Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоў: кіраўнік раённай суполкі партыі БНФ чакае абвінавачваньня


Радыё Свабода Затрыманаму ўчора ў Шклове кіраўніку раённай суполкі партыі БНФ Аляксандру Фёдараву цягам трох дзён павінны прад’явіць абвінавачаньне. Падставай для затрыманьня актывіста сталася тое, што ён нібыта парушыў працэдуру налічэньня заробку. Бліжэйшыя двое сутак ён правядзе ў шклоўскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Як паведаміў адвакат Аляксандра Фёдарава, на распараджэньне пракурора Шклоўскага раёну Ігара Сьніткова на актывіста заведзена крымінальная справа. Яе вядзе сьледчы Юры Раманаў. Калі абвінавачаньне будзе даказана, Аляксандру Фёдараву пагражае ад 3 да 10 гадоў няволі з канфіскацыяй маёмасьці.

Ноч Аляксандар Фёдараў правёў у шпіталі. У ізалятары ў яго здарыўся сардэчны прыступ.

Пра падзеі, зьвязаныя з затрыманьнем Аляксандра Фёдарава, апавёў “Свабодзе” кіраўнік магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Ён патэлефанаваў каля 21 гадзіны і пасьпеў распавесьці, што яго затрымалі у 14.20, і што інкрымінуюць атрыманьне заробку за “мёртвую душу”. Ён пасьпеў сказаць, што гэтага не было, гэта правакацыя пракурора Шклоўскага раёну. А 19-й гадзіне міліцыянты прыйшлі да яго на кватэру і зрабілі ператрус. Нічога такога крымінальнага ў яго не знайшлі. Забралі некаторыя паперкі, што знайшлі. Што гэта за паперкі – таксама невядома”.

Аляксандар Фёдараў – актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе яго ўжо арыштоўвалі на загад пракурора, але неўзабаве вызвалілі.

Аляксандар Фёдараў працуе майстрам кацельных Шклоўскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Яму сорак дзевяць гадоў.


У Шклове затрыманы кіраўнік раённай суполкі партыі БНФ 14.06.2007
XS
SM
MD
LG