Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску камэнтуюць рашэньне прэзыдэнта ЗША аб падаўжэньні санкцый?


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падоўжыў надзвычайнае становішча па блякаваньні ўласнасьці кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і іншых асобаў, вінаватых у падрыве дэмакратычных працэсаў і інстытутаў у Беларусі. Як рэагуюць у Менску на падаўжэньне фінансавых санкцый, высьвятляў наш карэспандэнт.

Прэсавы сакратар беларускага міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў адносна гэтага рашэньня прэзыдэнта ЗША заявіў:

“Мы ўжо выказваліся неаднойчы па гэтым пытаньні. І сёньняшняя сытуацыя нічога новага не дадае, таму падрабязна гэта камэнтаваць мы ня бачым ніякага сэнсу”.

Паводле прадстаўніка МЗС Беларусі, “нічога не мяняецца”. Адносна беларуска-амэрыканскіх стасункаў ён сказаў:

“Мы за пабудову ўзаемапаважлівых, прагматычных стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША. Мы таксама гэта неаднойчы падкрэсьлівалі”.

В.Папоў: “Гэта ня зробіць ніякага ўплыву на сытуацыю ўнутры дзяржавы”

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Вадзім Папоў заявіў:

“Прэзыдэнт Лукашэнка даў камэнтар: калі яго рахункі знойдзены ў ЗША, ён іх дорыць спадару Бушу. Што тут ня ясна? Цягам году не знайшлі ніякіх рахункаў, няхай яшчэ год шукаюць. Гэта ня зробіць ніякага ўплыву на сытуацыю ўнутры дзяржавы”.

Паводле старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў, захады ЗША ніяк не адаб''юцца на міжнародным іміджы Беларусі.

М.Статкевіч: “Гэта найперш маральная падтрымка”

Паводле старшыні цэнтру “Стратэгія”, эканаміста Леаніда Заікі, усе карупцыянэры сьвету працуюць з далярам:

“Тут Буш зусім ня будзе займацца маралізатарствам і перад усім сьветам трэсьці купюрамі грошай палітыкаў на постсавецкай прасторы. Гэта адносіцца да вялікай колькасьці палітыкаў, гэта ня толькі беларуская праблема. А калі рэальна амэрыканскія спэцыялісты, спэцслужбы заблякуюць такія рахункі альбо прывядуць у стан панікі людзей, якія імі кіруюць, тады гэта сур''ёзна. Тады можна ісьці на зьдзелку. Тады вы самі патэлефануеце ў Белы дом і скажаце: “Я гатовы саступіць вашым патрабаваньням”.

Паводле аднаго зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча, найперш у дзеяньнях амэрыканага прэзыдэнта ёсьць маральны сэнс:

“Гэта найперш маральная падтрымка тым, хто змагаецца за дэмакратыю ў нашай краіне. Гэта сыгнал нам, вы на правільным баку. А тыя, хто перасьледуе вас, робяць няправільна, не маральна. Такая маральная падтрымка дазваляе трымацца. Я думаю, што гэта найперш маральная падтрымка апазыцыі”.

Дж.Буш: санкцыі выкліканыя “надзвычайнай пагрозай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША”

16 чэрвеня 2006 года Джордж Буш згодна з Актам аб эканамічных паўнамоцтвах у выпадку надзвычайнай міжнароднай сытуацыі, выдаў выканаўчую пастанову №13405. Ён загадаў прыняць адпаведныя меры па блякаваньні ўласнасьці некаторых асобаў, вінаватых ў падрыве дэмакратычных працэсаў і інстытутаў у Беларусі.

“Гэты крок я зрабіў у сувязі з існуючай надзвычайнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША, якая ўзьнікла ў выніку дзеяньняў і палітычнага курсу некаторых прадстаўнікоў беларускага ўрада, а таксама іншых асобаў, вінаватых у падрыве дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэньні правоў чалавека, палітычных рэпрэсіях, затрыманьнях, выпадках зьнікненьня людзей, а таксама замешаных ў карупцыі з-за выкарыстаньня не па прызначэньні грамадзкіх сродкаў і злоўжываньня сваёй ўладай”, — заявіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш.

“Паколькі гэтыя дзеяньні і палітыка па-ранейшаму ўяўляюць сабой надзвычайную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША, абвешчанае 16 чэрвеня 2006 года надзвычайнае становішча і меры, прынятыя згодна з гэтай працэдурай, павінны быць падоўжаныя пасьля 16 чэрвеня 2007 года”.

Прэзыдэнт ЗША яшчэ на год падоўжыў санкцыі супраць А.Лукашэнкі 14.06.2007
XS
SM
MD
LG