Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія каталіцкія біскупы сустрэліся зь мітрапалітам Філарэтам


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску працягваецца 35-я сустрэча генэральных сакратароў Канфэрэнцыяў каталіцкіх біскупаў Эўропы. Сёньня прадстаўнікі Англіі, Партугаліі, Італіі, Беларусі й Рады эпіскапскіх канфэрэнцыяў Эўропы правялі прэсавую канфэрэнцыю.

На менскі форум прыехалі прадстаўнікі 34 краінаў Эўропы. Асноўная тэма сустрэчы “Міграцыя – выклік для Эўропы”. Але у праграме таксама адносіны паміж хрысьціянамі і мусульманамі ў Эўропе. Праблемы экумэнізму і тэмы эўрапейскай уніфікацыі праз 50 гадоў пасьля падпісаньня Рымскай дамовы аб стварэньні эўрапейскай супольнасьці.

Гаворыць генэральны сакратар Рады эпіскапскіх канфэрэнцыяў Эўропы ксёндз Альда Джардана:

Джардана: “Наша задача наладзіць добрае супрацоўніцтва паміж канфэрэнцыямі каталіцкіх біскупаў Эўропы. А таксама наладжваць супрацоўніцтва з праваслаўнай і пратэстанцкімі канфэсіямі. Каб быў дыялёг паміж рэлігіямі ў Эўропе. І наладжваць зносіны з іншымі рэгіёнамі. Мы вельмі зацікаўленыя, каб было адзінства паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай. Таму гэтая сустрэча ў Менску мае для нас вялікае значэньне, каб стварыць еднасьць культураў Захаду й Усходу Эўропы”.

Удзельнікі сустрэчы гавораць, што ёсьць праблемы аднолькавыя для эпіскапатаў усіх краінаў Эўропы. Гэта сэкулярызацыя грамадзтва, праблемы сям’і, адносіны царквы і дзяржавы.

У Менск эўрапейскія біскупы прыехалі не на знак нейкай асаблівай заслугі Каталіцкай царквы ў Беларусі. Проста яны лічаць Беларусь і яе царкву неад’емнай часткай агульнаэўрапейскай хрысьціянскай супольнасьці і маюць добрыя стасункі з беларускім эпіскапатам.

Сёньня ж адбылася сустрэча эўрапейскіх каталіцкіх біскупаў з кіраўніком Праваслаўнай царквы ў Беларусі экзархам Філарэтам. Гаворыць генэральны сакратар Рады эпіскапскіх канфэрэнцыяў Эўропы Альда Джардана:

“Нашая традыцыя, калі мы прыяжджаем у нейкую краіну, то сустракаемся з высокімі прадстаўнікамі іншых вызнаньняў, асабліва тых, што дамінуюць у той краіне. Мы чулі і бачым, што сапраўды ёсьць добрыя адносіны паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі ў Беларусі. Мы маем шмат цікавых і сумесных тэмаў з Праваслаўнай царквой. Найперш мы падзяляем фундамэнтальныя тэмы нашай веры. А таксама тэмы эўрапейскіх вартасьцяў, каштоўнасьцяў сям’і.”.

Сёньня прадстаўнікі эпіскапатаў эўрапейскіх краінаў будуць служыць у дзявяці менскіх парафіях. 17 чэрвеня яны наведаюць Нясьвіж, Мір, Івянец, Наваградак і будуць мець экскурсію па Менску.

У Менску сабраліся біскупы з 34 краінаў Эўропы 14.06.2007
XS
SM
MD
LG