Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” 15 чэрвеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

Удзельнікаў форумаў уразіла навіна пра тое, што прыняты законапраект “Аб вышэйшай адукацыі” захоўвае сыстэму разьмеркаваньня.

“Ага, паступілі слушна, ніхто не спрачаецца. Асабліва слушна, калі інжынэраў разьмяркоўваюць сьлесарамі”.

“Выгукі некаторых разумнікаў, што празь разьмеркаваньне дзяржава кампэнсуе выдаткі на навучаньне, тут будуць недарэчы... Калі падлічыць, колькі часу трэба зьбіраць падаткі з выпускніка-жабрака з заробкам у 170-180 тысячаў рублёў... дык атрымаецца, што чалавек нават за ўсё жыцьцё ня здолее вярнуць “пазыку” дзяржаве”.

“Няхай лепей адкажуць мне, чаму цяпер нельга ў часе тэрміну разьмеркаваньня ў парадку пераводу зьмяніць месца працы? Напрыклад, у маладога спэцыяліста ёсьць магчымасьць перайсьці на працу, якая лепей аплачваецца (па спэцыяльнасьці) ў іншую арганізацыю з такой самай формай уласнасьці. Гэта азначае, што на новым месцы працы падаткаў плаціць ён стане болей. Выгада для дзяржавы відавочная”.

На форумах сайту ідзе абмеркаваньне тэмы, наколькі важна мець дыплём для працы. Вось некалькі ідэяў на гэты конт:

«Адукацыя ўсё часьцей не пасьпявае за прагрэсам. Неабходнасьць атрыманьня дыплёму часта толькі адымае ўласны час на працэнтаў 80, у лепшым выпадку 20 даюць нейкі плён, але дзе дакладна тыя 80 і дзе тыя 20, на жаль, невядома».

«Што значыцца важны? Ён альбо патрэбны, альбо не. Ёсьць пэўныя пасады, якія могуць займаць людзі толькі з вышэйшай адукацыяй, альбо досьведам працы каля 10-ці год, і тое ня факт. Так што якім шляхам вам да гэтага ісьці, наколькі гэта важна для чалавека, абіраць Вам».

«Дыплём патрэбны, але каб яшчэ веды былі.. Бо хутка з вышэйшай адукацыяй будуць амаль усе, ужо не савецкія часы, калі людзі імкнуліся на завод, а не ва ўнівэр».

«Дыплём – важны сацыяльны капітал у барацьбе за разьмеркаваньне рэсурсаў, за права гвалту ў межах абранага поля».

Палітоляг наведаў прэзэнтацыю кнігі Яўгена Будзінаса “Давайце, дзяўчынкі”. “На маю думку, напісана вельмі добра. Ацэньваць ступень аўтабіяграфізму я не бяруся. Але калі хаця б 15% таго, што я прачытаў, сапраўды мае дачыненьне да аўтара, то гэта жорсткая й праўдзівая кніжка... Дзяўчынак на прэзэнтацыі было шмат. Юры Хашчавацкі чытаў фрагмэнты раману, і Будзінас, надзіва не падобны да таго запанелага Фальстафа, у якога я дзесяць год таму вымяняў яго аўтограф на аўтаграф Фета – новы, нечаканы Будзінас, прыплюшчыўшы па-ранейшаму вострыя й дакладныя ў ацэнках вочы пэргамэнтнага колеру павекамі, аднымі вуснамі паўтараў кожную фразу, прачытаную ягоным старым сябрам. Не было палітыкаў і палітыкі. Былі сябры... Віктар Скарабагатаў сьпяваў песьні Станіслава Манюшкі. Выйшла Элеанора Язерская, пышная, жыцьцялюбівая, і назвала Будзінаса адзіным мачо Беларусі. - Бабнік? – удакладніў ён. - Не, мачо! – настойвала дыва”.

ЖЖ-карыстальнік зьвяртае ўвагу на чарговае выкарыстаньне назвы Беларусь у заходняй поп-музыцы. На вядомым партале youtube.com зьявіўся . Камэнтар:

“Пасьля гуртоў Belarus (грэйт брытан) і Minsk (юнайтэд стэйтс), пра якія ніхто б у нас і не даведаўся, каб ня назва, да Беларусі пацягнуліся ручкі заслужаных дзеячоў сцэны. Глядзі ніжэй адно з апошніх стварэньняў амэрыканскага інды-бэнду Low. Наконт лыжніка гэта яны трапна :)

(даведка з ваенкамату): Low – два хлопцы і поўненькая дзяўчынка зь Мінэсоты. Граюць 14 год, маюць на рахунку 8 альбомаў і ўсю грудзь у заслужаных медалях”.

А ў суполцы Жывога журналу спрабуюць вызначыць найлепшых беларускіх блогераў у розных намінацыях. Так, у намінацыі “Літаратура” найчасьцей галасуюць за Khadanovich, Vinah_, Paulantipov. У намінацыі “Публіцыстыка” – за Lipkovich, Feduta, Antusha, у намінацыі “Музыка” лідуюць Papa_bo і Lunniy-malchik.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG