Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: міжнародная канфэрэнцыя на тэму злачынстваў камунізму


Галіна Абакунчык, Менск “Камунізм – на міжнародны трыбунал” – так называецца міжнародная канфэрэнцыя, якая сёньня адбылася ў Менску паводле ініцыятывы Аргкамітэту Літвы, створанага ў Вільні ў 2000 годзе падчас грамадзкага трыбуналу над камунізмам. Удзел у ім прынялі гісторыкі, навукоўцы і дасьледчыкі гісторыі палітрэпрэсіяў зь Беларусі і замежжа.

Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, навуковец Ігар Кузьняцоў ва ўступным слове сказаў:

“Сымбалічна тое, што 12 чэрвеня ў Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адкрыў помнік ахвярам камунізму. У прыватнасьці, ён параўнаў камунізм з тэрарызмам і радыкалізмам. Можна адназначна з гэтым пагадзіцца: злачынствы камунізму зьнішчылі больш за сто мільёнаў чалавек у сьвеце. Гэта больш, чым злачынствы фашызму”.

На абмеркаваньне былі прапанаваныя каля дзесяці дакладаў, зь якімі выступілі Уладзімер Конан, Якаў Басін, Леанід Лыч і іншыя. Слова браў таксама навуковец з Нацыянальнага Інстытуту Польшчы Яцэк Паўловіч, які паведаміў, што Польшча ў гэтым кірунку пайшла шмат далей:

“Мы стараемся паказаць польскаму грамадзтву, моладзі – чым быў камунізм. Мы робім гэта праз выставы, праз кнігі, якія выдаем, праз лекцыі. Бо трэба пазнаць праўду, падобна, як у Польшчы, так і тут у Беларусі, на гэтай канфэрэнцыі”.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі былі таксама дзеці і ўнукі палітрэпрэсаваных – Зінаіда Тарасевіч, Леанід Маракоў, прадстаўнікі іншых гарадоў краіны. Адзін зь іх, Юры Пазьняк з Бабруйску, пра свой удзел сказаў так:

“Такія канфэрэнцыі – гэта першаснае зьвяно волі народа. А каб яна зьдзяйсьнялася – трэба абмяркоўваць і думаць. І абмеркаваньне памылак мінулага ліквідуе такія памылкі ў будучыні”.

Удзельнікі Міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай злачынствам камунізму, Менск, 15 чэрвеня 2007 г.
Удзельнікі канфэрэнцыі

Міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная злачынствам камунізму, Менск, 15 чэрвеня 2007 г., Уладзімер Конан
Выступае Ўладзімер Конан

Міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная злачынствам камунізму, Менск, 15 чэрвеня 2007 г., кнігі Валерыя Маракова
Кнігі Валерыя Маракова

“Ідэя і задача канфэрэнцыі – барацьба зь бяспамяцтвам”

Падчас канфэрэнцыі адбылася прэзэнтацыя кнігі Ігара Кузьняцова “Засакрэчаная трагедыя савецкай гісторыі”, якая выйшла ў Расеі накладам 5 тысяч асобнікаў, а таксама тры выпускі зборніка “Рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў Беларусі”. 200 асобнікаў выданьня надрукаваныя на сродкі аўтараў-дасьледчыкаў. Менавіта навуковае дасьледаваньне тэмы злачынстваў камуністычнага рэжыму ў Беларусі, а таксама пашырэньне гэтай інфармацыі ў грамадзтве і было галоўнай задачай канфэрэнцыі, падсумаваў яе вынікі адзін з арганізатараў, пісьменьнік Васіль Якавенка:

“Тэндэнцыя ў дзяржаве такая, каб усё замоўчваць, каб зусім гэтага ў памяці не было. А ідэя і задача канфэрэнцыі – барацьба з гэтым бяспамяцтвам. Камуністычны рэжым за зьдзейсьненыя злачынствы – да міжнароднага суду”.

Міжнародныя канфэрэнцыі аб злачынствах камунізму адбудуцца 16 чэрвеня ў 20 краінах Эўропы адначасна. У Беларусі – на дзень раней, бо навуковая імпрэза рыхтавалася выключна сіламі грамадзкасьці, і памяшканьне ўдалося знайсьці толькі на гэты дзень у сядзібе Партыі БНФ.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ахвярамі сталінскай палітыкі рэпрэсіяў сталі 600 тысяч жыхароў Беларусі. Аднак незалежныя дасьледчыкі заяўляюць, што ад карнай сыстэмы наўпрост пацярпелі больш за мільён чалавек, не ўлічваючы іхныя сем’і.


"Камунізм -- на міжнародны трыбунал” – заклікаюць беларускія гісторыкі 15.05.2007 А.Класкоўскі. Вечнае беларускае пытаньне на краі курапацкай ямы "Наша Ніва", 15.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG