Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Шарамет: “Беларуская рэвалюцыя будзе праходзіць у два этапы”


Юры Дракахруст, Прага Што азначаюць апошняя адстаўка кіраўніка Менскай вобласьці і арышты старшыні канцэрну “Белнафтахім” і старшых афіцэраў КДБ? Чаму зараз ужо ня толькі незалежныя эканамісты, але і Аляксандар Лукашэнка гаворыць пра дэфолт? Наагул, якую ролю можа адыграць беларуская намэнклятура ў пераменах у краіне? На пытаньні “Праскага акцэнту” адказвае расейскі журналіст Павел Шарамет.

Дракахруст: “Напрыканцы траўня быў арыштаваны старшыня канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі. Напачатку траўня Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку кіраўніка Менскай вобласьці Мікалая Дамашкевіча. Нарэшце, літаральна некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя пра арышт высокапастаўленых супрацоўнікаў КДБ. Цікава адзначыць, што інфармацыя аб гэтых арыштах была публічна агучаная намесьнікам міністра ўнутраных справаў, а пазьней КДБ таксама публічна абверг гэтае паведамленьне намесьніка кіраўніка МУС.

Пра што сьведчаць гэтыя падзеі? Ці іх супадзеньне па часе – простая выпадковасьць, а самі яны маюць па сутнасьці руцінны характар: Бароўскі – ня першы арыштаваны дырэктар, Дамашкевіч – ня першы зьняты “вэртыкальшчык”. Ці гэтыя падзеі – паказчык нейкіх істотных зьменаў у беларускай уладнай клясе альбо паказчык спробаў гэтыя зьмены прадухіліць?”

“Арышт Бароўскага наўпрост, на мой погляд, зьвязаны з Канаплёвым”

Шарамет: “Я б ня ставіўся да апошніх арыштаў як да нечага надзвычайнага. І заявы наконт таго, што "лёд крануўся" здаюцца мне занадта сьмелымі. Хаця і нельга выключаць таго, што мы назіраем пэрыяд абвастрэньня напружанасьці ўнутры беларускай улады. Мне здаецца, што парушаны балянс у атачэньні Лукашэнкі, і зараз беларускі прэзыдэнт праз сваіх сілавікоў спрабуе гэты балянс нейкім чынам аднавіць. Быў яўны ўхіл у бок Канаплёва, прычым у фінансавай частцы, бо арышт Бароўскага наўпрост, на мой погляд, зьвязаны з Канаплёвым.
“Канаплёў вельмі ўзмацніўся ў апошнія паўтара-два гады... І гэта, зразумела, не падабаецца "сілавікам".
Канаплёў вельмі ўзмацніўся ў апошнія паўтара-два гады. Ён не хавае сваіх камэрцыйных праектаў і не хавае, што лабіяваў некаторыя моцныя бізнэсовыя прапановы. І гэта, зразумела, не падабаецца "сілавікам",бо і Навумаў, і Сухарэнка, і нават Шэйман, якія таксама зьвязаныя з пэўнымі бізнэсовымі групоўкамі, ціхенька сядзяць пад венікам, баячыся гневу Лукашэнкі. А Канаплёў, з прычыны асабістых адносінаў зь ім, дазволіў сабе перайсьці пэўную мяжу. Гэтыя арышты – вынік таго, што быў парушаны балянс унутры беларускай улады”.

Дракахруст: “Даволі дзіўна, што пры прызначэньні на пасаду, вызваленую Дамашкевічам, Леаніда Крупца, Лукашэнка сказаў, што час і сытуацыя патрабуе больш мяккага кіраўніка. "Я зыходзіў з таго, што Крупец – нармальны чалавек пасьля жорсткага стылю Мікалая Фёдаравіча. Крупец – больш мяккі, але настойлівы”. Наколькі я памятаю, мяккасьць ніколі не лічылася ў Беларусі станоўчай якасьцю кіраўнікоў. Чаму такая фармулёўка?”

