы:

“Замяніць тры эскалятары на чатыры – ніяк не атрымаецца без закрыцьця станцыі. У нас мэтрапалітэн працуе зь 5.30 раніцы да 1.30 ночы. У гэты прамежак часу зрабіць пэўны аб’ём працы і ўсё прывесьці ў парадак немагчыма”.

Чатыры новыя эскалятары ўсталююць за 3 месяцы

Мэтрабудаўнікі абяцаюць, што ўсталююць новыя экскалятары за тры месяцы. Пачатак працы – сярэдзіна жніўня. Распавядае начальнік электрамэханічнай службы мэтрапалітэну Юры Данкоўцаў:

“Нам пастаўлены тэрміны завершыць гэта да лістапада. Раней па тэрмінах не атрымаецца, таму што трэба дэмантажаваць старое абсталяваньне, яго вывезьці, трэба змантажаваць новае, зрабіць пусканаладку, праверку, іспыты”.

Пасьля закрыцьця станцыі "Кастрычніцкая", самым папулярным сродкам перасоўваньня па праспэкту Незалежнасьці мае стаць аўтобус №100. Але, каб перасесьці на Аўтазаводзкую лінію з Маскоўскай, пасажырам давядзецца выходзіць на плошчы Перамогі ці плошчы Незалежнасьці, сядаць на "сотку" і дабірацца да Купалаўскай. Нязручна, да таго ж, плаціць больш.

Станцыя "Купалаўская" не закрыецца

Што да Купалаўскай, яе не закрываюць, кажа начальнік электрамэханічнай службы мэтрапалітэну Юры Данкоўцаў:

“Станцыя Купалаўская будзе нармальна працаваць. Адзінае, перасоўваньне зь лініі на лінію будзе магчыма толькі па версе, па тэрыторыі гораду. А цягнікі, як хадзілі па першай лініі і па другой, так і будуць хадзіць”.
XS
SM
MD
LG