“Сыстэма губляе здольнасьць уплываць на сытуацыю”

Шарамет: “Мне здаецца, што сыстэма губляе элястычнасьць. Гэта галоўная характарыстыка сёньняшняга моманту. Любое дзеяньне, якое робіць Лукашэнка, выклікае непрадказальныя наступствы. І ў эканоміцы, і ў палітыцы сыстэма пачынае страсацца нават ад чутак аб якіхсьці зьменах. Напрыклад, тое, на што мы б не зьвярнулі ўвагу яшчэ некалькі гадоў таму – адстаўка аднаго з губэрнатараў , сёньня выклікае бурлівы паток розных інтэрпрэтацыяў: ад таго, што Дамашкевіч – зацяты змагар з рэжымам Лукашэнкі, да таго, што нягодніка даўно трэба было прыбраць з гэтай пасады. Гэта гаворыць пра падвышаную нэрвовасьць унутры ўладнай эліты.
“А можа, Крэмль зрабіў стаўку на некага побач з Лукашэнкам? І таму пачынаецца зандаваньне блізкага атачэньня”.
Куды пайсьці? З Масквой? Але Масква нешта ня надта хоча весьці з Лукашэнкам дыялёг. А можа, Крэмль зрабіў стаўку на некага побач зь ім? І таму пачынаецца зандаваньне гэтага блізкага атачэньня. А раптам гэта Канаплёў – пераемнік, на якога робіць стаўку Масква?

А можа нам павярнуцца ад Масквы ў Эўропу? Давайце тут крыху пашантажуем Маскву і зробім нейкія прывабныя крокі для Эўропы.

Сыстэма губляе здольнасьць уплываць на сытуацыю і хутка перабудоўвацца ў адпаведнасьці са зьменай умоваў. Вось гэта асноўная характарыстыка бягучага моманту. І ў гэтым выпадку любая нечаканасьць можа прывесьці да сур''ёзнага крызісу, да сур''ёзнага канфлікту”.

“Ніякага дэфолту ў Беларусі ня можа быць”

Дракахруст : “Падчас прадстаўленьня прыгаданага Леаніда Крупца кіраўнік дзяржавы зрабіў даволі дзіўную і цікавую заяву. “Самая страшная праблема – гэта не апазыцыя, самае страшнае – гэта дэстабілізацыя фінансавага рынку”. Больш таго, Лукашэнка прыгадаў эканамічны крызіс у Расеі напрыканцы мінулага стагодьдзя. “Памятаеце дэфолт 1998 году ў Расеі і як мы цяжка зь яго выходзілі. Ня дай Бог дапусьціць гэта ў нашай краіне. А мы да гэтага, можна сказаць, ішлі напрыканцы мінулага – напачатку гэтага году, калі было мала рэсурсаў, і калі Расея падкінула нам вядомыя праблемы”, – заявіў Лукашэнка. І хаця з гэтых словаў нібыта вынікала, што самы рызыкоўны этап беларусы, дзякуючы кіраўніцтву, перажылі, Лукашэнка дадаў: “калі мы будзем прадаваць менш тавараў, чым увозіць у краіну, то раней ці пазьней у нас адбудзецца абвал”.

Я ведаю, што беларускія чыноўнікі вельмі хваравіта ставяцца, калі журналісты ці экспэрты гавораць пра магчымы дэфолт. Адразу ж у адказ пачынаюцца размовы пра адсутнасьць патрыятызму, пра правакацыі і г.д. І пэўную рацыю тут чыноўнікі маюць. Маюць таму, што любы фінансавы крах мае апроч іншага і псыхалягічныя падмуркі, тут працуе мадэль прароцтва, якое спрыяе сваёй рэалізацыі. Калі мільёны людзей павераць, што банкаўская сыстэма абрынаецца ці вось вось абрынецца і кінуцца здымаць уклады, то яна сапраўды абрынецца. А тут сам кіраўнік дзяржавы, гарант Канстытуцыі, фінансавай сыстэмы і ўсяго астатняга прамаўляе гэтае слова. Чаму?”

Шарамет: “Заява Лукашэнкі пра дэфолт тлумачыцца няправільнай тэрміналёгіяй беларускага прэзыдэнта. Ён адчувае, што павінна адбыцца нешта непрыемнае, але няправільна гэта апісвае. Ніякага дэфолту ў Беларусі ня можа быць, бо дэфолт – гэта няздольнасьць дзяржавы выконваць свае фінансавыя абавязацельствы па пазыках на зьнешнім ці ўнутраным рынку. Беларусь не пускала ніякіх каштоўных папераў, у якія б укладалі грошы замежныя інвэстары ці беларускія грамадзяне. Так што дэфолту ня будзе. Што магчыма, дык гэта дэвальвацыя, прычым абвальная дэвальвацыя беларускага рубля, які застыў ужо на адным узроўні ўжо працяглы час. І шмат у чым гэтыя стабільнасьць – штучная.
“Лукашэнка рыхтуе насельніцтва да таго, што ягоныя абяцаньні зрабіць заробак у 500-600 даляраў невыканальныя”.
Эканамічная сытуацыя апошніх двух гадоў не спрыяла таму, каб беларускі рубель умацоўваўся. Лукашэнка, пазбавіўшыся значнай часткі даходаў ад перапродажу нафты, Лукашэнка, які рыхтуецца да прыватызацыі сваіх прадпрыемстваў, каб атрымаць нейкія грошы (а на мой погляд гэтыя грошы можна атрымаць толькі ад Расеі), Лукашэнка, які зараз хоча ўзяць вялікі крэдыт у расейскай дзяржавы – такі Лукашэнка рыхтуе насельніцтва да таго, што ягоныя сацыяльныя абавязацельствы, ягоныя абяцаньні зрабіць заробак у 500-600 даляраў невыканальныя. Ён рыхтуе ідэалягічную базу для распродажу нацыянальнай уласнасьці, тое, супраць чаго ён заўсёды выступаў.

Але ўнутрана ён гэтага баіцца і ня хоча гэтага рабіць. Гэта тое, пра што я казаў – сыстэма страціла элястычнасьць. Калі захоўваць цяперашняе эканамічнае кіраваньне, то абвал праз пэўны час непазьбежны. Калі ж пачынаць лібэралізацыю ў лукашэнкаўскім варыянце і распрадаваць нейкія кавалкі дзяржаўнай уласнасьці, скажам, расейцам, ці браць крэдыты, разьлічваючы іх потым не вяртаць – гэта таксама выкліча сацыяльную напружанасьць і ціск з боку гэтых інвэстараў.

І вось ён сядзіць і думае, што ж яму рабіць і што ж яму казаць. Адсюль гэтыя супярэчлівыя заявы і дзіўныя дзеяньні”.

“Я ня веру ў палацавы пераварот у чыстым выглядзе”

Дракахруст : “Яшчэ раз вернемся да фармулёўкі Лукашэнкі “Самае страшнае –гэта не апазыцыя”. А ці наагул яна страшная для ўлады, гледзячы па яе цяперашнім стане? І ці не перасьцерагаецца ўлада, што і ў сытуацыі крызысу рэй супраць улады будуць весьці яе ўласныя фракцыі, людзі кшталту Бароўскага, Дамашкевіча, Сямашкі, Сідорскага?”

Шарамет: “Сытуацыя вельмі складаная. Аналізаваць і тым больш прагназаваць будучыя падзеі – справа няўдзячная. Мне здаецца, што беларуская рэвалюцыя будзе праходзіць у два этапы.

Я ня веру ў палацавы пераварот у Беларусі ў чыстым выглядзе, бо сілавыя структуры настолькі прасякнулі сабой усе сфэры жыцьця, яны настолькі жорстка падпарадкаваныя волі Лукашэнкі, што ніводны намэнклятуршчык ня здолее ўтрымацца і некалькіх сутак, калі ён пяройдзе ў стан рэальнай змовы. Таму штуршок да рэвалюцыі будзе дадзены праз вуліцу. Цяперашняя эліта, якая хоча зьмены Лукашэнкі, будзе выкарыстоўваць апазыцыю – гэтую маргінальную вулічную апазыцыю як таран для зьмены ўлады.
“Штуршок да рэвалюцыі будзе дадзены праз вуліцу. Цяперашняя эліта, якая хоча зьмены Лукашэнкі, будзе выкарыстоўваць апазыцыю як таран для зьмены ўлады”.
А ўжо на другім этапе зразумела, што ані Мілінкевіч, ані Лябедзька, ані тым больш Вячорка – ніхто зь іх не атрымае гэтай улады. Яна ізноў апынецца ў руках тых клясычных беларускіх клянаў, якія кіравалі краінай усе гэтыя гады.

Наколькі эфэктыўным будзе гэты таран, як будзе паводзіць сябе вулічная апазыцыя – гэта шмат у чым залежыць ад далейшай хады гэтага крызісу. Ці атрымаецца пераадолець гэты крызіс унутры беларускай апазыцыі, ці зьявіцца новая асоба замест Мілінкевіча, ці Мілінкевіч сам зьменіцца – тут вельмі шмат фактараў і складана нешта прагназаваць”.
XS
SM
MD
LG